Музей имени И.С. Трацевского ГУО «Слободокучинская средняя школа» отмечает 35-летний юбилей

75-летие освобождения Беларуси Актуально Общество

Музей імя І.С. Трацэўскага ДУА «Слабадакучынская сярэдняя школа» сёлета адзначае 35-гадовы юбілей, служыць справе грамадзянска-патрыятычнага выхавання.

Гэта быў першы музей, створаны ва ўстанове адукацыі Капыльскага раёна.  Яшчэ ў пачатку 1980-х гадоў вучні і настаўнікі, мясцовыя жыхары пачалі збіраць экспанаты для музея гісторыка-краязнаўчага напрамку. Святочную стужку на адкрыцці перарэзалі Аляксандр Кандыбовіч – былы сакратар Капыльскага падпольнага райкама ЛКСМБ – і Марыя Арцюшэўская – сакратар парткама саўгаса «Крыніца».

■ У школьным музеі Барыс Дзенісюк (у цэнтры) з навучэнцамі Слабадакучынскай СШ

З 1984 года музей размяшчаўся ў асобным будынку і межаваўся са школьнай сталоўкай. Значны ўклад у яго стварэнне ўнёс настаўнік гісторыі Рыгор Несцерчык, які зараз жыве ў вёсцы Лешня. Гэта ён правёў першую экскурсію. Афармленнем экспазіцый займаліся самабытны мастак Аляксандр Канавальчык і дырэктар школы Мікалай Іваноў. Прадоўжыла пошукавую дзейнасць Валянціна Кандыбовіч (цяпер дырэктар школы), якая адной з першых на Капыльшчыне стварыла летапіс школы.

Пасля будаўніцтва новай школы (люты 1994-га) музей перанеслі ў невялічкі пакойчык плошчай у 12 квадратных метраў, а затым у прасторнае памяшканне ў 48 квадратных метраў. Экспазіцыя і архіўныя матэрыялы адлюстроўваюць гісторыю в. Слабада-Кучынка з 1707 года. Асабліва выдатна даследаваны перыяд Вялікай Айчыннай вайны. На аснове здымкаў, звестак  паказана гісторыя развіцця адукацыі з 1907 года, пачатак калектывізацыі з 1930 года, дзейнасць камсамольскай арганізацыі з 1924 года.

Гонар музея – каменныя сякеры ІІ тысячагоддзя да н.э., закамянелыя ракавіны малюскаў, бязмен ХІХ ст. У музеі захоўваюцца звыш 500 унікальных экспанатаў. Сярод іх кіцель савецкага дэсантніка, камсамольскі білет першага дэсантніка СССР Шэйна У. Л. – удзельніка Сталінградскай бітвы і бітвы за Каўказ. Асабістыя дакументы і рэчы Арцюшэўскай М.І. – сакратара парткама (узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга), Змачынскага В.Ю. – ветэрана вайны, які  пад Будапештам у лютым 1945 года абясшкодзіў 210 мін і быў узнагаро-джаны медалём «За баявыя заслугі», узнагароды ветэрана вайны Гапонава В.П. Значнай каштоўнасцю з’яўляецца ікона Божай Маці, вытканая народным творцам Марынай Дубовік (Понтус), выпускніцай школы 1980 года. Марына Уладзіміраўна зрабіла гэты падарунак на 100-годдзе школы.

У 2005 годзе, напярэдадні 60-го-ддзя Перамогі, музею прысвоена імя былога дырэктара школы Трацэўскага І.С. Іван Сцяпанавіч – выпускнік школы 1937 года, прайшоў усю вайну з першага да апошняга дня: абарона Масквы, Курская бітва, вызваленне Украіны, Аўстрыі, Чэхаславакіі. Перамогу сустрэў у Вене. Сімвалічна, што ён быў паранены 1 верасня 1941 года. І ў той дзень даў сабе клятву: «Выжыву – стану настаўнікам!» Побач на стэндзе – здымак яго жонкі Любецкай Л.І., якая ўдастоена ганаровых званняў «Выдатнік народнай асветы», «Заслужаны настаўнік БССР». Яе імя назаўсёды ўнесена ў Беларускую энцыклапедыю. Прысваенне музею ганаровага імя пашырыла магчымасці патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення.

Стэнд «Адам Бабарэка – крытык, празаік, паэт» паказвае гісторыю жыцця знакамітага песняра Бацькаўшчыны, які стаяў ля вытокаў беларускай крытычнай думкі, аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша». У 1999 го-дзе на 100-годдзе паэта музей наведалі яго дачка Алеся Бабарэка і дэлегацыя Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Многія выпускнікі школы, якія займаліся ў школьным музеі, знайшлі сваё месца і ўпэўнена крочаць па жыцці: Наталля Коршук – рубінавы дырэктар кампаніі «Фаберлік», Алеся Козіч і Таццяна Дзенісюк – перакладчыкі-рэферэнты, Віктар Трыгубовіч – інжынер-канструктар. Атрымалі адукацыю і вярнуліся працаваць настаўнікамі на Капыльшчыну  Анастасія Васілевіч і Святлана Кунцэвіч, медыкам – Аліна Дубовік. Наталля Леус (праводзіла экскурсіі на англійскай мове), Вольга Рыбак, Ульяна Кунцэвіч, Яна Коршук і Хрысціна Францкевіч, якія выдатна бралі інтэрв’ю, запісвалі цікавы краязнаўчы матэрыял, сёння з’ўляюцца студэнтамі ВНУ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў краіны. Кацярына Рубкевіч станавілася пераможцай рэспубліканскага конкурсу па айчыннай гісторыі, падрыхтаваўшы ўспаміны свайго дзеда-франтавіка, Вікторыя Коршук выдатна пісала вершы і сцэнарыі для школьных мерапрыемстваў.

У Год малой радзімы калектыў музея актывізаваў навукова-даследчую дзейнасць. Гістарычныя даведкі і артыкулы друкуюцца ў часопісах «Бібліятэчны свет» і «Образование Минщины», газетах «Слава працы», «Да новых перамог»,  «СБ. Беларусь сегодня», «На страже», матэрыялы ўключаны ў зборнік навуковых артыкулаў «Капыль: гісторыя горада і рэгіёну». З’явіліся ўласныя праекты выданняў: буклеты «Знакамітыя выпускнікі», «Воіны-інтэрнацыяналісты». Дзякуючы пошукавай дзейнасці і публікацыям любімай раёнкі адкрываюцца новыя і цікавыя старонкі  гісторыі роднага краю. Устаноўлены імёны загінуўшых воінаў і партызан (Дзясятава Фёдара  і Татура Віктара), магілы якіх наведалі родныя з Пскова і Старых Дарог. Прадстаўнікамі Консульства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь уручаны пасведчанні аб узнагароджанні (медалі «За адвагу» і «За баявыя заслугі») родным франтавікоў нашым землякам з Астраўца (Расціславу Герту) і Бабруйска (Мікалаю Юшкевічу).

■ Унікальныя экспанаты музея

Дзейнасць музея не абмяжоўваецца толькі зборам і захоўваннем экспанатаў былых эпох, вывучае не толькі мінулае, ён упэўнена накіраваны ў будучыню. Унікальная магчымасць спалучэння ў сабе навукова-даследчых, культурна-асветніцкіх і забаўляльных функцый вызначае змест і перспектыўныя формы працы   краязнаўчага музея.

З мэтай папулярызацыі творчасці песняроў бацькаўшчыны праводзяцца літаратурныя гасціныя. Кожны год выступаюць у музеі самабытныя паэты Капыльшчыны Ядвіга Малевіч і Мікалай Майсюк, вершы якіх вучні чытаюць на школьных мерапрыемствах. Дарэчы, радкі з верша «Дзіцячыя слёзы» Мікалая Пятровіча выбіты на помніку спаленым дзецям Роспаў, а Ядвіга Генрыхаўна напісала верш «Шумеў трывожна лаўскі лес» да адкрыцця помніка юнаму партызану Уладзіміру Качаноўскаму.  Пабывалі ў музеі члены саюза пісьменнікаў Алесь Марціновіч і Галіна Падвойская, док-тар мастацтвазнаўства Надзея Высоцкая, генерал-лейтэнант у адстаўцы Яўген Мікульчык. Работа калектыву школы па патрыятычным выхаванні адзначана граматай прафсаюза «За духоўнае адраджэнне», Дыпломам галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама за рэалізацыю педагагічнага праекта.

З кожным годам павялічваецца колькасць наведвальнікаў, расце цікавасць да гісторыі роднага краю, сваёй малой радзімы. Запамінальна і змястоўна  ў мінулым годзе прайшла сустрэча выпускнікоў 1968 года, сярод якіх былі заслужаныя настаўнікі Рэспублікі Беларусь і Расіі – Надзея Караленка і Валянціна Хохалева.

Цеснае шматгадовае супрацоў-ніцтва звязвае педагогаў і навучэнцаў школы з Беларускім саюзам афіцэраў. Намеснік старшыні рэспубліканскага Савета палкоўнік у адстаўцы Васіль  Скрыннікаў і старшыня РАС ДТСААФ маёр запасу Аляксандр Касінскі ўдзельнічаюць у правядзенні Урокаў мужнасці, у Вахтах памяці, сустрэчах з ветэранамі вайны і працы, воінамі-інтэрнацыяналістамі. Сёлетні год – 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Актыўны ўдзел прынялі ў рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае», прайшлі здымкі на тэлебачанні – канал СТБ. Члены музейнай групы Вольга Францкевіч, Мікіта Коршук, Аляксандр Пратасевіч, Вікторыя Лазюк, Мілана Баркоўская ўдзельнічаюць у штогадовых акцыях «Абеліск» па доглядзе за брацкімі магіламі. У ліпені  сустракалі велапрабег курсантаў Ваеннай акадэміі. Прадаўжаецца плённае супрацоўніцтва з раённай газетай «Слава працы».  Вядучыя экскурсаводы музея Паліна Пратасевіч і Марыя Дашкевіч  удзельнічалі ў ХХІІІ Міжнароднай спецыялізаванай выставе «СМІ ў Беларусі», дзе прадставілі «музей у чамадане», расказалі пра пісьмы з фронту.

Разам са Слабадакучынскай бібліятэкай-клубам (загадчык Валян-ціна Барташэвіч) арганізуюцца тэматычныя выставы, конкурсы. Ва ўсіх пачынаннях нас падтрымліваюць прадстаўнікі мясцовай ветэранскай арганізацыі Святлана Астрэйка, Аляксандр Кандыбовіч, Зоя Салановіч.

Да юбілею музея адкрыты новыя стэнды «Знакамітыя выпускнікі» і «Нашы настаўнікі», персанальная выстава спартыўных дасягненняў Кірыла і Данііла Кандыбовічаў. Дзейнічаюць клуб «Патрыёты Радзімы» і рэсурсны цэнтр вуснагістарычных даследаванняў. Першыя ў жыцці экскурсіі правялі Валянціна Казырыцкая і Лізавета Бурдзейка. Ветэран прафсаюзнага руху краіны Ганна Трацэўская, якая наведала ўстанову адукацыі, падзякавала школьнікам і настаўнікам за беражлівыя адносіны да народнай памяці і высока ацаніла праведзеную работу.

Мы вельмі спадзяёмся, што наш музей унясе свой уклад у патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, бо любоў да Радзімы пачынаецца з малога, з гонару за свой край, за людзей, якія ўнеслі ўклад у яго развіццё і росквіт.

Барыс Дзенісюк,

член ГА «Беларускі саюз журналістаў»

Фота Таццяны БОХАН



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *