У жителя д. Поповцы необыкновенная коллекция

2018-2020 - год малой Родины Важное Общество

У кожнага — сваё захапленне. Галоўнае, каб яно прыносіла карысць і задавальненне не толькі сабе, але і іншым. Такім захапленнем, у якім сучаснасць цесна пераплецена з мінулым, для жыхара вёскі Папоўцы Фёдара Новіка стала калекцыяніраванне. На падвор’і і ў самой хаце знайшлі сваё месца самыя розныя рэчы. Але пра ўсё па парадку.

■ Гадзіннікі — частка калекцыі

Усё пачалося са старых гадзіннікаў, якія Фёдар Уладзіміравіч знайшоў у бацькоўскай хаце некалькі гадоў таму. Іх было мо 10. Адзін, як высветлілася пазней, у 1956 годзе падарылі матулі. Далей — болей. Паказаў знаходкі сябрам у Слуцку, дзе працаваў і жыў. Кожны прыняў гэта як своеасаблівы сігнал і пачаў прыносіць розныя старадаўнія рэчы. Паступова ў слуцкі гараж Новіка (а «нараджалася» калекцыя менавіта там) прыносілі ўсё, што можна: старыя фотакамеры, магнітафоны, прасы, нажніцы, чайнікі, прадметы сялянскага быту і шмат чаго іншага. Пасля таго, як у гаражы перастала хапаць месца, Фёдар Новік перавёз калекцыю ў бацькоўскую хату ў Папоўцах. Кожнаму прадмету знайшлося сваё месца. Напрыклад, пад столлю амаль навагоднімі гірляндамі развешаны відэльцы, лыжкі, бязмены, нажніцы. На драўляных паліцах «абжыліся» старыя радыёпрыёмнікі, тэлефоны, газавыя лямпы. Дарэчы, тыя некалькі тэлевізараў, якія зараз у калекцыі, — усе ў рабочым стане. Над шафай прываблівае позірк транспарант «Слава Октябрю», чырвоны колер якога аказаўся непадуладны часу. Жонка Тамара Іванаўна не адразу прыняла захапленне мужа, але з часам ацаніла і зараз ўпэўнена: любая работа вартая добрай ацэнкі, а тым больш такая маштабная.

■ Фёдар Новік паказвае рубанкі

У двары размешчаны іншыя прадметы: асобную ўвагу звяртаюць на сябе каструлі, так званыя «ўцятніцы» савецкага часу, прылады сялянскай працы розных гадоў. З радзімы жонкі, Старадарожчыны, «прыехалі» ночвы, калаўроты, маслабойкі, чыгункі, бочкі самых розных форм. Амаль пад страхой роўнымі радочкамі стаяць рубанкі і іншыя прылады сталяра.

Яшчэ адна дэталь, якая не тычыцца калекцыі, але звяртае на сябе ўвагу, — шматлікія афарызмы і цытаты на самыя розныя жыццёвыя тэмы. Раздрукаваныя на прынтары, яны прымацаваны да міжпакаёвых дзверцаў, на шафы і сцены.

■ Прасы, фотакамеры і лямпы сваё месца знайшлі

— Гэтыя выразы я знайшоў у розных крыніцах, яны спадабаліся, і, калі задумаешся, вымушаны пераканацца ў іх справядлівасці, — каменціруе гаспадар.

Дарэчы, Фёдар Новік — чалавек адукаваны, у мінулым — верталётчык. Пасля Грозаўскай СШ скончыў Смілавіцкі сельгастэхнікум. Потым пэўны час рабіў пчаляром. Падчас службы ў ракетных войсках Узброеных Сіл СССР па парадзе камандзіра паступіў у Калінінградскае ваеннае вучылішча, скончыўшы якое доўгі час сядзеў за штурвалам верталёта МІ-6. Давялося служыць нават у польскім горадзе Шчэціне. Ваенную службу пакінуў пасля таго, як перастаў існаваць Савецкі Саюз. Потым жыў і працаваў у Слуцку, зараз вярнуўся ў родныя мясціны. Год таму ўладкаваўся на новую МТФ у Грозаве, але па стане здароўя працу прыйшлося пакінуць. Бацька памёр даўно, а мама жыве ў дачкі ў Слуцку. Дарэчы, мама — сапраўдная майстрыха. Фёдар Уладзіміравіч беражліва захоўвае «тканкі», вырабленыя яе рукамі.

■ Рэчы сялянскай даўніны

Па суседстве з Новікамі жыве яшчэ адна майстрыха, пра якую Фёдар Уладзіміравіч расказвае з захапленнем, — Рэгіна Эдуардаўна Дудзік. І на самай справе: уваходзіш у хату — і дзівішся той прыгажосці, якая зараз называецца модным словам «хэндмэйд», а перакладаецца проста: «Зроблена ўручную». Усё жыццё жанчына захаплялася вышываннем. Працавала даяркай, а ў кожную свабодную хвілінку стварала прыгажосць. Назбіралася вышыванак шмат, і зараз яны ўпрыгожваюць галоўны пакой. Па белай тканіне рознакаляровай гладдзю вышыты чароўныя кветкі.

■ Вышыванкі Рэгіны Эдуардаўны Дудзік

— Іх было болей, але сын пазабіраў, — крыху хвалюючыся, дзеліцца 74-гадовая Рэгіна Эдуардаўна. — Зараз да яго амаль кожную нядзелю, як у музей на выставу, прыходзяць знаёмыя падзівіцца на вышыванкі.

Праўду кажуць, дзіўнае — побач, толькі трэба ўмець убачыць, заўважыць, не прайсці міма. А такія вось людзі, якія маюць свет сваіх захапленняў, — ці не яны і робяць яго больш яркім?..

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *