Старейшина д. Комсичи Тимковичского сельисполкома Александр Солодкий — человек ответственный

Важное Общество

Старэйшыны вёсак — гэта актыўныя пасрэднікі паміж насельніцтвам і мясцовай уладай. Яны аказваюць адчувальную дапамогу ў своечасовым вырашэнні праблем, якія патрабуюць неабходнага ўмяшання, з’яўляюцца ініцыятарамі добрых спраў, самі прымаюць удзел у іх і сваім прыкладам натхняюць іншых.

■ Аляксандр Салодкі

Знаёмства з Аляксандрам Салодкім з в. Комсічы дазволіла пераканацца ў справядлівасці гэтых слоў. Больш за тое, старшыня Цімкавіцкага сельвыканкама Алена Острыкава ахарактарызавала старэйшыну вёскі як адказнага і камунікабельнага чалавека, які ўмее весці дыялог з людзьмі.

— Свае словы Аляксандр Уладзіміравіч заўсёды пацвярджае канкрэтнымі ўчынкамі, — расказала Алена Мечыславаўна. — Аўтарытэтны, актыўны і самае галоўнае — справядлівы. Ён ведае, як вырашаць праблемы, умее ўзаемадзейнічаць з рознымі арганізацыямі і мясцовымі жыхарамі. Немалаважны і чалавечы фактар — выслухаць і прыйсці на дапамогу. Гэта прыстойны чалавек, які карыстаецца аўтарытэтам у вяскоўцаў. Да таго ж ён і сам калісьці працаваў старшынёй Браткаўскага сельвыканкама, таму ведае нашы справы. Звыш чвэрці стагоддзя ён дэпутат сельскіх Саветаў.

■ Ідзе спілоўванне старых дрэў на могілках в. Комсічы

І, як мы даведаліся ў далейшым, на рахунку Аляксандра Уладзіміравіча сапраўды шмат добрых і карысных спраў. Звернемся да некаторых з іх. Вядома ж, многае праводзіцца па навядзенні і падтрыманні парадку ў населеным пункце. Для гэтага даводзіцца гутарыць як з мясцовым насельніцтвам, так і з так званымі дачнікамі, быць адным з арганізатараў суботнікаў. Вось і ў дзень нашага наведвання з дапамогай службы МНС спілоўвалі аварыйнае дрэва на старых могілках у Комсічах. Разам з прадстаўнікамі сельвыканкама, сацыяльнай службы Салодкі знаходзіўся на «аб’екце». Падчас уборкі збожжа з прысядзібных участкаў узніклі некаторыя праблемы. Старэйшына не пусціў гэта пытанне на самацёк. Для яго вырашэння звярнуўся да старшыні райвыканкама Сяргея Пілішчыка. За станоўчы разгляд вяскоўцы вельмі ўдзячны кіраўніку раёна. Уласны аўтамабіль Аляксандр Уладзіміравіч выкарыстоўвае і для спраў грамадскіх. Ніколі не адмовіў, каб падвезці ў бальніцу ці па якіх-небудзь іншых справах.

— Без нашага Аляксандра Уладзіміравіча ніхто і нішто не абыходзіцца, — заўважыла адна з мясцовых жыхарак. — Ён — наш старэйшына. Скажа: «Трэба рабіць», значыць, будзем рабіць. Безумоўна, пытанні ёсць, але вырашаем іх самі ці звяртаемся ў сельвыканкам. Але ў першую чаргу да старэйшыны і дэпутата.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *