Герой Социалистического Труда Арсений Николаевич Выскварко родом из Блевчиц Копыльского района

Актуально Экономика

28 чэрвеня спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння Выскваркі Арсенія Мікалаевіча, ураджэнца в. Блеўчыцы Капыльскага раёна, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, былога механізатара калгаса імя Ціміразева — сельскага працаўніка, які праз сваю самаадданую дзейнасць быў удастоены высокага звання Герой Сацыялістычнай Працы.

1627

«Працоўныя нашага раёна ганарацца сваімі слаўнымі сынамі і дочкамі, якія памнажаюць матэрыяльныя багацці, уносяць дастойны ўклад у агульнанародную барацьбу за камунізм. З асаблівым гонарам і гордасцю мы сёння называем прозвішча перадавога механізатара калгаса імя Ціміразева, камуніста Арсенія Мікалаевіча Выскваркі, якому прысвоена высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы», — паведамляецца ў нататцы, размешчанай на першай паласе газеты «Слава працы» ад 20 снежня 1973 года.

Гэтыя радкі — з шэрага гістарычных сведкаў, што назаўсёды замацавалі імя Арсенія Мікалаевіча ў працоўным летапісе Капыльшчыны. А трапіць у ганаровы спіс было вельмі няпроста — шлях савецкіх герояў да прызнання на такім высокім узроўні пралягаў праз сапраўдны гераізм, самаадданасць і неверагодную мэтанакіраванасць у справе дасягнення выдатных вынікаў на карысць Радзімы.

Да таго як прадэманстраваць высокія паказчыкі падчас працоўных будняў, ударнік прайшоў грунтоўную загартоўку ваенным ліхалеццем — з лета 1944 года ваяваў у радах дзеючай арміі. Зімой 1945-га мінамётчык Выскварка вызначыўся падчас баёў ля горада Гумбінэн, за што і быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі». У 1985 годзе адвага, стойкасць і мужнасць чырвонаармейца Выскваркі, праяўленыя падчас барацьбы з ворагам, прынеслі яшчэ адзін баявы «дывідэнд» — ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені.

Пасля дэмабілізацыі Арсеній Мікалаевіч працаваў у Цімкавіцкай, затым у Чыжэвіцкай МТС, а з 1958 г. і да выхаду на заслужаны адпачынак  — у калгасе імя Ціміразева. Падчас працоўных будняў імкнуўся да авалодання трактарным і камбайнерскім майстэрствам, неўзабаве стаў механізатарам першай кваліфікацыі. Неаднаразова аб’яўляўся пераможцам сацыялістычных спаборніцтваў па выніках уборкі ўраджаю і заносіўся на Дошку гонару. Апроч таго, некалькі гадоў запар блеўчыцкага перадавіка прызнавалі чэмпіёнам жніва па намалотах збожжа на камбайне.

Першы працоўны трыумф прыйшоў да камбайнера Выскваркі ў 1966 годзе, калі Арсеній Мікалаевіч па выніках выканання сямігадовага плана за поспехі, дасягнутыя ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтоўцы збожжавых і кармавых культур, быў узнагароджаны ордэнам Леніна.

У далейшым блеўчыцкі механізатар трывала замацаваў за сабой славу перадавіка, і, як вынік, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 12 снежня 1973 года за поспехі, дасягнутыя ў выкананні пяцігадовага плана і сацыялістычных абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці прадукцыі раслінаводства, Выскварку Арсенію Мікалаевічу было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».  

…Пахаваны Арсеній Мікалаевіч на радзіме, на блеўчыцкіх грамадзянскіх могілках, дзе побач з ім ужо знайшлі спакой жонка Марыя Рыгораўна і сын Уладзімір. Траіх жа прадстаўнікоў малодшага пакалення сям’і героя — сына Івана і дзвюх дачок Ганну і Таццяну — лёс раскідаў па розных гарадах Міншчыны. Але родная хата Выскваркаў не пустуе — у ёй жыве ўнук Арсенія Мікалаевіча Ігар.

Аксана МІХАЙЛОЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *