Блиц-опрос. Чего от выборов ждут копыляне?

Важное Выборы - 2019

Парламенцкія выбары, якія адбудуцца ў нашай краіне 17 лістапада, — важная палітычная кампанія, у якой мы прымем удзел. Чаго ад іх чакаюць чытачы нашай газеты?

Валянціна ТАРАСЮК, прадавец магазіна «Будаўнік» Капыльскага райспажыўтаварыства:

— Для мяне палітыка ўспрымаецца дабрабытам сваёй сям’і. Таму я чакаю ад парламента новых законаў па сацыяльнай падтрымцы сем’яў, маладога пакалення. Мне хочацца верыць, што будучыня нашых дзяцей і ўнукаў будзе надзейнай, абароненай. Хочацца жадаць, каб яны маглі рэалізаваць сябе ў выбранай прафесіі, каб іх праца была дастойна аплачана, каб яны маглі забяспечыць сабе дастойнае жыццё. Лічу, што дэпутат парламента павінен быць не кабінетным работнікам, а пастаянна знаходзіцца на сувязі з народам, інтарэсы якога ён прадстаўляе, і даносіць нашы патрэбы да парламента.

Жанна РАЕЎСКАЯ, загадчыца Скабінскага ФАПа:

—  Нароўні з іншымі грамадзянамі я заўсёды ўдзельнічаю ў грамадска-палітычным жыцці, у выбарах, якія вызначаюць далейшы лёс краіны. Галоўнае, што павінна аб’ядноўваць тых, хто балаціруецца ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, — неабыякавасць, ініцыятыўнасць і жаданне прыслухоўвацца да меркавання простых людзей. Як медыцынскі работнік чакаю ад народных выбраннікаў заканатворчых дакументаў, якія дапамогуць яшчэ больш палепшыць справы ў гэтай галіне.

Канстанцін КАРНЯЛЮК, краязнавец:

— Падчас гэтых выбараў нам трэба будзе вызначыцца, хто ж у бліжэйшыя гады будзе ўплываць на ход гісторыі, рух усяго нашага жыцця. Нельга быць у гэтым пытанні абыякавым, думаць, што выбары — гэта фармальнае мерапрыемства, якое нічога не зменіць у нашым далейшым жыцці.

Зразумела, што ключавой стадыяй выбараў з’яўляецца менавіта галасаванне. Нельга псаваць бюлетэні падчас галасавання, трэба падыходзіць да самога працэсу галасавання разумна. Менавіта выбары здольны ўвасобіць палітычнае самасцвярджэнне грамадзян, якім даецца магчымасць быць нават суб’ектамі ўлады. У гэтым і заключаецца сама каштоўнасць і ўнікальнасць выбараў.

Падчас выбараў менавіта мы, выбаршчыкі, вырашаем, якія кандыдаты здольны найбольш адэкватна выказваць нашу волю і патрабаванні, увасабляць у жыццё найбольш эфектыўныя задумкі, рашэнні. Наша ўлада павінна клапаціцца, каб і далей у Рэспубліцы Беларусь была грамадская згода, стабільнасць і парадак. Па тэлебачанні мы штодня бачым, да якога кровапраліцця прыводзяць анархія, усякага роду «майданы» ў гарачых кропках планеты. Беларускі народ хоча жыць у міры і спакоі, нараджаць і выхоўваць маленькіх грамадзян.

Ад нашага выбару залежыць будучыня Беларусі XXI стагоддзя. Я ўжо шмат разоў удзельнічаў у розных выбарах. І кожны раз, ідучы на іх, выразна адчуваю, што мой голас важны суграмадзянам, я патрэбен іншым людзям. Разам мы сіла, мы народ! Самы прыгожы народ, які жыве ў цэнтры Еўропы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *