Активисты Копыльской РО Белорусского Общества Красного Креста отметили День волонтера

Актуально Общество

Актывісты Капыльскай раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа адзначылі Дзень валанцёра.

Старшыня раённай аргані-зацыі БТЧК расказала ўсім прысутным аб дзейнасці міжнароднай арганізацыі, аб мэтах і задачах, якія яна ставіць, аб развіцці валанцёрскага руху. Гасцям сустрэчы было цікава даведацца аб тым, што ў раёне валанцёрства распачыналася ў гімназіі № 1 г. Капыля. Зараз жа 92 неабыякавыя чалавекі аб’яднаны ў шэсць атрадаў і адну ініцыятыўную групу.

— Часцінку сваёй душы аддаюць тым, хто мае ў гэтым патрэбу, прадстаўнікі старэйшага пакалення, якія працуюць у групе «Дабрадзеі», — падкрэсліла Ніна Жук. — У асноўным моладзь  аб’яднана ў атрады і прадстаўляе пэўныя навучальныя ўстановы: «Мы разам» (Капыльскі дзяржаўны каледж), «Добрыя сэрцы» (Лясноўская СШ), «Данка» (Цімкавіцкая СШ), «Клопат» (Слабадакучынская СШ), «Імпульс» (гімназія № 1 г. Капыля) і «Міласэрнасць» (Капыльская ЦРБ).

■ Падзяку атрымлівае валанцёр Галіна Хабінская

— Уся работа арганізацыі Чырвонага Крыжа ляжыць на плячах Ніны Паўлаўны Жук, з яе прыходам яна значна актывізавалася і развіваецца кожны год, — адзначыла начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Ірына Абас. — Але ёй значна дапамагаюць валанцёры, якія падтрымліваюць людзей, што маюць патрэбу ў дапамозе, спачуваюць ім і адыгрываюць не апошнюю ролю ў іх лёсе. Вельмі прыемна, што ў нашым раёне назіраецца пераемнасць пакаленняў у валанцёрскім руху: побач са старэйшымі працуюць і зусім юныя — школьнікі, якія вучацца ў іх рабіць дабро.

■ Кіраўнік групы «Дабрадзеі» Валянціна Зарамбоўская (у цэнтры) дзеліцца сваімі справамі

— Нягледзячы на тое, што пажылыя валанцёры і самі ўжо даўно на заслужаным адпачынку, яны стараюцца дапамагаць у першую чаргу людзям сталага ўзросту, — расказала кіраўнік ініцыятыўнай групы «Дабрадзеі» Валянціна Зарамбоўская. — Яны дапамагаюць па гаспадарцы, набываюць у аптэцы лекі, прыбіраюць, аказваюць псіхалагічную дапамогу, выконваюць простыя медыцынскія працэдуры. Валанцёры віншуюць сваіх падапечных са святамі, дораць сувеніры, арганізоўваюць канцэрты. Стараюцца як мага часцей наведвацца ў бальніцу сястрынскага догляду, што ў Бабоўні, каб падзяліцца цеплынёй сваіх сэрцаў.

Прадстаўнікамі навучальных устаноў з Цімкавіч, Слабада-Кучынкі і Ляснога былі прадэманстраваны мультымедыйныя прэзентацыі з фотаздымкамі, на якіх былі адлюстраваны добрыя справы валанцёраў, іх догляд за ветэранамі вайны і працы, уборка тэрыторый мемарыялаў, магіл і воінскіх пахаванняў, пасадка сквераў і алей, заняткі з малодшымі школьнікамі і многае іншае.

■ Ніна Жук і Ірына Абас з валанцёрамі-школьнікамі

За распаўсюджванне ведаў аб асноўных прынцыпах руху Чырвонага Крыжа, за актыўны ўдзел у валанцёрскім руху Капыльскай раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа шэрагу ўдзельнікаў сустрэчы былі аб’яўлены падзякі, уручаны памятныя падарункі, некаторыя атрымалі пасведчанні валанцёраў.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *