В Столбцовском районе состоялась пресс-конференция председателя Минского облисполкома Анатолия Исаченко

Актуально Общество

У Стаўбцоўскім раёне адбылася прэс-канферэнцыя старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоля Ісачанкі для прадстаўнікоў рэгіянальных і рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі.

■ Анатоль Ісачанка (у цэнтры), Іван Маркевіч, Таццяна Хмель

Пытанні, якія задавалі журналісты губернатару, тычыліся самых розных бакоў жыцця сталічнай вобласці. Іх цікавіў будучы ўраджай, стан дарог, рэалізацыя інвестыцыйных праектаў, замацаванне кадраў у сельскай мясцовасці, захаванне культурна-гістарычных каштоўнацей і многае іншае. За паўтары гадзіны працы прагучала амаль тры дзясяткі пытанняў.

Як было адзначана, найбольшая колькасць пытанняў ад грамадзян паступае з нагоды добраўпарадкавання і стану дарог. Старшыня Мінаблвыканкама растлумачыў: «У вобласці 16 тысяч кіламетраў дарог, каля трох з паловай тысяч кіламетраў дарог рэспубліканскага значэння і яшчэ 11 тысяч кіламетраў праезнай часткі вуліц. 12 тысяч кіламетраў дарог абласнога значэння патрабуюць рамонту ў той ці іншай ступені. Улічваючы, што Мінская вобласць — гэта цэнтральны рэгіён, вялікі паток транспарту рухаецца тут. Пакуль усе праблемы не вырашаны, але яны вырашаюцца, разглядаецца пытанне фінансавання рамонту дарог».

Ішла размова і пра развіццё гарадоў-спадарожнікаў, калі часам будаўніцтва жылля ідзе хуткімі тэмпамі, а інфраструктура адстае. «Гэта, вядома, звязана з інтэнсіўным развіццём забудовы, — адзначыў губернатар. — Мы ведаем усе нашы балявыя кропкі і працуем над вырашэннем праблем».

Працягваючы тэму будаўніцтва, губернатар адзначыў, што на Міншчыне з пачатку года ўжо 500 шматдзетных сем’яў атрымалі жыллё. З гэтай нагоды Анатоль Ісачанка сказаў, што курс узяты на тое, каб шматдзетная сям’я не стаяла ў чарзе больш за год. Мінімальная планка — 2112 шматдзетных сем’яў за гэты год павінны атрымаць жыллё. І з улікам прыросту насельніцтва на працягу двух гадоў такія сем’і будуць забяспечаны жыллём.

Не маглі не закрануць падчас размовы падрыхтоўку горада Барысава да маючых адбыцца там абласных «Дажынак-2019». Паводле слоў губернатара, гэта штуршок, каб добраўпарадкаваць горад. Тут ідзе праца, у прыватнасці па будаўніцтве праспекта Гагарына, які разгрузіць горад. Абновіцца мост, а за ім вызначана месца пад будаўніцтва Лядовага палаца, праектаванне якога ўжо ідзе. Зменіцца Саборная плошча і іншыя аб’екты.

Узгадалі і вынікі II Еўрапейскіх гульняў, сваю адзнаку ім таксама даў губернатар. «Безумоўна, такія маштабныя мерапрыемствы — гэта прэстыж краіны, магчымасць паказаць сваю гасціннасць, арганізатарскія ўменні, — адзначыў Анатоль Ісачанка. — Сур’ёзнае пытанне, якое ўзнікала ў працэсе падрыхтоўкі да гульняў, — падрыхтоўка спецыяльнага харчавання для спартсменаў, прадстаўнікоў розных краін. І мы не атрымалі па гэтым пытанні ні аднаго наракання. І, вядома, парадавалі годныя вынікі беларускіх спартсменаў. У прыватнасці, прадстаўнікі Мінскай вобласці заваявалі 12 медалёў. Што вельмі прыемна».

Падчас размовы пра поспехі абітурыентаў Мінскай вобласці пры здачы цэнтралізаванага тэсціравання прагучала прыемная навіна. Яе агучыў намеснік старшыні аблвыканкама Іван Маркевіч, які разам з начальнікам Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі абл-выканкама Таццянай Хмель таксама прымаў удзел у прэс-канферэнцыі. Іван Станіслававіч паведаміў, што былая навучэнка адной з устаноў адукацыі Дзяржынскага раёна Валянціна Хмялеўская набрала 398 балаў — і гэта самы высокі рэзультат у краіне. Да таго ж ужо ёсць інфармацыя пра 69 выпускнікоў-стабальнікаў — ураджэнцаў Міншчыны (летась іх было толькі 47). Высокім застаецца і ўзровень паступлення юнакоў і дзяўчат у вышэйшыя навучальныя ўстановы.

— Усё залежыць ад самога выпускніка і яго настаўнікаў, — упэўнены старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка. — Калі вучань зацікаўлены і настаўнік працуе як след — рэзультат будзе добры.

Адказваючы на пытанне журналістаў аб міжнародным супрацоўніцтве Міншчыны, губернатар расказаў, што вобласць узаемадзейнічае з трыма правінцыямі Кітая. Ідзе рэалізацыя малочнай прадукцыі, але акрамя эканамічных адносін важныя і культурныя сувязі. «Ва ўніверсітэце ў гора-дзе Чунцын, дзе навучаецца 35 тысяч студэнтаў, рэалізаваны праект: адкрыты куток Беларусі па вывучэнні нашай краіны. Цяпер прапрацоўваецца пытанне і плануецца стварыць куток Кітая на беларускай зямлі», — паведаміў Анатоль Ісачанка.

У шэрагу іншых былі зададзены пытанні, якія тычыліся асабістага жыцця старшыні аблвыканкама. Анатоль Міхайлавіч расказаў, што самае лепшае месца для адпачынку — гэта лес, дзе ён любіць паблукаць у адзіноце, а дапамагаюць яму вытрымаць такі напружаны рытм работы — поспехі, якіх удаецца дабіцца ў тым ці іншым напрамку развіцця сталічнай вобласці.

Закончылася мерапрыемства ўзнагароджваннем пераможцаў і прызёраў абласнога спаборніцтва сярод сродкаў масавай інфармацыі.

Маргарыта САКОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *