Учащиеся Ванелевичской средней школы приняли участие в осенней посадке деревьев

2018-2020 - год малой Родины Актуально Общество

На мінулым тыдні вучні Ванелевіцкай сярэдняй школы сумесна са старшынёй Доктаравіцкага сельвыканкама прынялі ўдзел у асенняй пасадцы дрэў.

Старт азелянення на тэрыторыі сельскай школы быў дадзены яшчэ ў пачатку мая. Тады вучні і настаўнікі  Ванелевіцкай СШ, бацькі і дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, прадстаўнікі сельвыканкама разам з першым сакратаром Мінскага абласнога камітэта БРСМ Кірылам Шыкам высадзілі 75 бяроз да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Справа прадоўжылася і восенню: алея з маладых каштанаў і дубкоў з сімвалічнай колькасцю саджанцаў – 75 — была закладзена ў рамках мерапрыемстваў месячніка, прысвечаных Году малой радзімы і 75-годдзю Вялікай Перамогі.

■ Удзельнікі асенняй пасадкі дрэў у гонар Вялікай Перамогі

Старшыня сельвыканкама Міхаіл Валуевіч адзначае:

— За ўчасткам патрэбен догляд, важна захаваць маладыя насаджэнні ў парку, таму кожны год будзем азеляняць.

Маладыя дубкі былі выбраны невыпадкова.

— Для беларусаў дуб — не проста моцнае дрэва, гэта сімвал мужнасці і стойкасці нашага народа, які на працягу ўсёй гісторыі дастойна перанёс усе выпрабаванні і перамог у страшнай вайне ХХ стагоддзя — Вялікай Айчыннай, — дзеліцца вучаніца Ванелевіцкай  СШ Ксенія Рудзякова.

— Дубкі — гэта і памяць пра тых,  хто аддаў жыццё за нашае мірнае неба ў незалежнай Беларусі, — падтрымлівае сяброўку Наталля Давідоўская. — Будуць расці дрэўцы, набірацца моцы, сімвалізуючы сувязь пакаленняў, любоў да роднай зямлі і ўдзячнасць нашчадкаў дзядам і прадзедам за іх подзвіг дзеля будучых пакаленняў.

Таксама маладыя саджанцы дрэў, у прыватнасці, алея з 70 бяроз, былі высаджаны на ўездзе ў аграгарадок Новыя Доктаравічы, а ў мясцовым парку знайшлі свой прытулак 37 дубоў.

Праца на пустуючых участках…

У вёсках Калінава і Перавоз вядуцца работы па расчыстцы ўчасткаў, зносе старых дамоў, выкарчоўванні кустоў, спілоўванні хмызняку, сухіх і небяспечных дрэў. Гэтыя аб’екты будуць знаходзіцца пад увагай і надалей: сельвыканкам не толькі арганізоўвае работы па навядзенні там парадку, але, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 357 «Аб пустуючых і старых дамах», шукае нашчадкаў, высылае ім прадпісанні, робіць усё, каб зусім старыя будынкі былі знесены. Пустуючыя землі  зноў  уводзяцца ў севазварот: толькі за кастрычнік было ўведзена два гектары невыкарыстоўваемых зямель.

… і на могілках

Наводзіцца парадак і на грамадзянскіх могілках у Доктаравічах, Ванелевічах, Гарнастайлаве, Васільчыцах, Перавозе: прыбіраецца смецце, спілоўваюцца небяспечныя дрэвы, высякаюцца кусты.

Лістапад у кастрычніку

Штодня на тэрыторыі сельвыканкама ідзе масавая ўборка лісця. На дадзеных відах работ задзейнічаны прадстаўнікі сельгаспрадпрыемства і ўстаноў, якія размешчаны на тэрыторыі сельсавета.

Таццяна БОХАН



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *