Представители Копыльского района приняли участие в областном велотуре

75-летие освобождения Беларуси Важное

Каля 600 спартсменаў-аматараў са сталічнага рэгіёну прынялі ўдзел у абласным веласіпедным туры, прысвечаным Году малой радзімы і 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

■ Наталля Якубіцкая (другая злева) на старце велапрабегу

Дэлегацыя Капыльшчыны на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Ірынай Кісляк таксама адправілася ў Мядзельскі раён, які прымаў аздараўленчы і патрыятычны праект у гэтым годзе.

Старт велапрабегу дадзены раніцай у дзіцячым цэнтры «Зубраня». Прывітала спартсменаў-аматараў старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая, якая таксама прымала ўдзел у гэтым велатуры. Яна пажадала гоншчыкам яркіх станоўчых эмоцый і спартыўнай рызыкі:

— Хачу адзначыць важнасць і значнасць гэтага велапрабегу. Бо спорт — гэта здароўе. Жадаю, каб вы заўсёды імкнуліся да здаровага ладу жыцця, далучалі да спартыўнага руху людзей, якія побач з вамі, сваіх калег, асабліва моладзь.

■ Дэлегацыя Капыльскага раёна

Больш за 30 каманд, у склад якіх увайшлі работнікі падраздзяленняў Мінаблвыканкама, апаратаў гар- і райвыканкамаў, старшыні раённых і Жодзінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў, прадстаўнікі сілавых структур, а таксама арганізацый, прадпрыемстваў і грамадскіх аб’яднанняў, пераадолелі маршрут у 31 кіламетр. Дыстанцыя праходзіла па шашы і перасечанай мясцовасці. Веласіпедысты здзейснілі два прыпынкі — у курортным пасёлку Нарач і каля помніка воінам, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, размешчанага ў вёсцы Мінчакі. Галоўная ідэя тура — не толькі папулярызацыя здаровага ладу жыцця, але і беражлівыя адносіны да памяці загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны.

— З вялікім задавальненнем кожны год удзельнічаем у такіх рэгіянальных веласіпедных турах, — падзялілася ўражаннямі старшыня Капыльскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк. — Традыцыйна ўсё арганізавана на належным узроўні. Наша каманда паспяхова пераадолела дыстанцыю. Уражанні — проста выдатныя. Зрабілі два прыпынкі па шляху. Спачатку палюбаваліся Нараччу і трошкі перадыхнулі, а потым усклалі кветкі да помніка савецкім воінам. Самае важнае для нас было проста праехацца, пагутарыць, палюбавацца беларускай прыродай. Прыемна было адчуць падтрымку, узаемавыручку не толькі членаў нашай каманды, але і іншых.

Фінішаваў тур на гарадскім пляжы Мядзела. Тут жа ўсе жадаючыя змаглі прыняць удзел у спартыўных спаборніцтвах. А ўвечары ўдзельнікаў велапрабегу, жыхароў і гасцей горада чакала канцэртная праграма, якая адбылася на сцэне пад адкрытым небам.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *