Перед аграриями ОАО «Прогресс 2010» стоит задача до 25 сентября завершить сев озимых

Важное Экономика

Сяўба азімых культур для земляробаў — не менш адказны перыяд, чым жніво. Вынік пасяўной кампаніі залежыць ад таго, наколькі зладжана спрацуюць людзі, якія выконваюць увесь комплекс работ.

■ Механізатар Аляксандр Белаш

Перад аграрыямі ААТ «Прагрэс 2010» стаіць задача да 25 верасня завяршыць сяўбу азімых. Сказаць, што гэта проста — нельга. Улічваючы тое, што з 1 жніўня ў склад гаспадаркі ўвайшла суседняя — былое ААТ «Душава», плошчы тут павялічыліся практычна ў два разы. Усяго пад азімую сяўбу збожжавых адведзена 2000 гектараў. А да гэтага на 500 га пасеялі рапс, які ўжо сёння радуе яркай свежай зелянінай. Нягледзячы на сухое надвор’е, дружна ўзышло і азімае жыта. Яно, па словах галоўнага агранома гаспадаркі Мікалая Краўчанкі, займае сёлета 56 га (сеялі гібрыд F1 Праметэй).

Менавіта засушлівае надвор’е стварае дадатковыя складанасці ў рабоце. Да таго месца, дзе працаваў магутны МТЗ-3522 з пасяўным агрэгатам АПП-6 пад кіраўніцтвам Аляксандра Белаша, легкавік галоўнага агранома прабіваўся праз суцэльную завесу з пылу. Механізатар з дапамогай вадзіцеля МАЗа-загрузчыка Леаніда Івашкі на ўскрайку поля стараўся хутчэй ліквідаваць дробную паломку, каб зноў рушыць наперад. У гэты дзень перад ім стаяла задача на палетку непадалёку вёскі Какорычы пасеяць азімую пшаніцу. На пытанне, ці цяжка пераадольваць капрызы надвор’я, Аляксандр Аляксандравіч запэўнівае: «Нічога страшнага. Мы да ўсяго прывычныя. Сваю задачу ведаем, таму і ніякі пыл нам не страшны».

Аляксандр Белаш ужо сёмы год займаецца пасяўнымі работамі ў ААТ «Прагрэс 2010». Сёлета ён у адказе за палеткі аддзялення «Пацейкі». А вось у аддзяленні «Душава» сее Сяргей Папкоў. Менавіта ад стараннасці гэтых механізатараў у многім залежыць якасць і хуткасць правядзення пасяўной кампаніі. А яшчэ ад працавітасці хлебаробаў, задзейнічаных на падрыхтоўцы глебы, унясенні ўгнаенняў, выкананні іншых аперацый, без якіх немагчыма зладжаная праца ўсяго калектыву.

Нельга не адзначыць і вялікую ролю спецыялістаў. Менавіта на іх плечы кладзецца ўвесь арганізацыйны працэс: за нейкія 30–40 хвілін, якія давялося правесці побач з галоўным аграномам, ён здолеў зрабіць звыш трох дзясяткаў тэлефонных званкоў. Там трэба задыскаваць поле, бо па ім яшчэ нельга пускаць пасяўны агрэгат; у іншым месцы неабходна прыбраць салому, якая засталася на палетку; аднаго механізатара патрэбна заўтра паставіць на нарыхтоўку кармоў, другому тэрмінова падвезці салярку, бо ў яго трактары засталося паліва на гадзіну работы. І трэба нічога не ўпусціць, інакш адладжаны працоўны рытм дасць збой.

Акрамя пасяўной, клопаты земляробаў распаўсюджваюцца і на іншыя справы. Толькі завяршылі ўборку ранніх цукровых буракоў, атрымаўшы ўраджайнасць 500 ц/га, як трэба запускаць бульбаўборачны камбайн. Паралельна ідзе нарыхтоўка кукурузнага сіласу — гэта культура зай-мае ў гаспадарцы 820 га, з якіх толькі каля 100 га пакінуць на зерне.

Словам, па-ранейшаму работы ідуць з раніцы да позняга вечара.

Маргарыта САКОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *