Заведующая Потейковского детского сада Елена Гирко: «Нельзя работать с детишками и не любить их»

Актуально Образование

Любоў да вучобы, павага да бацькоў і сваёй Радзімы нараджаюцца менавіта тут, у дашкольнай установе. Так лічыць загадчыца Пацейкаўскага дзіцячага сада Алена Уладзіміраўна Гірко.

■ Алена Уладзіміраўна Гірко (у цэнтры) з калегамі

Заўсёды, калі пераступаеш парог дашкольнай установы, звяртаеш увагу на дзіцячае шматгалоссе, якое ў гэтых сценах чутно асабліва. Тут надзвычай утульна і прыгожа, а ствараюць шматлікія цуды самі выхавальнікі. Дзіцячы садзік аграгарадка Пацейкі наведваюць сямёра дзетак ва ўзросце ад 2 да 5 гадоў. І ўсе — дзяўчынкі. Працуе тут таксама нешматлікі, але вельмі дружны калектыў: выхавацель Наталля Усеваладаўна Піскун, памочнік выхавацеля Ірына Міхайлаўна Гірко, усялякую смакату гатуе дзеткам повар Валянціна Іосіфаўна Бенеш, а за гаспадаркай сочыць Ірына Уладзіміраўна Стульба. Стаж спецыялістаў у сярэднім складае 20 гадоў. Каардынуе і накіроўвае работу кожнага загадчыца — Алена Уладзіміраўна Гірко.

Але лёс не адразу прывёў жанчыну ў педагогіку. Па першай адукацыі Алена Уладзіміраўна швачка. І ўжо адпаведную спецыяльнасць яна атрымала ў Барысаўскім педагагічным каледжы. З тае пары прайшло 33 гады. Зараз можна з упэўненасцю сказаць, што Алена Уладзіміраўна Гірко ў прафесіі адбылася.

— Дзетак я люблю з самага маленства, — расказвае загадчыца. — Калісьці з задавальненнем гуляла з маленькім суседскім хлопчыкам. Нельга працаваць з дзеткамі і не любіць іх. Таму, калі я зразумела, што мой шлях — менавіта педагагічны, — атрымала неабходную адукацыю. Такія ж апантаныя справай  людзі працуюць побач. Разам ствараем вакол сябе прыгажосць, малюем. Музычнага кіраўніка ў нашым садзіку няма, таму самі развучваем з дзеткамі песенькі, танцы. Вельмі любяць дзяўчынкі расказваць вершыкі, прымаць удзел у невялічкіх тэатралізаваных пастаноўках. Асабліва ім падабаецца, калі за выступленнем назіраюць таты і мамы. Дарэчы, з бацькамі мы таксама знаходзім агульную мову і паразуменне. Праводзім з імі і для іх розныя тэматычныя кансультацыі, размовы, бацькоўскія сходы. І разам з імі вучымся ра-зумець і выхоўваць нашых дзетак.

За акном шапаціць чырвона-жоўтае лісце, а ў садзіку ідзе старанная падрыхтоўка да традыцыйнага Свята восені і да Тыдня маці. Сцены групы, якая па неабходнасці становіцца актавай залай, упрыгожаны намаляванымі самімі выхавацелямі жоўтымі і чырвонымі лісточкамі. Адным словам, у садзіку пануе сапраўдная творчая атмасфера.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *