В Мажском УПК детский сад — начальная школа в этом учебном году попробовали возможности музейной педагогики

Важное Образование

Адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці педагагічнага калектыву Мажскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – пачатковая школа з’яўляецца далучэнне навучэнцаў да роднага слова, да нацыянальнай гісторыі і культуры роднай, мілай сэрцу краіны — любай Беларусі. У 2018/2019 навучальным годзе вырашылі паспрабаваць выкарыстаць магчымасці музейнай педагогікі.

■ Да далёкага мінулага далучаюць навучэнцаў дашкольнай групы інтэграванага навучання

У красавіку на XVIII рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці, у рамках Года малой радзімы,  выхавацель дашкольнай адукацыі Таццяна Леанідаўна Маргалік дэманстравала макет даўнейшай сялянскай хаты як дапаможнік, які праз гульню дазваляе знаёміць выхаванцаў з малога ўзросту са спадчынай беларусаў, народнымі традыцыямі. Макет уяўляе сабой міні-музей, у якім сабраны мініяцюрныя рэчы, характэрныя для традыцыйнага інтэр’ера сялянскага жылля беларусаў.

Найбольш шаноўнае месца ў хаце займаў чырвоны кут (покуць), які размяшчаўся па дыяганалі ад печы. Яна выконвала важную ролю ў паўсядзённых звычаях і абрадах. На покуці развешвалі абразы, убраныя ўзорнымі ручнікамі (набожнікамі), пучкі асвячоных у царкве жытнёвых каласоў і траў. Тут стаяў і засланы абрусам стол, на ім звычайна пакідалі хлеб, прыкрыты ручніком ці абрусам. За абедам у будні дзень абрус здымалі, і ўся сям’я садзілася за стол, займаючы месца ў пэўнай паслядоўнасці: на покуці — гаспадар дома, за ім — па старшынстве іншыя члены сям’і.

Печ — карміцелька, абаронца ад холаду, лекар ад хвароб — займала ганаровае месца злева або справа ад уваходу. На печы спіць дзед. Месца ля печы, дзе стаяў неабходны пячны інвентар (вілкі, рыдлёўка, венік, памяло, качарга, чапяла), называлася качарэжнікам. Насупраць печы знаходзіўся гаспадарчы кут («бабін кут»), дзе стаялі кадушка для вады з конаўкай, драўляныя вёдры, маслабойка, гліняны посуд.

Ніжэй вокнаў уздоўж сцен (амаль па ўсёй даўжыні іх) уладкоўвалі шырокія лавы, якія сходзіліся на покуці. На лавах не толькі сядзелі, але і спалі, асабліва калі ў хаце заставаліся начаваць госці. Спалі і на палацях — на насціле з дошак, які размяшчаўся ля печы. Для захоўвання вопраткі шырока выкарыстоўваліся куфры. Для немаўлят з лазы плялі калыску-люльку. Таксама ў хаце з мэблі меліся зэдлікі, услоны, палічкі, дзіцячыя стойкі і хадуны.

У зімовы час сялянская хата ператваралася ў рамесную майстэрню. Тут у кароткія дні і па вечарах пры святле лучніка ці каганца рабілі лыжкі і посуд, плялі лапці і розныя ёмістасці, майстравалі прылады, пралі, ткалі, шылі адзенне, вышывалі, вязалі. Ля кутняй сцяны ці бліжэй да парога, паміж покуццю і «бабіным кутом», ставілі кросны для ткацтва або пралку (калаўрот).

Вось так кожны чацвер, у беларускамоўны дзень, Таццяна Леанідаўна цікава далучае навучэнцаў дашкольнай групы інтэграванага навучання і выхавання да далёкага мінулага з жыцця нашых продкаў. Дзеці прывучаюцца выкарыстоўваць у актыўным маўленні пацешкі, лічылачкі, загадкі. Пяюць калыханкі, песні на беларускай мове.

Зыходзячы з таго, што для дзяцей вельмі важна не проста пачуць, але і ўбачыць, і нават дакрануцца, што з’яўляецца магутным сродкам уздзеяння, на базе рознаўзроставай групы ў студзені гасцінна адчыніў дзеры музей «Наша даўніна», заснавальнік Таццяна Мікалаеўна Купрыянчык, выхавацель дашкольнай адукацыі. Экспанаты музея збіралі разам з дзецьмі, бацькамі і педагогамі. Жыхары нашага аграгарадка Мажа, а таксама суседнiх вёсак нашага раёна i нават  суседняга — Клецкага — з захапленнем успрынялi iдэю па захаванні i аднаўленні спадчыны сваiх прашчураў. Яны прадаставiлi вельмi шмат экспанатаў для будучага музея, каб часцей мы маглi азірнуцца назад, у мінулае, каб не пагасла свечка на покуці  ў бацькоўскай хаце, каб лягчэй было ісці наперад, у будучыню.

Упэўнены, што нашы намаганні не дарэмныя, што музей дапаможа сфарміраваць асобу, здольную стаць актыўным носьбітам нацыянальнай культуры, будзе спрыяць выхаванню сапраўднага грамадзяніна, стане візітнай карткай нашай установы адукацыi. Дыплом I ступені сярод вучэбна-педагагічных комплексаў, якія рэалізуюць праграму дашкольнай адукацыі, — вынік конкурсу «Свет дзяцінства» на ўзроўні раёна. У экспертную камісію Мінскага  абласнога інстытута развіцця адукацыі прынята метадычная распрацоўка для ўдзелу ў фестывалі «Каб мова родная гучала». Вынікі будуць падведзены ў жніўні.

Спадзяёмся, што метадычна граматна пабудаваная сістэмная работа па далучэнні дзяцей да вытокаў нацыянальнай культуры павінна прынесці пэўны плён: родная мова будзе актыўна гучаць з вуснаў нашых навучэнцаў, яны будуць ведаць назвы народных свят, абрадаў, прымаць у іх актыўны ўдзел праз спевы, карагоды, выкананне частушак, чытанне вершаў; будуць умець гуляць у народныя гульні; змогуць адрозніць беларускі народны касцюм; не згубяць тую спадчыну, што ад прадзедаў нам засталася, і з гонарам беларусамі будуць звацца.

Таццяна Цырына,

намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДУА «Мажскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – пачатковая   школа»



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *