У рамках адзінага дня інфармавання насельніцтва дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Ніжэвіч наведала Капыльскі раён. Разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Ірынай Кісляк яна сустрэлася з калектывамі СШ № 2 г. Капыля і філіяла «Аўтапарк № 21».


Ірына Кісляк у сваім выступленні закранула тэму дня інфармавання — маючы адбыцца перапіс насельніцтва Беларусі, расказала пра тое, як і калі ён будзе праходзіць.

Людміла Ніжэвіч паведаміла шмат карыснай інфармацыі пра дэмаграфічную сітуацыю ў нашай краіне.

Прысутныя як калектыўна, так і індывідуальна мелі магчымасць задаць пытанні дэпутату парламента.

У навучальнай установе цікавіліся перспектывамі круглагадовага забеспячэння гарачай вадой у цэнтры горада і ў раёне вуліцы 50 гадоў БССР.

Працаўнікоў аўтатранспартнага прадпрыемства ў першую чаргу хвалявала пастаўка новых аўтобусаў, заканчэнне рамонту будынка аўтастанцыі ў Капылі, рамонт дарог.

Жыхары аграгарадка Цімкавічы, якія таксама прыйшлі на гэту сустрэчу, зноў закранулі тэму ўстаноўкі ў іх населеным пункце банкамата, гаварылі пра недахопы ў рабоце станцыі абезжалезвання вады. Разам з тым узняты праблемы наконт збыту сельгаспрадукцыі з уласных падвор’яў, аб абыходжанні з хатнімі жывёламі, аб будаўніцтве жылля маладой шматдзетнай сям’і.
Сяргей КОЗЕЛ