Библиотекарь Слобода-Кучинской сельской библиотеки-клуба Валентина Барташевич — профессионал по состоянию души

Культура

Жыццёвыя абставіны прымусілі Валянціну Барташэвіч карэнным чынам змяніць прафесійную дзейнасць. Па дыпломе — заатэхнік, працавала ў саўгасе «Крыніца», а па стане душы — творчы чалавек. Калі з’явілася вакансія бібліятэкара, то вырашыла: што-што, а выдаваць кнігі яна, мабыць, здолее.

Зянонаўна, зусім прыйшоўшы ў «культуру», адразу добра зразумела, што трэба мяняць вобраз «шэрай мышы», якая выдае кнігі за кафедрай, бо вельмі актыўна стаў укараняцца ў масавую свядомасць людзей тэзіс аб адміранні і непатрэбнасці бібліятэк, стаў фарміравацца вобраз бібліятэкі як архаічнай і безнадзейна адсталай у век інтэрнэту. І Валянціна Зянонаўна знайшла спосаб, які дапамог ёй застацца на грэбені часу: яна пайшла ў школу, дзіцячы садок, пажарна-выратавальны пост вёскі Слабада-Кучынка і іншыя ўстановы, каб наладзіць з імі сумесную дзейнасць.

Рэалізаваўшы сумесны праект са школай у Год кнігі «Школа. Кніга. Бібліятэка» (2012 г.), сёння Зянонаўна пайшла далей — вырашыла кардынальна адну з праблем, якая перашкаджае рабоце бібліятэкі, — загружанасць школьнікаў — «тады я іду да вас». Сёння мэтавая праграма дапамогі вучэбнаму працэсу «Чытаем. Вучымся. Гуляем» «бібліяпрадлёнка» ў Слабадакучынскай сярэдняй школе — традыцыйная форма работы Слабада-кучынскай бібліятэкі-клуба.

Калі сельскага бібліятэкара можна назваць чалавекам ста прафесій, то загадчыка бібліятэкі-клуба — тым больш. Трэба зазначыць, што Валянціна Зянонаўна сёння арганізоўвае тэатральныя прадстаўленні на сцэне, рэжысіруе іх, выступае ў ролі акцёра, дызайнера сцэны, выязджае з імі на гастролі да сваіх калег, прымае ўдзел у тэатралізаваных прадстаўленнях да Дня горада Капыля, у фестывалі гульні і гумару «Капыльскія пацехі» і інш. «Не валодаючы інфармацыйнымі тэхналогіямі», яна да кожнага свята і мерапрыемства манціруе відэафільмы, рыхтуе  прэзентацыі, шые касцюмы, упрыгожвае сцэну. Вынік плённай працы — ва ўсіх конкурсах, якія ўжо шмат гадоў запар праводзяцца ў раённай бібліятэцы, удзельнікі з яе ўстановы заўсёды займаюць прызавыя месцы.

Сярод традыцыйных форм абслугоўвання — паслуга «бібліятэка на колах» ад Зянонаўны. На сваім асабістым аўтамабілі ці веласіпедзе даставіць кнігі дадому чытачам з аддаленых вёсак, якія знаходзяцца ў зоне абслугоўвання бібліятэкі. Старэнькія бабулькі ўдзячны Зянонаўне ўжо за тое, што ўдзяліла ім крышачку часу, проста пагутарыла.

Шмат увагі надаецца духоўнасці (бібліятэкар рэалізуе мэтавую праграму «Будуем храм у душах»). Экалагічнае выхаванне таксама мае свае адметнасці. Мерапрыемствы гэтага кірунку  праводзяцца на прыродзе, у запаветных мясцінках роднага краю. Для дзіцячага садка ніякай праграмы яшчэ не прыдумала, але ў гэтай «маленькай краіне» яна таксама часты госць — то ў ролі Чырвонай Шапачкі, бабулі Фядоры, ката Базіліа, Доктара Айбаліта ці вясёлага клоўна. І заўсёды з падарункамі, зробленымі рукамі ўдзельнікаў клуба «Очумелые ручки», які працуе пры бібліятэцы-клубе ды і быў створаны дзеля таго, каб не хадзіць з пустымі рукамі да старых і малых.

«Малая радзіма» для Зянонаўны не проста словы, гэта не лубок і прыгожы малюнак, а тэрыторыя адказнасці. Прыйшоўшы на новую пасаду і атрымаўшы ў «спадчыну» адзінокі будынак на ўзгорку, які не вельмі ўпісваўся ў маляўнічыя пейзажы ваколіцы,  першай справай ператварыла яго ў тэрыторыю прыгажосці (кветкі, лавачкі, пляцень), а ў мінулым годзе рэалізавала яшчэ адну сваю запаветную мару — з дапамогай сельвыканкама і сяброў-выратавальнікаў з пажарна-выратавальнага паста в. Слабада-Кучынка  пасадзіла парк з маладых дрэўцаў. Краязнаўчую праграму «І для мяне не было б Беларусі, без маленькай Радзімы маёй» яны з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА «Слабадакучынская сярэдняя школа» Барысам Мікалаевічам Дзенісюком ужо рэалізавалі  на шмат гадоў наперад.

«Ніколі не хапала зорак з неба, не шукала славы, не працавала для таго, каб заўважылі», але ўсё ж  з дапамогай рэтравыставы «Ад мінулага да сучаснага», прымеркаванай да Года  малой радзімы, яе прозвішча загучала. Выстава выйшла далёка за межы задуманага. З маленькай калекцыі гадзіннікаў на бібліятэчнай паліцы вырасла ў экспазіцыю, якая налічвала больш за тысячу экспанатаў.

Здаецца, можна скласці рукі і рухацца па няспешнай плыні жыцця, але не для Зянонаўны. Яе заахвочвае, падштурхоўвае жаданне не спыняцца на дасягнутым, яшчэ больш працаваць, любіць людзей, дапамагаць ім шукаць вечныя каштоўнасці, любіць сваю зямлю. Рабіць усё, каб людзі, якія жывуць у глыбінцы, былі больш шчаслівыя.

Таццяна АСТРЭЙКА,

бібліятэкар Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя А. Астрэйкі

Фота Таццяны БОХАН



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *