Копыль в ХVII-ХVIII веках

Важное Общество

Што тычыцца тэрыторыі дзяцінца і вакольнага горада, дык у XIV ст., пасля ўсталявання тут рэзідэнцыі князёў Алелькавічаў, яны набываюць статус замка. Археалагічныя даныя сведчаць пра пажар і рамонт замкавых умацаванняў, прынамсі, Горнага замка, пра які ёсць упамінанне ў крыніцах XVIII ст. Гэтыя ж крыніцы згадваюць і Дольны замак, відаць, тэрыторыю былога вакольнага горада.

Карчма ў Капылі. 1783 г. Рэканструкцыя

У 1642 годзе ў пераліку гарадскіх тапонімаў згадваецца Вуліца ад брамы Дубніцкай. У пераліку павіннасцей мяшчан гэтага часу адзначаецца, што яны павінны напраўляць брамы і кабыліны, а таксама несці па брамах стражу ад мору. На жаль, звестак аб тым, што ўяўлялі з сябе брамы, не прыводзіцца. Наяўнасць брам, а таксама вуліц Завальскай і Задні Роў, вядомых па інвентарах XVII–XVIII стст., можа сведчыць аб тым, што да сярэдзіны XVII ст. у Капылі, акрамя замкавых, маглі існаваць гарадскія ўмацаванні.

Як жа выглядаў Капыль у XVII–XVIII стст.

Звесткі аб тапаграфіі Капыля XVIIXVIII стст. захоўваюць інвентары места. Замак да гэтага часу паступова прыходзіць у заняпад і ў канцы XVII ст. уяўляе сабой феадальную сядзібу без істотных умацаванняў. Цэнтрам Капыля ў XVII–XVIII стст. быў рынак — сучасная плошча Леніна. Згодна з інвентарамі XVII–XVIII стст. рынак складаўся з чатырох кватэр, а пасярод яго знаходзіліся крамы і спіхлеры. Першая кватэра рынку займала паўднёва-заходні бок сучаснай плошчы Леніна. Акрамя мяшчанскіх і шляхецкіх дамоў на ёй размяшчалася плябанія кальвінісцкага збору. У сярэдзіне XVIII ст. шляхецкіх дамоў тут ужо не было, а пераважная большасць будынкаў належала яўрэям.

Другая кватэра рынку займала паўночна-заходні бок сучаснай плошчы Леніна (так званае «прадмесце»). Да сярэдзіны XVII ст. (верагодна, да 1655 г., калі Капыль быў спалены расійскім войскам князя А. Трубяцкога) на рагу другой кватэры і вуліцы Ходзькаўскай (Спаскай) знаходзіўся гасцінны дом. Пазней на яго месцы пазначана мейская важніца. Зараз прыкладна ў гэтым месцы размешчаны фантан на рагу плошчы Леніна і вуліцы Савецкай.

Адна з вуліц Капыля

Трэцяя кватэра рынку займала паўночна-ўсходні бок плошчы Леніна. Памеры пляцоў у трэцяй кватэры былі большымі, чым у першай і другой, а населена яна была пераважна мяшчанамі-хрысціянамі. Тут жа ў XVII – першай палове XVIII ст. размяшчаўся дом пана суддзі земскага. 3 сярэдзіны XVIII ст. у былым судовым доме паказана каталіцкая плябанія.

Чацвёртая кватэра рынку займала паўднёва-ўсходнюю частку сучаснай плошчы Леніна. Структураўтваральнымі элементамі яе з’яўляліся драўляныя будынкі каталіцкага касцёла, вядомага з 1439 г., і  кальвінісцкага збору, збудаванага ў першай палове XVII ст. Тут жа з сярэдзіны XVIII ст. размяшчаліся каталіцкі і кальвінісцкі шпіталі.

Гарадскія вуліцы

Найбуйнейшай вуліцай Капыля XVII–XVIII стст. была Пясецкая (зараз Жылуновіча). Сваёй назвай яна абавязана гандлёвай дарозе на мястэчка Пясочнае, што адыходзіла ад гэтай вуліцы. Пачынаючы з другой паловы XVIII ст. яна змяніла сваю назву на Свяржэнская (ад Свержаня — прыстані на Нёмане) і ў сярэдзіне XIX ст. звалася ўжо менавіта так. Пясецкая вуліца пачыналася ў паўночным кутку рынку і даходзіла да рэчкі Каменкі, дзе крута абрывалася ў раёне сучаснага Савецкага завулка. У пачатку вуліцы, па правым баку, знаходзіўся царкоўны пляц. У 1693 г. на ім размяшчаліся дзве царквы: Раства Багародзіцы і Пакроўская са званіцай, а вуліца мела яшчэ адну назву — Царкоўная. У 1744 г. тут ужо згадваецца толькі царква Раства Багародзіцы. Насупраць царквы, на левым баку Пясецкай вуліцы, знаходзіўся праваслаўны шпіталь. У 1750 г. на правым баку вуліцы Пясецкай згадваецца яшчэ адзін пусты пляц, дзе перад тым быў шпіталь. На рагу Пясецкай вуліцы і Пясецкай дарогі, што адыходзіла ад яе ўправа (сёння гэта скрыжаванне вуліц Жылуновіча і Мінскай), у сярэдзіне XVIII ст. знаходзілася заезная карчма. У канцы Пясецкай, па левым баку, месціўся пляц са студняй для бялення палатна.

Другой па велічыні была вуліца, што ў XVII – пачатку XVIII ст. насіла назву Ходзькаўскай, альбо Спаскай (зараз Савецкая, ад плошчы Леніна да Савецкага завулка). У берчаку 1741 г. і пазнейшых інвентарах яна мела ўжо іншую назву — Нясвіжская. Назва вуліцы Ходзькаўскай сведчыць альбо аб тым, што па ёй хадзілі, а не ездзілі, альбо паходзіць ад антрапоніма Ходзька. Спаскай вуліца магла звацца ад царквы, што некалі знаходзілася на ёй, а Нясвіжскай — ад дарогі, якой сталі ездзіць на Нясвіж праз Пацейкі. Пачаўшыся ў заходнім кутку рынку, вуліца даходзіла да рэчкі Каменкі. Бліжэй да канца вуліцы, па правым баку, здаўна знаходзіўся праваслаўны шпіталь (не выключана, што тут і магла некалі размяшчацца Спаская царква), а ля рэчкі Каменкі з сярэдзіны XVIII ст. здабывалі гліну.

Касцёл святых Пятра і Паўла быў пабудаваны ў 1439 годзе. Як выглядаў спачатку, невядома. Гэты здымак зроблены ў пачатку ХХ стагоддзя. Зараз на месцы касцёла — рэстаран «Колас»

Перпендыкулярна да папярэдняй вуліцы, таксама з заходняга кутка рынку, ішла вуліца, што ў XVII – пачатку XVIII ст. звалася Нясвіжскай. Дакументы сярэдзіны і другой паловы XVIII ст. даюць ужо іншую назву гэтай вуліцы — Клецкая. Абедзве назвы сведчаць аб тым, што вуліца пераходзіла ў гандлёвы гасцінец, якім ездзілі на Нясвіж і Клецк. У 1785 г. сустракаецца яшчэ адна назва гэтай вуліцы — Кавальская тракту Клецкага. Справа ў тым, што на адной з частак гэтай вуліцы жылі рамеснікі-кавалі, якія мелі тут свае кузні. Трасіроўка вуліцы супадала з сучаснай вул. Янкі Купалы на ўчастку паміж плошчай Леніна і вуліцай Камсамольскай, а далей ішла праз сённяшні жылы квартал паміж вул. Янкі Купалы, Пралетарскай, Максіма Горкага і Камсамольскай (менавіта тут і месціліся кузні), пераходзячы ў гасцінец у раёне скрыжавання вул. Максіма Горкага і Пралетарскай. У канцы вул. Клецкай, па правым баку, у сярэдзіне XVIII ст. знаходзіўся фальварак праваслаўных святароў (сёння гэта правы бок вул. Максіма Горкага, прыкладна насупраць зав. Максіма Горкага).

Направа ад Нясвіжскай (Клецкай) вуліцы адыходзіла вуліца Слабоцкая. Да пачатку XVIII ст. яна мела працяг да сённяшняга зав. Пушкіна, а пазней працягнулася да рэчкі Каменкі (сёння гэта вул. Камсамольская ад вул. Янкі Купалы да р. Каменкі). Сваю назву вуліца Слабоцкая атрымала, відаць, ад некалі існаваўшай у гэтым месцы слабады — паселішча, жыхарам якога падчас засялення даваліся пэўныя льготы. На рагу Клецкай і Слабоцкай вуліц у сярэдзіне XVIII ст. знаходзілася аж дзве заезныя карчмы. Добрая палова Слабоцкай вуліцы, асабліва бліжэй да рэчкі Каменкі, была занята мяшчанскімі гумнамі.

Насупраць вуліцы Слабоцкай, налева, уніз ад Нясвіжскай (Клецкай), адыходзіла вуліца Дубніцкая (сёння Камсамольская паміж Янкі Купалы і Трактарнай). Назва вуліцы сведчыць аб тым, што яна некалі выходзіла ў бок дубніку — дубовага гаю. На левым баку Дубніцкай вуліцы знаходзілася яўрэйская школа, вядомая ўжо у XVII ст. Яшчэ далей, на ўскрайку, ад Нясвіжскай (Клецкай) вуліцы налева, уніз, у бок млына, адыходзіў Дубніцкі завулак (сёння вул. Пралетарская паміж Максіма Горкага і Трактарнай). У 1701 г. жылыя будынкі на ім адсутнічалі. У 1741 г. завулак быў ужо жылым і зваўся вуліцай Задні Роў. Назва яе адпавядала канфігурацыі трасы, якая праходзіла ў рове на ўскрайку места.

Ад рынку ў бок замка, у лог, стромка спускалася вуліца Лаговая (сёння Замкавая ад пл. Леніна да Мажы). У XVI–XVII стст., калі замак выконваў адміністрацыйна-судовыя функцыі, яна мела вялікае значэнне ў гарадской планіроўцы (у 1642 г. пляцы гэтай вуліцы паказаны ў складзе трэцяй кватэры рынку). Пазней, з заняпадам замка, змянілася і роля Лаговай вуліцы. У сярэдзіне XVIII ст. на ёй знаходзіліся дзве каталіцкія юрздыкі — «касцёльная» і «падгорная» (знаходзілася пад гарой), а каля ракі — яшчэ адзін пляц для бялення палатна. У 1780 г.  яна мела назву Лаговая Узамкавая.

У квартале паміж сучаснымі вуліцамі Замкавай і Партызанскай, непадалёк Замкавай гары, у XVIII ст. праходзіла невялікая вуліца На падзамчы.

Направа ад Слабоцкай вуліцы пад прамым вуглом у пачатку XVIII ст. ішла вуліца Крыжовая, якая злучала тады Слабоцкую і Ходзькаўскую вуліцы (сёння гэта адрэзак вул. Максіма Горкага паміж Камсамольскай і Савецкай). Сваю назву яна магла атрымаць ад таго, што пад прамым вуглом скрыжоўвалася з больш буйнымі вуліцамі Ходзькаўскай і Слабоцкай. Працяг Крыжовай вуліцы на ўчастку паміж Ходзькаўскай і Пясецкай у пачатку XVIII ст. зваўся Завулкам з вуліцы Ходзькаўскай (зараз вул. Максіма Горкага паміж Савецкай і Жылуновіча). У сярэдзіне XVIII ст. Крыжовая і Завулак з Ходзькаўскай вуліцы сталі адной вуліцай. Яе назва падаецца ў інвентарах як Папярэчная (праходзіла ўпоперак да іншых вуліц), або Затыльная (праходзіла з тыльнага боку рынкавых пляцоў).

Паралельна Завулку з вуліцы Ходзькаўскай паміж Пясецкай і Ходзькаўскай вуліцамі ў пачатку XVIII ст. праходзіў Завулак вуліцы Пясецкай (сёння завулак Пушкіна паміж Жылуновіча і Савецкай). У сярэдзіне XVIII ст. завулак стаў звацца вуліцай Ходзькаўскай (не блытаць з Ходзькаўскай — Савецкай), якая была падоўжана ў бок вуліцы Слабоцкай (сёння ўчастак зав. Пушкіна паміж Савецкай і Камсамольскай), дзе сутыкалася з так званай Прыгуменнай вуліцай. Гэтая вуліца не згадваецца ў пераліку вуліц места. Відаць, гэта была прылеглая да горада дарога, па якой дабіраліся да гумнаў.

Прыкладна так выглядалі вуліцы ў Капылі

Направа ад Нясвіжскай вуліцы, як працяг Дубніцкага завулка, на пачатку XVIII ст. адыходзіў невялікі завулак з Нясвіжскай вуліцы (пачынаўся ў месцы скрыжавання сённяшніх вуліц Горкага і Пралетарскай, а трасіроўка яго магла адпавядаць адной са згаданых вуліц), на якім адсутнічалі жылыя будынкі. У сярэдзіне і другой палове XVIII ст. гэты завулак ужо не згадваецца.

У сярэдзіне XVIII ст. у Капылі з’явіліся дзве новыя вуліцы: Слуцкая і Броварная. Вуліца Слуцкая (сёння Партызанская ад пл. Леніна да р. Мажы) ішла ад рынку ў бок замка і Слуцкага гасцінца. 3 боку заезду ў места на ёй была размешчана карчма. Вуліца Броварная (сёння Трактарная паміж Пралетарскай і Партызанскай) праходзіла ўздоўж р. Мажы i става ад млына да Слуцкай вуліцы. На ёй былі размешчаны кагальская лазня і некалькі бровараў.

Гарадскія могілкі

Асобнае месца ў гарадской прасторы Капыля займалі могілкі. У XVIII ст. яны размяшчаліся ў цэнтры места, побач з будынкамі царквы, касцёла і кальвінісцкага збору адпаведна. 3 канца 1790-х гадоў усе могілкі былі вынесены за тагачасныя межы паселішча. Адбылося гэта ў адпаведнасці з законам, які забараняў размяшчэнне могілак у межах населеных пунктаў. Так, каталіцкія могілкі размясціліся на тым жа месцы, што і зараз (у 1848 г. на іх была пабудавана капліца святога Роха), кальвінісцкія — побач з каталіцкімі, бліжэй да цэнтра мястэчка, а праваслаўныя — на месцы сучаснага стадыёна (былі знесены ў 1970-я гады, зараз на іх асноўнай частцы размешчана трыбуна стадыёна). Яўрэйскія могілкі — «керкос», як яны названы ў інвентарах, ― спрадвеку размяшчаліся за мяжой мястэчка на стромкай гары за ракой Мажай (каля сучаснага будынка канторы гаргазу). Відаць, да XIX ст. трэба адносіць з’яўленне татарскіх могілак, якія знаходзіліся на схіле надпоплаўнай тэрасы левага берага Мажы.

Гарадскія храмы

Варта адзначыць, што археалагічныя назіранні за землянымі работамі, праведзеныя ў гістарычным цэнтры Капыля, зафіксавалі наяўнасць культурнага слоя з матэрыяламі XVIII ст. у раёне плошчы Леніна, вуліц Янкі Купалы, Максіма Горкага і Трактарнай. Іншыя кварталы гістарычнага цэнтра археалагічна пакуль не вывучаны. Асобна магла развівацца частка паселішча за ракой Каменкай, дзе знаходзілася Барысаглебская царква (як вядома, святыя Барыс і Глеб з’яўляліся апекунамі княжацкай улады). Гэтае месца (зараз тут размешчана аўтастаянка насупраць уезда ў зону адпачынку) згадваецца яшчэ ў 1693 г. як «царквішча даўне». Да 1786 года адносіцца згадка аб пераносе ў былыя часы прыпісной Барысаглебскай царквы ў цэнтр места, на Пясецкую вуліцу, дзе згарэлі стаяўшыя там дзве царквы. Між іншым адзначалася, што Барысаглебская царква знаходзілася ў паўвярсце за местам і была пабудавана некалі жыўшымі там жыхарамі, якіх зараз (у 1786 годзе — М.М.) нікога няма і жылля ніякага не маецца. Пра час пачатку і спынення жыцця ў гэтай мясцовасці без дапамогі надзейных археалагічных крыніц меркаваць цяжка.

Назвы зямельных надзелаў

Інвентары XVII–XIX стст. захоўваюць пералік сельскагаспадарчых надзелаў, якімі карысталіся капыляне. Сярод іх згадваюцца валокі старыя (на правым беразе Мажы) і новыя (на левым беразе Мажы), гуменніцы, агароды, палі, сенажаці з такімі назвамі, як Казакоўшчына, Салуянаўшчына, Яцкоўшчына, Засценак, Пікулёўшчына, Вялікая і Малая Байкоўшчына, Шусціна, Салаўёўшчына, Грыцава гара (тут месціўся пляц залажэння Барысаглебскай царквы), Падзамча, Клебаншчына, Каменшчына, Старына, Рэпішкі, Крыніца, Русанкі, Круглы поплаў, Глыбокі лог, Горкі, Падмажа, Звярыная яма, Грэбелька, Аножкі, Княжне балота, Шылніч-кут. Большасць гэтых зямель зараз знаходзіцца пад гарадской забудовай.

Абапіраючыся на даныя інвентара 1744 г., дзе паказана абмежаванне надзелаў, можна меркаваць, што Яцкоўшчына знаходзілася ў раёне сучаснай вул. Максіма Горкага (ад скрыжавання з Пралетарскай у бок выезда з горада), Засценак месціўся ў раёне квартала вуліц Пралетарскай і Працоўнай, Пікулёўшчына знаходзілася ў раёне вуліц Ручаёвай і Камсамольскай (за р. Каменкай), Малая Байкоўшчына размяшчалася паміж вуліцамі Савецкай і Жылуновіча ў раёне сучаснай бальніцы, Вялікая Байкоўшчына — паміж Жылуновіча і Мінскай (за p. Каменкай), Шусціна знаходзілася паміж вуліцамі Мінскай і Дзяржынскага, Салаўёўшчына — у раёне аўтастанцыі, Грыцава гара — уздоўж вул. Заазёрнай 2-й, Падзамча — каля замка, Клебаншчына — у раёне сучасных каталіцкіх могілак. Каменшчына знаходзілася на ўсход ад горада, Старына — за Старым Капылём, Рэпішкі — у бок Аножак.

Планіроўка цэнтральнай часткі мястэчка, амаль нязменна, захавалася да сярэдзіны XX ст., а развіццё паселішча ў XIX – першай палове XX ст. ішло за кошт забудовы зямель былых сельскагаспадарчых надзелаў. Вуліцы, па якіх сёння ходзяць капыляне, маюць чатырохсот-пяцісотгадовую гісторыю.

Мікалай МАРОЗ,

пісьменнік, публіцыст



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *