Праздник Купалье отметили на Копыльщине

Актуально Культура

На Капыльшчыне адсвяткавалі Купалле Паслухаць прыгожыя песні, прыняць удзел у гульнях і конкурсах, даведацца пра свайго суджанага і, галоўнае, адшукаць папараць-кветку — усё названае і не толькі можна было здзейсніць гэтымі прыгожымі ліпеньскімі адвячоркам і ночкай.

■ З асаблівай цікавасцю госці свята скакалі праз купальскае вогнішча

Гэта свята, мабыць, як ніякае іншае, ахутана таямніцай і чараўніцтвам. Шмат павер’яў беларусаў звязана менавіта з ім. Самае вядомае — пра пошукі папараць-кветкі: хто знойдзе яе, той набудзе шчасце на ўсё жыццё. Сапраўднымі казачнікамі для капылян і гасцей горада сталі супрацоўнікі раённага Цэнтра традыцыйнай культуры. Менавіта яны стварылі захапляльную і па-купальску таямнічую забаўляльную праграму — «У купальскую ноч».

■ Радаваліся святу і дзяўчынкі: для іх стала прыемнасцю магчымасць прымераць вянкі з палявых кветак

Самадзейныя артысты названай установы культуры, а таксама навучэнцы Капыльскага дзяржаўнага каледжа яскрава разыгрывалі гумарыстычныя сцэнкі з жыцця беларускага народа і нават уразілі ўсіх прысутных тэатралізацыяй так званага вясельнага абраду нячысцікаў. З вялікім жаданнем добраахвотнікі прымалі ўдзел у конкурсах, падчас правядзення якіх можна было даведацца пра свой лёс і паспрабаваць адшукаць адказ на пытанне, ці знойдзеш у гэтым годзе суджанага. Сваім майстэрствам стваралі святочны настрой юныя артысты з танцавальнага калектыву РЦК пад кіраўніцтвам Святланы Папок. І дзеткі, і дарослыя з задавальненнем каштавалі шашлыкі, якія гатавалі супрацоўнікі райспажыўтаварыства, ласаваліся папкорнам і салодкай ватай.

■ Запрашаюць Купалінкі — Крысціна Пташук і Вольга Бранская

Сапраўдны смак купальскага настрою ўдзельнікі свята адчулі падчас гульнявой праграмы «Купальскае ігрышча». Менавіта тады настаў самы доўгачаканы момант — спальванне чучала лялькі Мары. Хлопцы і дзяўчаты перакідвалі адзін аднаму праз вогнішча вяночкі, закідвалі іх на самую высокую галінку бярозкі, каб даведацца, ці хутка пажэняцца. А якое ж Купалле без скачкоў праз агонь? Таму скакалі праз чароўнае вогнішча і маладыя, і дарослыя вельмі старанна: усе жадалі пазбавіцца ад хвароб і няўдач і тым самым набыць здароўе і поспех.

■ На сцэне Святлана Шчукіна, Вячаслаў Курчык і Крысціна Пташук паказваюць сцэнкі з жыцця беларускага народа

Шмат гасцей прыехала на свята з розных іншых гарадоў.  Для іх удзел у традыцыйным беларускім ігрышчы стаў сапраўднай прыгодай.

Напрыканцы свята больш удачлівыя маладыя людзі Кацярына і Максім знайшлі-такі таямнічую папараць-кветку і атрымалі за тое смачны прыз. А гэта значыць, што ім, як і ўсім, хто завітаў на свята, быць шчаслівымі і багатымі!

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *