В районном центре ткачества в агрогородке Семежево состоялся областной семинар-практикум

Актуально Культура

Вучыцца ткацтву ў Семежава прыязджаюць з усіх рэгіёнаў Мінскай вобласці. І ўсе застаюцца ў захапленні ад майстэрства ўмельцаў раённага цэнтра ткацтва

Вось і на гэты раз у рамках абласной школы майстэрства ў раённым цэнтры ткацтва зноў ладзіўся семінар-практыкум, і ўжо па ткацтве пояса на кроснах.

■ Майстар-клас вядзе Таццяна Волкава (у цэнтры)

У ім прынялі ўдзел дырэктары і метадысты раённых дамоў і цэнтраў рамёстваў, кіраўнікі гурткоў і студый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва са Слуцкага, Салігорскага, Дзяржынскага, Уздзенскага, Валожынскага раёнаў, а таксама выкладчык і навучэнцы з Цімкавіцкай дзіцячай школы мастацтваў.

Тэарэтычныя і практычныя заняткі праводзіла дырэктар раённага цэнтра ткацтва Таццяна Волкава. Дапамагалі ёй дырэктар раённага Цэнтра традыцыйнай культуры Галіна Гурло,  майстры-метадысты цэнтра ткацтва Ала Пакашаван, Наталля Сафронава і Вера Нікалаевіч. Дарэчы, Вера Васільеўна — народны майстар Беларусі.

Пазнаёміўшыся з кампазіцыйнымі асновамі тканых паясоў, паслядоўнасцю і тэхналагічнымі асаблівасцямі і авалодаўшы практычнымі прыёмамі ткацтва пояса на кроснах, удзельнікі адзначылі, што семінар выклікаў у іх вялікую цікавасць.

Вольга Хачкова, загадчыца аддзела традыцыйнага мастацтва Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці:

— Ёсць розныя тэхнікі ткацтва паясоў, характэрныя для Беларусі, але найбольш распаўсюджаныя – ткацтва на дошчачках, на бердзечку і на ткацкім станку. Вядома, ткацтва на кроснах больш складанае: станок трэба правільна прыстасаваць, выбраць патрэбныя ніткі і яшчэ ёсць мноства тонкасцей і нюансаў. Дык вось сакрэтамі майстэрства з культработнікамі дзялілася Таццяна Волкава. Сюды прыехалі зацікаўленыя людзі, выпадковых тут няма, бо асноўная задача такіх семінараў — навучыць, каб людзі прыехалі і падзяліліся перанятым вопытам на сваіх месцах. Увогуле, школа майстэрства ў вобласці дзейнічае ўжо амаль 20 гадоў. А вынікі плённай працы па зберажэнні народных рамёстваў мы бачым на нашых абласных і рэгіянальных мерапрыемствах.  І паверце, у нас іх шмат!

Наталля Матусевіч, дырэктар Квасыніцкага цэнтра рамёстваў, Слуцкі раён:

— Раённы цэнтр ткацтва наведала, калі ён упершыню адчыніў свае дзверы. Уражанні не менш яркія, чым былі тады. Хацелася б выказаць удзячнасць работнікам гэтай установы за іх цікавыя экспазіцыі і за тое, што столькі змаглі захаваць: менавіта традыцыйныя ручнікі, паясы, узоры. Асаблівая падзяка — за пашану да працы ткачыхі. Відаць, што ў Семежаве з такой беражлівасцю ставяцца да даўніны, да нашага мінулага. Уражвае пераемнасць пакаленняў, вялікая праца маладых майстроў і тыя вырабы, якія ствараюцца цяпер у цэнтры. Яны менавіта прытрымліваюцца традыцыйнага мастацтва. Гэта вельмі каштоўна.

Таццяна БОХАН



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *