Задумайцеся над сваімі ўчынкамі

Общество

На базе Семежаўскай СШ прайшло выязное пасяджэнне каардынацыйнага цэнтра прафілактыкі сацыяльнага недабрабыту

Яго ўдзельнікамі сталі вучні, педагогі і бацькі Жыліхаўскай, Ляшнянскай, Бучацінскай і Смаліцкой СШ, а таксама школы, якая сустракала гасцей. Усяго ў сустрэчы прынялі ўдзел каля 100 чалавек. Падчас выступленняў членаў каардынацыйнага цэнтра акцэнтавалася ўвага на прафілактыцы шкодных звычак, правапарушэнняў. На шматлікія пытанні былі дадзены вычарпальныя адказы спецыялістаў.

Праз некаторы час школьнікі даслалі ў камісію па справах непаўналетніх свае водгукі ад сустрэчы. Прапануем некаторыя з іх.

Васьмікласнікі Смаліцкой СШ пішуць: “У час сустрэчы мы пачулі шмат карыснага для сябе, зразумелі, што наркаманія – страшная хвароба, якая можа закончыцца смерцю. Чалавек пачынае ўжываць наркотыкі, не думаючы аб тым, што будзе далей. Кожны павінен задумацца над сваімі ўчынкамі. Калі парушаецца закон, то абавязковым будзе пакаранне”.

Вучаніца 10 класа Бучацінскай СШ Алеся Саніковіч адзначае: “Я ўжо не першы год наведваю падобныя мерапрыемствы, але кожны раз ёсць нагода задумацца пра свае паводзіны і далейшае жыццё. Мне было карысна і цікава яшчэ раз пачуць пра нормы і правілы паводзін непаўналетніх у грамадскіх месцах. Не вельмі хочацца пазнаёміцца з інспектарамі па справах непаўналетніх і трапіць на прыём да ўрача-нарколага. Хаця мне толькі 15 гадоў, але я ўжо ведаю, што магу сказаць “не!” цыгарэтам, спіртному і наркотыкам, каб не зламаць жыццё ні сабе, ні сваім блізкім!”

Вучні Жыліхаўскай СШ падкрэсліваюць: “Дзякуй усім службам за змястоўную, пазнавальную гутарку. У чарговы раз з цікавасцю паслухалі пункт гледжання на зададзеныя пытанні намесніка пракурора Уладзіміра Непакупнага. Вельмі пазнавальны дакументальны фільм. Мы ў шоку! Ведалі, што гэта страшна, але, каб так. Цяпер шмат думаем, дзелімся ўражаннямі з сябрамі. Зразумелі, што лепш раз убачыць, чым сто пачуць. Прыязджайце ў школы!”

Падобныя меркаванні і ў навучэнцаў Ляшнянскай СШ: “Такія мерапрыемствы вельмі патрэбны, таму што дапамагаюць нам разабрацца ў складаных жыццёвых сітуацыях, прымушаюць падумаць і дапамагаюць пазбегнуць памылак”.

“Больш за ўсё мяне ўразіла тое, што нават у Капыльскім раёне шмат наркаманаў. Я моцны чалавек, — піша Кацярына Валынская з вышэйназванай школы, — і ў мяне атрымаецца адмовіцца ад шкодных звычак. Жыццё без наркотыкаў, алкаголю, курэння значна цікавейшае”.

Па выніках апытання вучняў Семежаўскай СШ можна зрабіць вывад, што старшакласнікам спадабалася дадзеная форма работы, падчас чаго была атрымана карысная інфармацыя ад прадстаўнікоў раённых службаў і ўстаноў.                                   

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *