День знаний отметили в Семежевском УПК д/с-средняя школа имени М.С. Высоцкого

Актуально Образование

Для Семежаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу д/с-сярэдняя школа імя М.С. Высоцкага сёлетні Дзень ведаў стаў асаблівым — сюды завіталі ганаровыя госці, ды яшчэ і не з пустымі рукамі.

Свята першага званка з семежаўскімі школьнікамі, іх настаўнікамі і бацькамі раздзялілі старшыня Капыльскага райвыканкама Сяргей Пілішчык, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Ірына Абас, старшыня Семежаўскага сельвыканкама Вікторыя Кунаш-Літвіна, дырэктар ААТ «Семежава» Сяргей Цыганкоў і настаяцель праваслаўнага храма Узнясення Гасподня в. Кіявічы протаіерэй Павел Брагін.

■ Сяргей Пілішчык уручае падарунак для Семежаўскай школы дырэктару Алене Сянюк

Госці звярнуліся да прысутных са шматлікімі віншаваннямі і пажаданнямі. Асабліва ж яркім і запамінальным стала ўручэнне ўстанове адукацыі падарункаў. А яны, трэба адзначыць, былі надзвычай шчодрымі — новы сучасны камп’ютарны клас ад Капыльскага райвыканкама і ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме, а таксама сертыфікат на набыццё халадзільніка ў абноўлены школьны харчаблок ад ААТ «Семежава».

Акрамя таго, некаторых з прысутных заахвоцілі асабіста. Так, пяці настаўнікам Ірына Абас уручыла Ганаровыя граматы за прафесіянальнае майстэрства, шматгадовую добрасумленную працу ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення. Словы ўдзячнасці прагучалі і ў адрас бацькоў, якія ўнеслі значны ўклад у падрыхтоўку школы да новага навучальнага года. А Дзмітрый Навіцкі, бацька двух семежаўскіх вучняў, які найбольш вызначыўся на летнім рамонце, да таго ж быў удастоены Падзякі ад упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама.

■ Падчас урачыстай лінейкі

Асаблівай увагай падчас лінейкі надзялілі адзінаццацікласнікаў (сёлета тут іх дзевяць), а таксама тых, хто ў адрозненне ад сваіх старэйшых таварышаў толькі прыступае да спасціжэння школьнага жыцця. Сяргей Пілішчык і Ірына Абас уручылі сямнаццаці першакласнікам падарунак ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі — кнігу «Беларусь — наша Радзіма». Сюрпрызы для наваяўленых шкаляроў падрыхтавалі і адзінаццацікласнікі.

Завяршылася ўрачыстасць традыцыйным першым званком, які даў старт новаму навучальнаму году і паклікаў на першы ўрок, тэма якога ў гэтым годзе гучала так: «Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!».

Аксана МІХАЙЛОЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *