«Лоцвінскія ўдалухі» приняли участие в областном фестивале-ярмарке «Дожинки-2019» в Борисове

Актуально Культура

Кіраўнік аматарскага аб’яднання нацыянальнай кухні «Лоцвінскія ўдалухі» Галіна Дрожжа і яго ўдзельніца Валянціна Шыманская прынялі ўдзел у абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2019», які прайшоў у Барысаве.

Пах шматлікіх сялянскіх прысмакаў, характэрных для вёскі Лоцвіны і прыгатаваных з мясцовым каларытам нашымі ўдалухамі,  разлятаўся вакол і прыцягваў да сябе «дэгустатараў». Якой смакаты тут толькі не было! Апетытнымі пахамі вабілі залацістыя бліны з рознымі начынкамі: з морквай па-карэйску, сырам і вяндлінай, курай, абсмажанымі грыбамі, цыбуляй і морквай, тварагом з разынкамі і інш. Прадставілі таксама  характэрныя для беларусаў мясныя прысмакі – свойская каўбаса «пальцам пханая», сушаная паляндвіца і мясны рулет. Дарэчы, адным з самых запатрабаваных пачастункаў нашых удалух стала салёнае сала, якое падавалася з зялёнымі марынаванымі памідорамі і часнаком. На «ўра» ішла і свежая агародніна. Даспадобы таксама прыйшліся мучныя вырабы: шышачкі, арэшкі, трубачкі, грыбочкі, шарлотка.

■ «Лоцвінскія ўдалухі» Галіна Дрожжа і Валянціна Шыманская з «вясёлымі» хлопцамі — Віктарам Ганчаром, Уладзімірам Дрожжам і Станіславам Цвіркам

Паколькі «Лоцвінскія ўдалухі» ўсё робяць з адкрытай шчырай душой, то асаблівы каларыт на падворку нашага раёна наведвальнікам надавалі вясёлыя песні ў выкананні Станіслава Цвіркі, Уладзіміра Дрожжы і Віктара Ганчара.

Сакрэтамі прыгатавання лоцвінскай ежы з чытачамі «Слава працы» дзеліцца Валянціна ШЫМАНСКАЯ.

Бліны з сырам і мясам

Пякуцца тоненькія блінчыкі. На 0,5 літра малака спатрэбіцца: 350 г мукі, дробка солі і цукру, два яйкі.

Спосаб прыгатавання: яйкі крыху падсаліць і ўзбіць міксерам. Затым да цеста дадаць 1 ст. л. алею, усё перамяшаць і выпякаць бліны. Даць ім астыць, пасля чаго напоўніць начынкай. Для гэтага свежае мяса трэба адбіць, пасыпаць прыправамі і часнаком, пасля падсмажыць на патэльні або запячы ў духоўцы. Блінчыкі з тоненькімі палосачкамі сыру і мяса скруціць у канверцікі. Бліны падаюцца ў гарачым выглядзе, каб сыр расплавіўся.

Шарлотка

Інгрэдыенты: 7 яек, 2 шклянкі цукру, 2 шклянкі мукі. Яблыкі (пажадана антонаўка) пачысціць і нарэзаць кавалачкамі. Форму змазаць сметанковым маслам, выліць цеста, а зверху абкласці яблыкамі. Шарлотку ставім у духоўку, зверху трэба прыкрыць яе накрыўкай і выпякаць на павольным агні да поўнай гатоўнасці.

Салёнае сала

Сала скласці пластом у кубелец з соллю. Верх і бакі прыкрыць марляй (шкурку не трэба), затым прысыпаць вялікім слоем солі.

Таццяна БОХАН



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *