Копыльские мастерицы возродили наряд свахи из Семежева и представили его на областном празднике «Слуцкие пояса»

Актуально Культура

Капыльскія майстрыхі адрадзілі ўбор свахі з Семежава 60-х гадоў ХХ стагоддзя і прадставілі яго на абласным свяце традыцыйных мастацкіх рамёстваў «Слуцкія паясы».

■ Касцюм свахі на свяце дэманстравала супрацоўніца раённага цэнтра традыцыйнай культуры Дзіна Брыль

За што і атрымалі Дыплом за адраджэнне вясельнага строю рэгіёну і папулярызацыю традыцыйнай спадчыны. А яшчэ дэлегацыя Капыльшчыны была ўзнагароджана Дыпломам за папулярызацыю і прапаганду традыцыйных відаў рамёстваў.

Адметнасцю сёлетняга фэсту стала дэфіле вясельных убораў. Майстры з устаноў культуры Мінскай вобласці прадставілі рэканструкцыі традыцыйнага вясельнага адзення.

■ Семежаўскія ткачы

— Мы дэманстравалі вясельны касцюм свахі пачатку 60-х гадоў ХХ стагоддзя, — дае каментарый дырэктар раённага цэнтра традыцыйнай культуры Галіна Гурло. — Каб яго стварыць, спачатку мы здзейснілі сапраўднае даследаванне, даведаліся, як праводзілі вясельны абрад, што ўваходзіла ў сам касцюм. Нам дапамагала народны майстар Беларусі, знакамітая ткачыха, носьбіт мясцовых традыцый з аграгарадка Семежава Валянціна Міхайлаўна Кіеня. Дарэчы, усе сельскія дамы культуры прынялі ўдзел у падрыхтоўцы: было сабрана шмат фотаздымкаў вясельнага ўбору 50-80-х гадоў мінулага стагоддзя. Работнікі клубных устаноў культуры правялі мэтанакіраванае анкетаванне пра вясельныя мясцовыя строі, у якім прынялі ўдзел і мясцовыя старажылы, і знаўцы мастацкіх традыцый. Даследаванне дало магчымасць скласці больш дэталёвыя ўяўленні пра вясельны жаночы і мужчынскі касцюмы ў цэлым і асобныя яго элементы. Са слоў інфарматараў можна адзначыць, што вясельны касцюм Капыльшчыны вызначаўся разнастайнасцю і багаццем арнаментальных форм у вышыўцы і ткацтве асобных дэталей, арыгінальнымі лакальнымі ўзорамі. Напрыклад, касцюм семежаўскай  свахі складаецца з тканай сарочкі, шнуроўкі, спадніцы (шытай з крамнай тканіны), белага фартуха, чапца, хусткі. Сваха перавязвалася тканым ручніком «паддымнікам», альбо «наметкаю», які і з’яўляўся галоўным яе атрыбутам. Дарэчы, даўжыня яго складала тры метры, а канцы былі аздоблены чырвонымі палоскамі. Дэманстравала створаны касцюм на свяце супрацоўніца раённага цэнтра традыцыйнай культуры Дзіна Брыль. Прыемна, што наша дзейнасць не засталася незаўважанай.

Вядома, што сапраўднымі брэндамі Мінскай вобласці ўжо сталі капыльскія і старадарожскія ручнікі, лагойская і івянецкая кераміка, клецкая і маладзечанская лаза, вілейская і мядзельская разьба па дрэве. Таму нашы зямлячкі з раённага цэнтра ткацтва і народнага клуба майстроў «Скарбонка» годна дэманстравалі сваё майстэрства ў закладным ткацтве, ткацтве паясоў, традыцыйнай вышыўцы падчас правядзення майстар-класаў. А ўсяго ўдзел у свяце «Слуцкія паясы» сёлета прынялі каля 500 майстроў-умельцаў у звыш 20 кірунках народнай творчасці (салома- і лозапляценне, разьба па дрэве і ткацтва, вышыўка і ганчарства, ткацтва пояса і інш.) з розных куточкаў Мінскай вобласці і Рэспублікі Беларусь.

Як і заўжды, у рамках свята адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, якая аб’яднала ўдзельнікаў адзінай тэмай: «Забытыя рамёствы. Шляхі захавання і развіцця». Удзел у канферэнцыі ўзялі навукоўцы, аспіранты, выкладчыкі і студэнты вышэйшых навучальных устаноў, супрацоўнікі ўстаноў культуры і адукацыі Рэспублікі Беларусь і замежных краін, майстры народных мастацкіх рамёстваў. І сярод іх — прадстаўнікі  Швецыі, Кітая і Расіі. Яшчэ дзве краіны ўдзельнічалі выдалена ў анлайн-рэжыме — Польшча і Украіна. Галіна Гурло, якая прысутнічала на пасяджэнні, так абагульніла тэмы выступоўцаў: «На канферэнцыі абмяркоўвалі магчымыя шляхі развіцця і адраджэння традыцый народнай творчасці ў сучасным свеце».

Цудоўныя музычныя кампазіцыі гасцям і ўдзельнікам свята дарыў народны ансамбль народнай песні «Спадчына» Капыльскага раённага цэнтра культуры.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *