Уроженец д. Смоличи Александр Сергиеня: служить в спецназе мечтал с детства

Актуально Служыць Айчыне

Ва ўсе часы ва Узброеных Сілах лічыліся прэстыжнымі падраздзяленні спецназа, а тыя, хто трапляў у іх служыць, – элітай. Падчас адбору ў гэтыя падраздзяленні ўлічваюцца не толькі здароўе і жаданне прызыўніка, але і яго падрыхтоўка, загартоўка для службы ў такіх войсках.

2478

Пытанне аб тым, дзе праходзіць тэрміновую ваенную службу, для ўраджэнца в. Смалічы Аляксандра Сергіені (на здымку) ніколі не стаяла. Яго даўно цікавіла спецыяльная разведка. Па стане здароўя і фізічнай падрыхтоўцы ніякіх праблем не было, таму падчас прызыву яму прапанавалі службу ў спецназе, аб чым марыў з дзяцінства.

— Прапаноў у ваенным камісарыяце было некалькі, але абраў я пятую асобную брыгаду спецыяльнага прызначэння ў Мар’інай Горцы, у якой служылі многія мае сябры і знаёмыя і не аднойчы дзяліліся сваімі ўражаннямі аб армейскіх буднях, — расказвае Аляксандр.

Яшчэ школьнікам ён захапляўся фізічнай культурай і спортам. Стараннасць, сіла духу, вытрымка, якім хлопец вучыўся падчас трэніровак, вельмі спатрэбіліся яму ў Мар’інай Горцы.

— Уся мая служба, я б сказаў, дзялілася на тры перыяды, — прадаўжае Аляксандр. — Спачатку нас вучылі, затым мы давучваліся і ў выніку ўсё паўтаралі. Вучыліся страляць, асвойвалі падрыўную справу, займаліся ваенна-дэсантнай падрыхтоўкай. Атрыманыя веды адпрацоўвалі падчас вучэнняў. Наогул у арміі ўсё па-сапраўднаму: марш-кідкі, шматлікія бяссонныя ночы падчас заданняў, лясныя паходы — усё гэта загартоўвае і выпрацоўвае характар. Менавіта падчас службы ў мяне з’явіліся такія сябры, на якіх я магу разлічваць цяпер у любой, нават самай складанай сітуацыі. Яны заўсёды гатовы выручыць, прыйсці на дапамогу. У сваю чаргу я зраблю гэтак жа. Дзіўна, як вайсковыя будні аб’ядноўваюць зусім розных людзей з самых розных куткоў краіны. Паўтара года ў арміі — гэта зусім асаблівы час, калі вучышся быць самастойным, дысцыплінаваным, арганізаваным, па-асабліваму шануеш бацькоў і сям’ю, з’яўляюцца зусім іншыя погляды на жыццё.

У планах у хлопца — пайсці на службу ў міліцыю.

— Шчыра кажучы, мне не хочацца губляць тыя навыкі, якія я набыў у войску, — разважае наш суразмоўца. — Таму вырашыў такім чынам прадоўжыць службу. Тым больш абсалютна ўпэўнены, што гэта маё.

Наперадзе ў Аляксандра Сергіені — новая цікавая праца. Вельмі важна, калі ёсць магчымасць займацца любімай справай, каб цалкам рэалізаваць сябе.

Сяргей КОЗЕЛ

Фота Паўла ШЭІНА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *