24 августа в Копыле прошли районные «Дожинки-2019». История появления праздника в районе

Актуально Урожай-2019 Экономика

Дажынкі ў Беларусі, у тым ліку і на Капыльшчыне, Свята з вялікай літары. Падстава — Дзяржаўная праграма па адраджэнні вёскі, згодна з якой з 1996 года Дажынкі менавіта як рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі праводзіліся ў Беларусі штогод.

А пачынаючы з 2014 года фармат свята змяніўся на лакальны — фестываль у адным з раённых цэнтраў Беларусі кожная вобласць ладзіць самастойна. На ўзроўні раёнаў Дажынкі вырашана праводзіць на базе аднаго з аграгарадкоў або самога райцэнтра.

«Мы адрадзілі традыцыю…», так калісьці сказаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка пра ўсенароднае свята Дажынкі.   

У чым жа асаблівасці і сэнс мерапрыемства, як адзначалі яго — адказы на гэтыя пытанні мы шукалі ў розных часах і розных крыніцах.

З вытокаў даўніны

Па-першае, чаму свята называецца — Дажынкі? Дажынкі — гэта трэці элемент традыцыйнага беларускага рэлігійна-рытуальнага «трыпціха», звязанага з ўборачнымі работамі. У яго ўваходзяць так званыя «агледзiны i пакрыванне поля», «зажынкi» і ўласна «Дажынкі» як канчатак жніва. Вось што напісана ў Вялікай савецкай энцыклапедыі: «Дажынкі, старадаўні абрад, які азначае канец жніва. Гэты абрад вядомы ва ўсіх земляробчых народаў, у прыватнасці ў славян, немцаў і інш… Апошні сноп, складзены са зрэзаных усімі жняцамі каласоў, перавіты кветкамі або адзеты ў жаночую сукенку, урачыста прывозілі ў сяло або пакідалі ў полі да наступнага жніва. Дажынкі суправаджаліся радаснымі песнямі і танцамі».

У Мінскай губерні апошні дажыначны сноп апраналі ў хустку, у жаночую сарочку і звалі яго «бабай». Жнеі ставілі бабу на ўскраіне поля, садзіліся вакол і ладзілі застолле. Потым накіроўваліся да хаты гаспадара, па дарозе спявалі, а з сабою неслі «бабу». У хаце яе ставілі ў куце, пад іконамі. Пасля рэвалюцыі 1917 года і да Вялікай Айчыннай вайны звычаі зажынак і дажынак моцна не змяніліся. У 19601970-х гадах актыўна ўкараніліся сацыялістычныя абрады. Праводзіліся свята першага снапа і свята ўраджаю.

▪ Кацярына Дзятловіч вітае камбайнераў. Канец 80-х гадоў ХХ ст.

Карэкціроўкі часу

Ішоў час. Мяняліся ўмовы працы, выкарыстоўваліся новыя тэхніка і тэхналогіі. Усё гэта ўносіла змены ў народныя традыцыі, у тым ліку аказала ўплыў і на старадаўнія «зажынкі» і «дажынкі». Значна скарацілася колькасць удзельнікаў жніва. Калі раней галоўнымі дзеючымі асобамі былі жнеі, то ў новых умовах галоўнымі ва ўборцы ўраджаю сталі механізатары, працаўнікі збожжатакоў і г.д. Аднак традыцыйныя народныя рытуалы зусім не зніклі: як і раней, жнеі з сярпамі выступаюць абавязковымі ўдзельнікамі Дажынак, захаваліся  вянок з каласоў, каравай са збожжа новага ўраджаю, дажыначны сноп, які звычайна ўручаюць кіраўніку гаспадаркі. Вянкамі, хлебам-соллю вітаюць лепшых майстроў уборкі. Дапаўняюць свята канцэрты мастацкай самадзейнасці.

За гады дзяржаўнай самастойнасці Дажынкі ператварыліся ў рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі, дзе кожны год у апошнія дні жніўня краіна дзякуе сваім хлебаробам за самаадданую працу.

Першыя адроджаныя Дажынкі прайшлі ў 1996 годзе ў Століне Брэсцкай вобласці, дзе яшчэ з савецкіх часоў на мяжы Беларусі і Украіны, каля Манумента дружбы, восенню традыцыйна ладзілі свята-кірмаш.

Па старонках газет пажаўцелых

На Капыльшчыне, хоць і не так маштабна, Дажынкі адзначалі і раней. Пра гэта не аднойчы пісалі на старонках газеты «Слава працы». Напрыклад, у 1989 годзе першымі справілі Дажынкі хлебаробы калгаса імя Ціміразева. Ды і хлебнае поле ў раёне было, бадай, самае вялікае — 1700 гектараў. «Але зладжаная работа ўсяго ўборачнага канвеера дазволіла працаўнікам гаспадаркі першымі ў раёне адзначыць Дажынкі. У агульным поспеху важкі ўклад усіх 20 экіпажаў, — так паведамляе нумар «Слава працы» за 10 жніўня. — З першых дзён жніва лідарства захапіў экіпаж у складзе Аляксандра Віктаравіча Караля і Мікалая Васільевіча Падневіча. Іх «Дон-1500» працаваў надзейна… Словы заслужанай пахвалы варта адрасаваць экіпажам А.А. Лазарэнкі і В. Лазука, У.Ф. Коберэца і М.І. Войтава, М.Я. Ушоліка і С.М. Шклярэўскага, якія намалацілі ад 655 да 850 тон збожжа. Ураджайнасць на круг перавышае 40 цэнтнераў. Сярод вадзіцеляў вызначыўся В.І. Люты, які на аўтамашыне МАЗ-503 перавёз 1080 тон збожжа».

У 1997 годзе першымі на раённым узроўні справілі «Дажынкі» ў калгасе «Праца», дзе ўборка збожжавых завершана за тры тыдні. «У цэлым сабраны добры ўраджай — 2,5 тысячы тон. Пальму першынства пастаянна трымаў экіпаж Аляксандра Віслаўскага і Івана Сыцько. На «Дон-1500» яны ўбралі каласавыя на 191 гектары і намалацілі 711 тон збожжа. На СК-5 «Ніва» лепшыя паказчыкі ў экіпажа Леаніда і Івана Макаўчыкаў. Зусім мала ўступіў яму экіпаж у складзе Уладзіміра Петрусевіча і Ігара Касцюкевіча… Больш за усіх — 729 тон збожжа ― на ГАЗ-53 перавёз Уладзімір Бухавец. Не падводзіць бацьку і сын Анатоль, на рахунку якога 500 тон дастаўленага збожжа».

У гэтым жа годзе другі раз святкавалі фестываль «Дажынкі-97» на рэспубліканскім узроўні. Ён адбыўся 10 верасня ў г. Масты Гродзенскай вобласці. Пра тое, як адзначалі там нашых землякоў, зноў-такі паведамляе раённая газета: «Па выніках рэспубліканскага спаборніцтва на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур экіпаж СК-5 «Ніва» з калгаса імя Ціміразева ў складзе Мікалая Мікалаевіча Бутрымовіча і Аляксандра Іванавіча Яшына ўвайшоў у пяцёрку лідараў Мінскай вобласці, якія атрымалі першыя прэміі і, адпаведна, узнагароды — аўтамабіль і матацыкл… 229 гектараў убраў экіпаж, намалаціўшы 848 тон збожжа… Дзмітрый Лавачнікаў і Ігар Васілеўскі — маладзёжны экіпаж з АМП «Капыльскае». На камбайне СК-5 «Ніва» намалацілі за сезон 530 тон збожжа. Атрымалі адпаведна тэлевізар і веласіпед… Іван Насевіч, вадзіцель калгаса «Прагрэс», перавёз на аўтамабілі МАЗ 1153 тоны збожжа. На фестывалі адзначаны тэлевізарам».

Гучала свята па калгасах

Пра тое, як Дажынкі святкавалі амаль у кожнай гаспадарцы раёна і адзначалі на іх лепшых хлебаробаў, вяскоўцы памятаюць добра. Іх успаміны — гэта таксама частка гісторыі. Напрыклад, колішні сакратар партарганізацыі саўгаса «Цімкавіцкі» Кацярына Яфімаўна Дзятловіч з захапленнем расказвае, як любілі Дажынкі вясковыя жыхары, як старанна рыхтаваліся да іх. Адзначалі ўжо пасля таго, як з палеткаў быў убраны апошні каласок. Гэта была сярэдзіна або апошнія дзянькі жніўня. Напярэдадні самога свята рыхтавалі жанчын, якія прыгожа спявалі песні, нават і рэпетыцыі праводзілі. З Цімкавіцкай школы запрашалі настаўніка Лазоўскага, які прыгожа іграў на баяне. Прама на зямлі, на полі, дзе яшчэ зусім нядаўна расло збожжа, рассцілалі абрусы. На свята запрашалі ўсіх тых, хто старанна працаваў: камбайнераў і іх памочнікаў, загадчыкаў збожжасховішчаў, галоўнага агранома, вадзіцеляў, якія шчыравалі на адвозцы збожжа. З нецярпеннем працаўнікі чакалі таго моманту, калі пачнуць падводзіць вынікі, таму што лідары жніва заўсёды атрымоўвалі ўзнагароды. У гэты дзень усе шчыра святкавалі заканчэнне «хлебнай» працы, спявалі і танцавалі. «Усяго на жніве працавалі 11 камбайнаў, — упэўнена называе лічбы Кацярына Яфімаўна. — У саўгасе было 3600 гектараў сельгасугоддзяў, з іх — 2860 пашы. Збожжавыя займалі 50% зямель».

▪ Ванда Шыманоўская (другая злева) з Антанінай Падамацкай, Мікалаем Байрашам, Віктарам Давідоўскім і Аляксандрам Карпінскім. 2001 год

Такім жа цікавым запомніла свята і былы галоўны эканаміст калгаса «Пралетарый» Ванда Іванаўна Шыманоўская, стаж якой менавіта на адной пасадзе, у адной названай гаспадарцы складае 42 гады.

— Я паспела папрацаваць з чатырма старшынямі, але больш за ўсё памятаю Кірбуця Аляксандра Ільіча. Гэта быў сапраўдны моцны кіраўнік. З ім мне пашчасціла працаваць амаль чвэрць стагоддзя. Пры Кірбуцю Дажынкі святкавалі найбольш масава, — з задавальненнем дзеліцца ўспамінамі Ванда Іванаўна. — Дажынкі — вясёлае свята. Збіраліся ўсе, хто працаваў на жніве: і механізатары, якія аралі, і тыя, хто ўбіраў збожжа, і хто адвозіў. Свята ладзілі ў Душаве каля лесу, ёсць там вельмі прыгожае месца. Лепшыя механізатары дзяліліся сакрэтамі сваіх поспехаў. У іх ліку заўсёды былі Ліхадзіеўскі Аляксандр Іванавіч і яго сын ― таксама Аляксандр, Мароз Анатоль Іванавіч, Лабацэвіч Алег Мікалаевіч. Выступалі і старшыня, і галоўны аграном, і мне заўсёды слова давалі. Смачныя стравы для свята гатавалі ў сталоўцы. Гулялі весела да самай ночы. Пасля таго, як Аляксандра Ільіча не стала, традыцыю прадоўжыў яго пераемнік Мікалай Байраш. У мяне захоўваецца здымак, зроблены ў 2000 годзе, на якім падчас святкавання Дажынак разам са мною стаяць старшыня прафкама Антаніна Падамацкая, старшыня калгаса Мікалай Байраш, галоўны аграном Віктар Давідоўскі і галоўны інжынер Аляксандр Карпінскі.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *