Создание образцовой благоустроенности — приоритетное направление Докторовичского сельисполкома

2018-2020 - год малой Родины Важное Общество

Стварэнне ўзорнай добраўпарадкаванасці ў кожным населеным пункце, на вытворчых тэрыторыях, месцах пахавання ў рабоце кіраўніцтва Доктаравіцкага сельвыканкама з’яўляецца прыярытэтным напрамкам.

На тэрыторыі сельсавета прыгажосць ствараюць сумесна. А зрабіць гэта ўдаецца дзякуючы падтрымцы насельніцтва і істотнай дапамозе кіраўнікоў арганізацый, а таксама ініцыятыўнасці актывістаў і дэпутатаў.

Па словах старшыні сельвыканкама Міхаіла Валуевіча, у кожнай вёсцы сельсавета маюцца надзейныя памочнікі, што неабыякава ставяцца да таго, у якім стане знаходзяцца іх паселішчы, іншыя мілыя сэрцу мясціны. Гэтыя людзі, вобразна кажучы, ідуць у народ і ўгаворваюць жыхароў падтрымаць уласнымі сродкамі і асабістым удзелам патрэбныя грамадска карысныя мерапрыемствы. І такіх памагатых у кіраўніцтва сельвыканкама нямала. Гэта Таццяна Матусевіч, Валерый Рудзеня, Анатоль Рашкевіч, Ганна Жаўрыд, Аксана Цагойка, Алена Шалабанава, таццяна Шайпак, Ганна Бахта, Яніна Цітова і многія іншыя. Дзякуючы такім актывістам цяпер пануе парадак. Давераныя асобы старшыні Савета і дэпутаты не толькі збіраюць неабходныя сумы грошай, але і арганізоўваюць людзей на суботнікі.

— Добра, калі прадстаўнікі ўлады і насельніцтва гавораць на адной мове — тады і праблемы вырашаюцца хутчэй, — адзначае Міхаіл Валуевіч. — Безумоўна, трэба і самім быць у курсе ўсіх падзей — і па меры магчымасці дапамагаць людзям у іх справах. Вельмі імпануе такая падтрымка нашых пачынанняў жыхарамі, і такая апора дазваляе вясковай уладзе больш упэўнена планаваць дзейнасць на будучае. Працэс добраўпарадкавання бесперапынны, патрабуе пастаяннага клопату, таму і спраў яшчэ зрабіць неабходна шмат. Напрыклад, абустроена дзіцячая пляцоўка ў Новых Доктаравічах з прыцягненнем сродкаў насельніцтва, у планах — стварэнне спартыўнай пляцоўкі для падлеткаў і моладзі.

Каля вадаёма ў в. Астравок сумесна з КСУП «Доктаравічы» працягваецца абсталяванне пляжа, сёлета зроблены выратавальны пост, устаноўлены вагончыкі для дзяжурных і захоўвання інвентару.

Шмат работы праводзіцца па ўключэнні пустуючых зямельных участкаў у севазварот. Сёлета  каля  10–12  га  павінны  быць уведзены ў в. Калінава. Распрацоўкай займаецца прыватная асоба, якой потым будуць перададзены землі для агародніцтва. Такім чынам, не затрачваюцца бюджэтныя сродкі і адначасова наводзіцца парадак на зямлі.

Згодна   з  Указам  Прэзідэнта    Беларусі № 357 вядзецца работа са старымі, закінутымі дамамі. Так, у в. Перавоз сёлета запланаваны знос пяці такіх пустуючых пабудоў. У гэтым жа населеным пункце за кошт сродкаў насельніцтва ўстаноўлена бетонная агароджа на грамадзянскіх могілках.

Працягваецца на тэрыторыі сельсавета і азеляненне. Напрыклад, летась была пасаджана рабінавая алея ў Новых Доктаравічах, сёлета сумесна з Ванелевіцкай СШ закладзена бярозавая алея з 75 дрэўцаў у гонар 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Сельвыканкам у справе навядзення парадку на зямлі найперш выступае як накіроўваючая сіла, якая вядзе насельніцтва ў патрэбнае рэчышча. Вясковая ўлада робіць стаўку больш на растлумачальную  дзейнасць. Таму, калі нейкаму гаспадару патрэбна ўказаць на недахопы, то кіраўніцтву дастаткова правесці з уладальнікам проста прафілактычную гутарку ці выпісаць прадпісанне. Апошніх сельвыканкамам за паўгоддзе выдадзена грама-дзянам больш як сотня, але ўсе ўказаныя ў іх хібы выпраўлены ў вызначаныя тэрміны. Садзейнічае прыгажосці ў вёсках і праводзімы штогод у сельсавеце конкурс на лепшае падвор’е. Колькасць гаспадароў сядзіб, якія прымаюць удзел у гэтым мерапрыемстве, пастаянна расце, а гэта прамое сведчанне таго, што вяскоўцы ўсё больш увагі надаюць добраўпарадкаванню. І такія адносіны — выдатны знак, што ў Доктаравіцкім сельсавеце жывуць дбайныя гаспадары, якія імкнуцца, каб іх малая радзіма толькі прыгажэла і квітнела.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *