Василий Васильевич и Татьяна Петровна Сенюки из Семежева отметили золотую свадьбу

Актуально Общество

Шчырасць і гасціннасць аднаго з дамоў у Семежаве, дзе жывуць залатыя юбіляры Васіль Васільевіч і Таццяна Пятроўна Сенюкі, адчуваецца адразу. Нават сабака Мухтар падае голас хутчэй  у адпаведнасці са службовымі абавязкамі, чым па асабістай ініцыятыве. 

■ Паўстагоддзя шчаслівыя разам Васіль Васільевіч і Таццяна Пятроўна

— Праходзьце, не звяртайце ўвагі, — супакойвае гаспадар Васіль Васільевіч. — Таццяна, сустракай гасцей.

Шчырая ўсмешка, нейкая мітуслівасць у чаканні незнаёмага чалавека — і гаспадыня Таццяна Пятроўна таксама просіць прайсці ў хату. Па ўсім відаць: нядаўна тут адзначалі 50-гадовы юбілей. На вуглах шаф рознымі колерамі радуюць вока надзьмутыя паветраныя шарыкі, асабліва звяртае на сябе  ўвагу чырвоны, з лічбай 50. На стале ляжаць паштоўкі з віншаваннямі ад сваякоў. Што ж, нагода і на самай справе вартая ўвагі — паўстагоддзя разам. Прыклад, годны пераймання, і асабліва для прадстаўнікоў маладога пакалення. Таму, каб парадаваць залатых юбіляраў, дзеці, унукі разам з супрацоўнікамі аддзела ЗАГС райвыканкама і Семежаўскага сельвыканкама вырашылі павіншаваць іх ва ўрачыстай абстаноўцы. Зусім як паўстагоддзя таму гучалі музыка і віншаванні. Аднак гэтым разам не толькі ад сваякоў, але і ад супрацоўнікаў ААТ «Семежава» і Семежаўскай участковай бальніцы, дзе ўсё жыццё добрасумленна прарабілі Васіль Васільевіч і Таццяна Пятроўна. Атрымалі юбіляры віншаванне і ад старшыні райвыканкама Анатоля Ліневіча. Падарункам ад сельвыканкама стаў Сертыфікат аб заключэнні залатога шлюбу.

У Сенюкоў, як і ва ўсіх тых, хто пераступіў 50-гадовую мяжу сумеснага жыцця, ёсць свае сакрэты. Набываліся яны на працягу ўсяго часу, кожны дзень. Жонка рабіла свае высновы, муж — свае, з іх  сёння і складаецца каштоўны сямейны капітал. Мудрасць бацькоў стала надзейным падмуркам для стварэння  моцных сем’яў абодвума сынамі, а хутка запаляць агеньчыкі ўжо сваіх ачагоў і трое ўнукаў. Пачыналася ж гэтая гісторыя зусім звычайна.

■ Вяселле Сенюкоў. 8 чэрвеня 1969 г.

Васіль нарадзіўся ў Макранах. Маці памерла, калі хлопчыку споўнілася чатыры годзікі. Хутка бацька ўзяў другую жонку. Жанчына, як магла, глядзела за трыма сынамі свайго абранніка. Скончыўшы мясцовую сямігодку, Васіль пераехаў жыць у Семежава да роднай сястры маці. І ўжо тут заканчваў 10-ты клас. Пасля таго, як атрымаў спецыяльнасць трактарыста ў вучылішчы ў вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёна, вярнуўся ў Семежава працаваць. Потым падчас службы ва Узброеных Сілах СССР у якасці камандзіра ўзвода ваенна-будаўнічага атрада набываў вопыт кіраўніка, які пазней так спатрэбіўся на працы.

Са сваёй Таццянай пазнаёміўся на вяселлі ў сяброў вясной 1969 года. А 8 чэрвеня гэтага ж года пажаніліся самі. Часу на сустрэчы амаль не было: дзяўчына працавала ў вёсцы Хорастава Салігорскага раёна медыцынскай сястрой — дзе ж ты наездзішся.

— Спадабалася мне Таццяна нейкай патаемнай пяшчотай, прыгажосцю, якая нібы ахутвала яе і тых, хто быў побач, — успамінае сёння Васіль Васільевіч. — Добрая яна была ды й засталася такой.

Вяселле адшумела вялікае. Па традыцыі таго часу гулялі і ў нявесты, і ў жаніха. Госці (а сабралася іх амаль 200 чалавек) тры дні шчыра жадалі маладым шчасця, спявалі ды танцавалі.

Першыя паўгода маладыя жылі ў цёткі. Але адносіны паміж старой і маладой гаспадынямі не задаліся, і хутка Васіль з Таццянай набылі ўласную хату. Ён працаваў у гаспадарцы, а вось работы для маладой медсястры ў мясцовай бальніцы не знайшлося, таму, каб не сядзець без справы, Таццяна ўладкавалася на падмену водпускаў. У 1970-м нарадзіўся першынец — таксама Васіль. Яшчэ праз тры гады Анатоль. Хлопчыкі раслі працавітымі, добрымі, але і гарэзлівымі.

— Аднойчы прыходзім з жонкай дадому, — з усмешкай расказвае Васіль Васільевіч, — і бачым, што ўсе кураняты мокрыя. «Чаго яны такія?» — пытаюся ў старэйшага сына. А было яму тады мо годзікі чатыры. «Яны потам пакрыліся», — хуценька адказвае той. «Як так потам?!» — у адказ сынок паціскае плячыма. Бачыць, што я ўжо пачынаю злавацца і гаворыць: «Я іх у вядры памыў, хацеў, каб яны, як качаняткі, паплавалі». Вось так. Ды Васілю і наогул больш даставалася, бо ён дзёрзкім быў.

■ Таццяна, Васіль з дзецьмі і сваякамі. Сярэдзіна 70-х гадоў ХХ ст.

— Але хлопчыкі гадаваліся паслухмянымі, — з мацярынскай шчырасцю працягвае гаворку Таццяна Пятроўна. — І на агародзе мне дапамагалі, і па хаце, і за жывёлай глядзелі. Кожны меў свае абавязкі. Неяк дзеці разам з сябрамі гулялі на вуліцы, паабапал якой ляжалі гарбузы. Хлопцы скакалі-скакалі ды і патрушчылі іх. Суседка прыйшла да мяне і паскардзілася. Паклікала я сваіх хлапчукоў і кажу ім: збярыце гарбузы тыя, завязіце жанчыне і папрасіце прабачэння. Яны крыху насупіліся, бо баяліся ісці да суседкі, але сабралі пашкоджаную агародніну і пайшлі. Прыемна, што ўшанавалі, потым казала тая жанчына. Не гарбузоў ёй шкада было, а працы сваёй… А сыны добра ведалі: як бацькі сказалі, так і будзе.

Старэйшага Сенюка слухаліся не толькі дома, але і на рабоце. 15 год ён узначальваў у калгасе паляводчую брыгаду, у якой за пасляваенны час змянілася 18 брыгадзіраў. Дзякуючы дысцыпліне, якую ўстанавіў Васіль Васільевіч, гэтая самая адстаючая брыгада пачала займаць лідзіруючыя пазіцыі. Вынікі былі высокія, за што і атрымліваў Васіль Васільевіч амаль кожны год урадавыя ўзнагароды: некалькі медалёў — «За достигнутые успехи в развитии народного хозяйства», «За трудовое отличие», значкі «Ударнік пяцігодкі» і галоўную — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Старшыня калгаса Малюжыц Іван Якаўлевіч заўважыў талент кіраўніка ў Сенюка і прапанаваў яму пасаду намесніка па будаўніцтве. Тым больш што ў канцы 70-х гадоў Васіль Васільевіч скончыў Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Бралі без экзаменаў і ў сельскагаспадарчую акадэмію, але падвяло здароўе.

Вядома ж, праца ў сельскай гаспадарцы адымала амаль увесь час, але выхадныя сям’я імкнулася правесці ра-зам: летам ездзілі ў лес ці на рэчку, узімку бавілі час у хаце.

— Вельмі любілі хлопчыкі, калі я пякла блінцы, — узгадвае Таццяна Пятроўна. — Я пяку, а тата сядзіць і хуценька, пакуль бліны цёплыя, намазвае іх сметанковым маслам і кожнаму ў роцік кладзе. Варэнне рознае варыла: асаблівых пачастункаў тады не было, а салодзенькае любілі. Для гэтага трэба было назбіраць ягад, па якія разам хадзілі ў лес.

Час ідзе. Выраслі дзеці. Зараз Сенюкоў наведваюць унукі. І ўжо іх Таццяна Пятроўна стараецца пачаставаць тымі прысмакамі, якія так любілі іх бацькі.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *