Хорошее настроение и веселая песня в подарок — от работников культуры Копыльщины

Актуально Культура

Добры настрой чалавеку стварыць вельмі проста. Дастаткова толькі з пашанай аднесціся да той справы, якой ён займаецца, і выказаць словы падзякі за яго плённую працу.

Менавіта для гэтага і арганізоўваюць падчас важных сельскагаспадарчых кампаній выезды так званых агітбрыгад непасрэдна ў поле. Тут разам са словамі віншавання і падзякі за высокія працоўныя дасягненні, якія суправаджаюцца звычайна ўручэннем Падзячных пісьмаў і каштоўных падарункаў, гучаць заліхвацкія мелодыі або душэўныя песні, адрасаваныя віноўнікам міні-ўрачыстасці. Якраз гэта частка віншаванняў знаходзіцца ў кампетэнцыі работнікаў культуры.

Якія формы віншавальных падарункаў можна выкарыстоўваць? Як аказалася, іх не так ужо і мала. Паводле слоў загадчыцы аўтаклуба Капыльскага РЦК Святланы Шчукінай, гэта можа быць міні-канцэрт, віншавальная паштоўка, выступленне агітбрыгады і нават гумарыстычная хвілінка. Словам, усё тое, што можа стварыць добры настрой. Падчас выязнога практычнага семінара работнікаў устаноў культуры Капыльскага раёна, які праходзіў на базе ф-ла «Лакнея», усё гэта было прадэманстравана. І, як адзначылі працаўнікі гаспадаркі, у чый адрас гучалі словы віншавання, ім гэтыя музычныя нумары вельмі спадабаліся.

Напрыклад, трактарыст Міхаіл Матус з задавальненнем слухаў міні-канцэрт у свой гонар. Песні ў выкананні гурта «Сяброўкі» раённага цэнтра культуры парадавалі не толькі яго, але ўсіх працаўнікоў гаспадаркі, якія знаходзіліся ў гэты час на мехдвары ў в. Камсамольская. Міхаіл Міхайлавіч — даволі вопытны механізатар. У гас-падарцы ён з 2002 года. Падчас сёлетняй уборачнай кампаніі разам са сваім памочнікам Дзянісам Кручковым намалаціў больш за тысячу тон збожжа. Акрамя таго за ім замацаваны «Беларус», на якім ён і апрацоўкай палеткаў ад шкоднікаў і хвароб займаецца, і салому возіць. А дома заўсёды з нецярплівасцю чакаюць яго вяртання з работы чатыры дачушкі. Малодшая Ліза яшчэ ходзіць у садзік, а старэйшыя Даша, Насця і Ангеліна — школьніцы. Дарэчы, Ангеліна — першакласніца і напярэдадні новага навучальнага года атрымала ад ф-ла «Лакнея» падарунак. Жонка Міхаіла Ірына таксама мае непасрэдныя адносіны да стварэння добрага настрою працаўнікам гаспадаркі. Яна — раздатчыца абедаў, а добра вядома, што на галодны страўнік — якая можа быць работа. Жыве шматдзетная сям’я ў добраўпарадкаваным доме, які ім выдзеліла сельгаспрадпрыемства.

■ Механізатар Міхаіл Матус (другі злева ) з калегамі слухае выступленні артыстаў

Тут жа ў Камсамольскай павіншавалі з высокімі працоўнымі дасягненнямі аператара машыннага даення кароў Галіну Шашнову. У ф-ле «Лакнея» яна толькі два гады, але паспела здабыць аўтарытэт сваёй стараннай працай і актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Жыве Галіна ў добраўпарадкаваным інтэрнаце, дзе ім разам з дачкой-першакласніцай выдзелілі два пакоі. А яшчэ, як аказалася, яна доб-рая спартсменка. «Я сама не чакала, што на раённых спаборніцтвах па бегу змагу стаць пераможцай, — дзеліцца маладая жанчына. — Мне прапанавалі выступіць за каманду сельгаспрадпрыемства, і я вырашыла паспрабаваць. А тут такі рэзультат!» Галіна працуе на малочнатаварнай ферме ў Камсамольскай, разам з калегамі абслугоўвае больш за 200 галоў, якія знаходзяцца на беспрывязным утрыманні. Рэзультаты атрымліваюць неблагія, МТФ стабільна знаходзіцца ў ліку лепшых жывёлагадоўчых аб’ектаў у раёне. Працоўны дзень у даяркі пачынаецца каля шасці гадзін раніцы, у шэсць гадзін вечара — другая дойка.

■ Аператар машыннага даення Галіна Шашнова

«Мне вельмі прыемна, што сёння ў мой адрас гучалі не толькі словы прызнання за добрую працу, але і цудоўныя песні. Усё гэта падымае настрой і ўмацоўвае жаданне працаваць яшчэ лепш», — дзеліцца Галіна Сяргееўна.

З Аляксандрам Карпучком давялося сустрэцца ў полі. Вопытны механізатар працаваў на ўборцы шматгадовых траў. «Такіх умелых і з самага дзяцінства прывучаных да працы, як Аляксандр Мікалаевіч, нямнога, — коратка, але ёмка характарызуе свайго падначаленага дырэктар філіяла «Лакнея» Пётр Юха і дадае: — Яму смела са ста балаў можна 99,9 за работу ставіць».

■ Віншаванні прымае механізатар Аляксандр Карпучок

І сапраўды, першы вопыт работы на камбайне быў у Аляксандра ў далёкім ужо 1986 годзе, калі ён пайшоў на камбайн памочнікам да свайго бацькі. З той пары амаль кожнае лета ён удзельнічае ў жніве. Сёлета разам з напарнікам Юрыем Давідоўскім намалацілі больш за 1600 тон. У гэты дзень для Аляксандра Карпучка таксама гучалі добрыя словы і вясёлыя песні як высокая адзнака яго плённай працы.

А вось для маладога агранома ф-ла «Лакнея» Уладзіміра Салькова сустрэча з работнікамі культуры стала сапраўды прыемным сюрпрызам. Справа ў тым, што на наступны дзень у юнака быў дзень нараджэння. Вось з гэтым асабістым святам яго і прыехалі павіншаваць у аграгарадок Грозава ўдзельнікі семінара. Уладзімір працуе ў ф-ле «Лакнея» два гады пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Першым працоўным месцам малады спецыяліст цалкам задаволены і ў бліжэйшы час нічога мяняць у сваім жыцці не плануе. Ён родам з Капыльшчыны — нарадзіўся і вырас у вёсцы Ужа. З дзяцінства меў схільнасць да сельскай гаспадаркі, вось і абраў для сябе такую аграрную спецыяльнасць. На пытанне, наколькі патрэбныя ў час напружаных сельскагаспадарчых кампаній вось такія творчыя міні-перапынкі, Уладзімір Салькоў упэўнена адказаў, што гэта справа добрая, яны сапраўды падымаюць настрой і дадаюць бадзёрасці.

■ У цэнтры ўвагі імяніннік — аграном Уладзімір Салькоў

Дарэчы, Уладзіміру, а таксама ўсім, хто знаходзіўся ў гэты дзень на машынна-трактарным двары «Грозава», пашчасціла ўбачыць не толькі «Віншавальную паштоўку імянінніку», але і выступленне агітбрыгады, а таксама гумарыстычную хвілінку.

Падводзячы вынікі семінара, яго ўдзельнікі выказалі цвёрдую ўпэўненасць, што такія формы абслугоўвання сельскага насельніцтва раёна можна выкарыстоўваць не толькі падчас важных сельскагаспадарчых кампаній, але і з іншай нагоды, напрыклад, арганізоўваць такія турнэ напярэдадні Новага года, Дня маці і г.д.

Маргарыта САКОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *