В Копыльском районе активизировали работу смотровые комиссии

Закон. Безопасность

Бяду часам можна прадухіліць. Для гэтага і створаны ў раёне назіральныя камісіі для праверкі бяспечных умоў пражывання грамадзян. Мэта іх дзейнасці — правядзенне сумесных абследаванняў домаўладанняў і кватэр, каб своечасова ўказаць на недахопы, якія ствараюць пагрозу.

■ Падчас наведвання шматдзетнай сям’і Ражко з аг. Семежава

Спісы адрасоў, якія неабходна наведаць, фарміруе старшыня сельвыканкама, які з’яўляецца і кіраўніком назіральнай камісіі. «У большасці выпадкаў наведваюцца дамы грамадзян групы рызыкі, — растлумачыла перад пачаткам рэйду старшыня Семежаўскага сельвыканкама Вікторыя Кунаш-Літвіна. — У яе ўваходзяць шматдзетныя сем’і, у тым ліку сем’і, якія выхоўваюць непаўналетніх, і якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, інваліды першай і другой груп, адзінокія і адзінока пражываючыя грамадзяне, іншыя асобы, найбольш схільныя да рызыкі  ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі».

Мэтанакіраваная работа назіральных камісій, каардынацыя якіх ускладзена на раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, дапамагае пазбегнуць няшчасных выпадкаў, выкліканых неасцярожнасцю грамадзян у розных галінах жыццядзейнасці. Таму ў іх склад уваходзяць работнікі РАНС, РАУС, сфер адукацыі, сацыяльнай абароны, аховы здароўя, энерга- і газанагляду, прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання, а таксама сельгаспрадпрыемстваў, угоддзі якіх размешчаны ў межах канкрэтнага сельсавета.

«Упор у рабоце назіральных камісій, — расказвае інспектар Капыльскага РАНС Аляксандр Дарашэвіч, — робіцца на прафілактычную і інфармацыйна-растлумачальную работу па пытаннях бяспекі жыццядзейнасці. Гэта інструктажы работнікамі зацікаўленых службаў, гутаркі з прывядзеннем канкрэтных прыкладаў надзвычайных сітуацый, распаўсюджванне нагляднай прадукцыі. Як паказвае практыка, зладжанасць у рабоце членаў назіральных камісій дазваляе своечасова папярэдзіць і не дапусціць надзвычайных сітуацый, а гэта значыць — захаваць чыёсьці жыццё».

«Наша камісія практыкуе выезды раз на тыдзень, вядома ж, не ўсім складам, а дзелімся на групы, — адзначае спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ «Семежава» Наталля Правальская. — Вось і сёння мы працуем разам з інспектарам РАНС Аляксандрам Дарашэвічам і медработнікам Семежаўскай участковай бальніцы Нінай Скамарохай, бо наведваем шматдзетныя сем’і з малымі дзецьмі і адзінока пражываючых сталых грамадзян».

Адзначым, што ў  абследаваных ў аграгарадку домаўладаннях, якія наведалі члены назіральнай камісіі, сур’ёзных парушэнняў не выяўлена. Што, безумоўна, радуе.

У большасці дамоў назіралася чысціня, парадак, а галоўнае — бяспечныя ўмовы пражывання. Аднак асобныя заўвагі ўсё ж былі: неістотныя заганы ў арганізацыі пячнога абсталявання, неабходнасць навядзення парадку на прылеглай да дома тэрыторыі.

«Падчас работы назіральных камісій ідзе інфармаванне насельніцтва, — падкрэсліў Аляксандр Дарашэвіч. — Мы працуем і з працоўнымі калектывамі, расказваючы пра неабходнасць правядзення рамонту пячнога ацяплення, электраправодкі і ўстаноўкі аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, замены газавага абсталявання ў домаўладаннях састарэлых бацькоў. У гэтай сітуацыі грамадзяне, чые пажылыя сваякі жывуць асобна, часта правільна рэагуюць і дапамагаюць тым прывесці дом у бяспечны стан. Такі падыход эфектыўны, таму што ў мітусні людзі забываюць, што ў іх дапамозе маюць патрэбу самыя блізкія людзі. А мы ім пра гэта нагадваем».

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *