Председатель Копыльского райисполкома Сергей Пилищик встретился с жителями агрогородка Тимковичи

Актуально Общество

Працягваюцца сустрэчы старшыні Капыльскага райвыканкама Сяргея Пілішчыка з жыхарамі раёна. Днямі ён наведаў адзін з буйнейшых сельскіх населеных пунктаў — аграгарадок Цімкавічы.

■ Сяргей Пілішчык гутарыць са старэйшынай аг. Цімкавічы Зояй Лявар

Сустрэча прайшла ў форме канструктыўнага дыялогу. Жыхары аграгарадка мелі магчымасць напрамую падзяліцца сваімі праблемамі з кіраўніком раёна, пачуць каментарыі наконт зададзеных пытанняў ад старшыні Цімкавіцкага сельвыканкама Алены Острыкавай, дырэктара КУП «Капыльская ЖКГ» Дзмітрыя Дарафея.

Спрадвеку цяперашняя вуліца Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах была самай нізкай, таму асабліва ў час моцных дажджоў і паводак падтоплівалася. Яе жыхары прасілі прыняць інжынернае рашэнне, каб ліквідаваць гэты недахоп. Пытанне патрабуе дэталёвага вывучэння.

Выклікае занепакоенасць работа станцыі абезжалезвання вады. Утрыманне жалеза ў праведзеных аналізах заўсёды рознае: звычайна яно перавышае норму. Вядома ж, ад гэтага залежыць здароўе насельніцтва, таму пытанне трэба трымаць на пастаянным кантролі.

Хвалюе цімкаўлян і адсутнасць участковага інспектара міліцыі на іх тэрыторыі. Як запэўнілі ў РАУС, праблема днямі павінна станоўча вырашыцца.

Актуальнай для жыхароў населенага пункта застаецца наяўнасць бадзяжных сабак, якія становяцца такімі ў першую чаргу з-за недагляду іх гаспадароў. Толькі адміністрацыйнымі мерамі вырашыць праблему немагчыма, тут трэба разлічваць і на людское сумленне.

Прысутныя таксама ўзнімалі пытанні працаўладкавання, будаўніцтва стаянкі каля дзіцячага сада, адсутнасці кіраўніка мясцовага сельскага Дома культуры.

Былі закрануты і праблемы добраўпарадкавання. Яны асабліва актуальныя ў сувязі са святкаваннем у чэрвені наступнага года ў Цімкавічах 120-годдзя з дня нараджэння Кузьмы Чорнага. У прыватнасці, рамонту патрабуе Літаратурны музей пісьменніка, дарожнае пакрыццё і пешаходныя дарожкі па вуліцы Слуцкай, неабходна навесці парадак на пустуючых сядзібах.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *