Выпускница гимназии № 1 г. Копыля Юлия Конончик набрала наивысший балл во время вступительной кампании

Важное Время молодых

Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання абітурыентка атрымала 100 балаў па беларускай мове. Да гэтай перамогі гімназістка ішла разам з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Жаннай Лапоткай.

На рэпетыцыйных тэсціраваннях Юлія Канончык набірала 82, 86 і 88 балаў. З дзявятага класа дзяўчынка з’ўлялася актыўнай удзельніцай алімпіяднага руху. Каб паказаць нядрэнныя вынікі, некалькі разоў на тыдзень па некалькі гадзін рыхтавалася і са школьным настаўнікам, і дома самастойна. Усё разам і дало такі добры вынік.

— Юля — творчая і ўсебакова развітая дзяўчынка, стараецца кожную хвіліну выкарыстоўваць з карысцю, — дзеліцца педагог Жанна Мечыславаўна. — Сёлета яна стала пераможцай раённай алімпіяды па беларускай мове, а таксама прыняла ўдзел у III этапе абласной алімпіяды па вучэбных прадметах. Залатая медалістка сур’ёзна адносілася да школьных заняткаў, таму ўсе прадметы заўсёды ішлі на «ўра». Чаму Юля абрала менавіта беларускую мову — бо мы знайшлі адна адну. На ўроках мне з ёй заўсёды было лёгка, дарэчы, яна рыхтавала і дадатковы матэрыял, які быў цікавым не толькі для яе самой, але і для аднакласнікаў. А яшчэ Юля вельмі сціплая дзяўчынка, заўсёды прыйдзе на дапамогу, вельмі прыгожа малюе. Цудоўна, калі навучэнцы радуюць сваіх педагогаў, а іх добрыя вынікі — прычына ганарыцца імі. Юля марыць стаць студэнткай медыцынскага ўніверсітэта, спадзяюся, што яе мара здзейсніцца.

Дарэчы, задоўга да здачы цэнтралізаванага тэсціравання вучаніца 11-га класа СШ № 2 г. Капыля Вера Васілеўская ўжо атрымала 100 балаў. Дыплом І ступені па рускай мове і літаратуры, які дзяўчынка заваявала па выніках III этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, згодна з правіламі прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы будзе прыраўнаваны да найвышэйшага бала пры здачы ЦТ па прадмеце.

Дзяўчынка ўпэўнена: каб набраць 100 балаў на ЦТ, дастаткова школьных падручнікаў і некалькіх дадатковых метадычных дапаможнікаў. Дарэчы, галоўным навучальным дапаможнікам для Юлі стаў зборнік вучэбна-трэніровачных тэстаў С.І. Цыбульскай.

— Ад тэсціравання я чакала добрага выніку — вельмі хацелася здаць яго хоць бы на 90, — адзначае Юля. —  Гэта ўдача, што мне трапіўся варыянт, які быў паспяховым для мяне. А ўвогуле, ёсць пэўная схема і сістэма ў ЦТ. Прааналізаваўшы трэцяе рэпетыцыйнае тэсціраванне, ты пачынаеш разумець алгарытм і тое, што ад цябе хочуць. А валодаючы добрым слоўнікавым запасам, можна атрымаць той вынік, які нават не чакаеш.

Свой 100-бальны сертыфікат разам з дакументамі Юля падала ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на лячэбны факультэт. Дзяўчына ўпэўнена, што толькі дзякуючы сумеснай працы педагогаў і яе зацікаўленасці пры падтрымцы бацькоў яна мае такі высокі вынік. Будучым абітурыентам Юля раіць: каб дабіцца поспехаў на ЦТ, трэба не ленавацца, плённа працаваць — і тады абавязкова дасягнеце, чаго хацелі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *