Каб культуры ўвайшлі ў сілу

Актуально Экономика

Унясенне мінеральных угнаенняў — асабліва важны агратэхнічны прыём для павышэння ўрадлівасці глебы. Падчас росту расліны яе каранёвая сістэма ўбірае пажыўныя рэчывы з зямлі, якія паступова памяншаюць сваё ўтрыманне ў ёй. Унясенне мінеральных угнаенняў спрыяе ўзнаўленню іх балансу ў глебе. Усе гэтыя акалічнасці добра ведаюць спецыялісты ААТ “Ціміразеўскі”, дзе ўжо поўным ходам вядуцца адпаведныя работы.

Ідзе загрузка калійных угнаенняў

– Ужо сышоў снег і ўмовы надвор’я дазваляюць выйсці ў поле. Угнаенні ўносяцца па тэхналагічнай карце, якую мы склалі яшчэ зімой. Арыентуючыся на аграхімічную характарыстыку поля, разлічваем, колькі неабходна ўнесці таго ці іншага рэчыва, – тлумачыць аграном-хімік сельгаспрадпрыемства Святлана Лазук. – Цяпер мы ўносім калій пад яравую сяўбу. Перад пасевам будзем уносіць азотныя і фосфарныя ўгнаенні пад вясеннюю культывацыю. Як толькі ўсталюецца сярэднясутачная тэмпература +5 градусаў, таксама правядзём падкормку азотам азімых збожжавых і азімага рапсу, шматгадовых траў. Неабходнымі ўгнаеннямі гаспадарка фактычна забяспечана. На 1 лютага бягучага года мелася азоту — 552,3 тоны дзеючага рэчыва, фосфару – 72,6 т дз. р., калію – 400 т дз. р. У дадатак, за кошт бюджэтных сродкаў плануем набыць 375 т азоту, 82 т фосфару і 486 т калію.

У гэтым годзе вялікія спадзяванні кіраўніцтва ААТ “Ціміразеўскі” ўскладвае на дапамогу авіяцыі. Гэта вельмі зручна па некалькіх прычынах. Па-першае, трактары з апырсквальнікамі ці раскідвальнікамі могуць зайсці не на кожнае поле, і працэс унясення рэчываў проста можа зацягнуцца. А калі ўгнаенне глебы не будзе праводзіцца своечасова, то пасаджаныя расліны адчувальна замарудзяць свой рост або спыняць яго наогул.  Па-другое, плошча толькі азімых культур, дзе неабходна правесці апрацоўку, у гаспадарцы складае 3521 га, і ўкласціся, згодна з тэхналогіяй, у дзесяцідзённы тэрмін даволі складана. А верталёт зможа апрацоўваць да 300 га ў дзень і рабіць унясенне ўгнаенняў з высокай раўнамернасцю.

Механізатар Ігар Курчэўскі

На момант наведвання сельгаспрадпрыемства на палях працавалі два раскідвальнікі мінеральных угнаенняў МТТ-4У і новенькі РУ-7000, якімі кіравалі вопытныя механізатары Ігар Курчэўскі і Алег Яўсюк. Без прамаруджвання пагрузку мінеральных угнаенняў на “Амкадоры” выконваў Вадзім Занкевіч.

Вясенняя кампанія ўжо набірае абароты. І важнасць унясення мінеральных угнаенняў разумеюць аграрыі ўсяго раёна. Таму што асновы будучага ўраджаю закладваюцца менавіта сёння.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *