Урожай-2019: активно проходит уборка зерновых на полях ОАО «Прогресс 2010»

Актуально Урожай-2019 Экономика

Кіпіць работа на палетках ААТ «Прагрэс 2010»  — стартаваў самы адказны для аграрыяў час — жніво. Распачала ўборачную кампанію гаспадарка з уборкі азімага рапсу, убіралі ўжо і азімую пшаніцу, і ранні яравы ячмень.

■ На рапсавым палетку — сямейны экіпаж Алега і Дзяніса Збіруховічаў

За вёскай Траянава непадалёк дарогі чуцён прыемны гул камбайнаў — тры адзінкі тэхнікі працуюць на ўборцы  алейнай культуры, дзве — побач на ячменным палетку.

— На ўборцы рапсу заняты камбайны, якія абсталяваны так званымі рапсавымі сталамі для забеспячэння якасці ўборкі насення, што дае магчымасць пазбегнуць страт, — расказвае галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Мікалай Краўчанка. — На жніве рапсу задзейнічаны тры экіпажы камбайнераў. На адным з камбайнаў працуюць Віктар Каляда і Яўген Белаш. Два працоўныя экіпажы — сямейныя: Алег Збіруховіч з сынам Дзянісам і Аляксандр Дубовік з сынам Аляксандрам. А вось ячмень даверылі ўбіраць маладым механізатарам. Экіпажу Кірыла Малюжыца з Аляксандрам Навіцкім і Яўгену Саю, які працуе без памочніка. Тэхнікай пажарнага прыкрыцця кіруе Сяргей Кляшэвіч, які сочыць за бяспекай у час аграрных працэсаў. Разам з тым усе камбайны абсталяваны кандыцыянерамі, укамплектаваны медыцынскімі аптэчкамі, сродкамі тушэння пажару.

■ Вадзіцель на адвозцы Васіль Гапановіч

На адвозцы збажыны працуюць вадзіцелі МАЗаў Аляксандр Козел, Аляксандр Чарняк, Васіль Гапановіч, Леанід Івашка, на МТЗ — механізатар Уладзімір Кульбіцкі.

Для своечасовай прасушкі ўраджаю ў аграгарадку Пацейкі працуе збожжасушыльны комплекс «Амкадор», не адмаўляюцца тут і ад немаладога ўжо КЗС-10.

■ Маладзёжны экіпаж у складзе Кірыла Малюжыца і Аляксандра Навіцкага

На пытанне, як праходзяць першыя дні жніва, Мікалай Краўчанка адказаў:

— З пачатку ўборкі сабрана каля 1500 тон рапсавага насення, ураджайнасць складае 33–35 ц/га. Думаем, што да канца ўборачнай яна павысіцца. Гэтымі днямі ўбіраем самыя ўрадлівыя палеткі. Першыя гектары збожжавых культур таксама паказваюць добрыя вынікі: і пшаніца, і ячмень даюць каля 40 ц/га. І гэта толькі першыя крокі жніва. Усе спадзяванні на добрае надвор’е і на спраўнасць тэхнікі.

■ Абеды ў поле дастаўляе раздатчык Вераніка Малюжыц

Як адзначыў Мікалай Краўчанка, лю-дзей не хапае, таму гаспадарка вымушана звяртацца па дапамогу да наёмных работнікаў на час жніва.

— Работа на камбайне мне за радасць, — гаворыць Алег Збіруховіч. — Чакаю жніва з нецярпеннем. Стараюся кожны сезон дапамагчы якой-небудзь гаспадарцы. Сёлета ў мяне памочнікам сын Дзяніс, які прыехаў з Мінска на перыяд гарачай пары ў родныя мясціны. Машына гатова да работы, аснашчана ўсім неабходным па пажарнай бяспецы і тэхніцы аховы і бяспекі працы. У поле выходзім, як толькі прападае раса, і працуем да самай цемры. Створаны добрыя ўмовы працы: забяспечаны мінеральнай вадой, каларыйным двухразовым харчаваннем.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *