Семежевские рушники были в центре внимания во время областного семинара

Актуально Артпроспект Культура

Закладное ткацтва чырвона-белых ручнікоў было ў цэнтры ўвагі спецыялістаў па рамёствах і ахове нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны з суседніх раёнаў Мінскай вобласці.

■ Асвойваюць ткацкае майстэрства і хлопцы
■ Асвойваюць ткацкае майстэрства і хлопцы

Вывучаць, захоўваць і папулярызаваць гісторыка-культурныя каштоўнасці — так абазначана асноўная задача, што стаяла перад удзельнікамі абласнога семінара. А як гэта ажыццяўляецца на практыцы, прадстаўнікам культуры было прапанавана паглядзець і пераняць вопыт на прыкладзе работы раённага цэнтра ткацтва ў аграгарадку Семежава. Семінар быў наладжаны галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, Дзяржаўнай установай «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» ў супрацоўніцтве з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Капыльскага райвыканкама, раённым цэнтрам ткацтва.

Адкрыла семінар начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юха, якая адзначыла, што Капыль — адзін з самых старажытных беларускіх гарадоў: першым узгадваннем у пісьмовых крыніцах можна лічыць дату 1006 год. Гэта радзіма вялікай колькасці вядомых пісьменнікаў і таленавітых дзеячаў Беларусі. Больш падрабязна з гісторыяй Капыльшчыны ўдзельнікі семінара пазнаёміліся падчас наведвання раённага краязнаўчага музея, які размешчаны ў старой забудове горада і з’яўляецца помнікам гісторыі, паколькі на гэтым месцы знаходзілася гарбарная майстэрня. І як вынік — стварэнне ў адным з пакояў музея экспазіцыі ў выглядзе экскурсіі па Капыльскім мястэчку, падарожжа па якім правяла  старшы навуковы супрацоўнік Таццяна Варанцова. У музеі культработнікаў асабліва зацікавіла выстава аднаго экспаната — Слуцкага пояса, копія якога была набыта ў канцы 2018 года. Госці не хавалі свайго захаплення, і, як потым заўважылі, Капыльскі раённы краязнаўчы музей можа служыць прыкладам для пераймання для больш плённага развіцця турыстычнай дзейнасці.

Удзельнікам семінара было прапанавана наведаць храм Святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца ў вёсцы Лешня — помнік драўлянага дойлідства з элементамі стылю «мадэрн». Аб гісторыі храма, яго адраджэнні і сваёй  дарозе да Бога прысутным расказаў настаяцель храма Павел Корзун, адзначыўшы, што толькі вера ў Бога і ў дапамогу ад Яго дазваляе людзям справіцца з любой праблемай.

■ Галіна Гурло падчас прэзентацыі кнігі
■ Галіна Гурло падчас прэзентацыі кнігі

Маршрут прадоўжыўся ў аграгарадку Семежава. Перад уваходам у Семежаўскі ВПК дзіцячы сад сярэдняя школа імя М.С. Высоцкага, дзе было арганізавана мерапрыемства «Нашай вёскі спадчына жывая», дарагіх гасцей сустракалі хлебам-соллю. Свята пачалося з наведвання  выставы тканых ручнікоў «Млечны шлях ад рук бабулі», з якой пазнаёміла дырэктар РЦТ Таццяна Волкава. Шмат гасцей сабралася ў глядзельнай зале. Тут жа ў першым радзе размясціліся і майстрыхі. Гучыць мілагучная песня «Слуцкія ткачыхі» ў выкананні Вячаслава Курчыка. На сцэне за ткацкім станком дзяўчынка, якая пад словы класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча «…І тчэ, забыўшыся, рука…» паціху заміж персідскага ўзору складае семежаўскія чырвона-белыя ручнікі.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся былы дырэктар Семежаўскай школы Уладзімір Выскварка, які адзначыў, што семежаўская зямля багатая на знакамітых людзей, і ўвогуле ўсе семежаўцы цікавяцца гісторыяй свайго краю, захапленнямі і клопатамі землякоў, пры гэтым выхоўваюць любоў і павагу да спадчыны ў моладзі.

— Сімвалічна, што сённяшняе мерапрыемства адбываецца ў дзень, калі 22 гады таму ў гэтай зале адбыўся першы з’езд ткачых, — расказвае дырэктар раённага Цэнтра традыцыйнай культуры Галіна Гурло. — Аграгарадок Семежава мае даўнія традыцыі ў ткацкай справе. Ён па праве лічыцца «сталіцай ткацтва» не толькі ў раёне, але і ў вобласці. У Семежаве што ні хата, то музей. І ўзоры на тканых вырабах свае, непаўторныя. Нашы ткачыхі — сапраўдныя чараўніцы. Іх творы пабывалі на шматлікіх рэспубліканскіх, абласных выставах і далёка за межамі краіны. І я вельмі ўдзячна нашым таленавітым майстрыхам за тое, што яны не адзін дзясятак гадоў аддалі стварэнню сапраўдных твораў мастацтва, укладваючы ў іх сваю душу і сэрца. Яны не толькі дапамагаюць аднаўляць майстэрства, але і самааддана перадаюць яго моладзі.

Для кожнага майстра галоўнае, каб яго справа жыла ў пакаленнях. Перадачу ткацкага рамяства на сябе ўзяў раённы цэнтр ткацтва, куды ўдзельнікі семінара наведаліся пасля прагляду двух фільмаў «Закладное ткацтва». Там яны пазнаёміліся з экспазіцыяй цэнтра і працай «Школы ткачоў». 

— У рамках рэалізацыі сумеснага праекта Еўрапейскага Саюза і праграмы развіцця ААН «Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні», пры фінансавай падтрымцы гэтых арганізацый, у 2010 годзе на базе цэнтра ткацтва была створана «Школа ткачоў», — адзначыла дырэктар раённага цэнтра ткацтва Таццяна Волкава. — Сёння яна дае добрыя вынікі: яе навучэнцы ўдзельнічаюць у шматлікіх святах, конкурсах рознага ўзроўню, з якіх прывозяць дыпломы розных ступеней.

Усё гэта азначае, што старажытнае рамяство развіваецца, рухаецца наперад. І гэта грунтуецца на цікавасці моладзі, якая ў традыцыйнае ткацтва прыносіць новыя, свежыя ідэі. Менавіта яны — працяг справы нашых продкаў, ім прадаўжаць ручніковы шлях ад рук бабулі. Затым адбыўся  майстар-клас па ткацтве закладных чырвона-белых ручнікоў, які правяла Народны майстар Рэспублікі Беларусь Валянціна Міхайлаўна Кіеня.

Падвядзенне вынікаў адбылося за круглым сталом у Семежаўскім цэнтры культуры і вольнага часу. Культработнікаў вітала дырэктар установы Таццяна Шаура сумесна з удзельнікамі народнага аб’яднання «Семяжовачка». Гаспадыні падзяліліся рэцэптамі традыцыйных семежаўскіх страў, якія гатавалі яшчэ іх бабулі. Там адбылася і прэзентацыя кнігі «Традыцыйныя стравы Капыльшчыны», складальнікамі якой з’яўляюцца наша зямлячка Галіна Гурло і начальнік аддзела абласнога цэнтра народнай творчасці Вольга Хачкова. Сабраныя рэцэпты — ад жыхароў вёсак раёна. Выдадзена кніга па заказе гэтай жа дзяржаўнай установы.

Вядучы метадыст па народных рамёствах и промыслах ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» Наталля СУХАЯ:

— Тэхналогія  чырвона-белых ручнікоў, як аб’екта нематэрыяльна-культурнай спадчыны, унікальная і непаўторная. І што вельмі важна, гэтая каштоўнасць вельмі цэніцца мясцовымі жыхарамі, а гэта варта таго, каб іх прадставіць на міжнародным узроўні. Ваш цэнтр ткацтва адзіны не толькі ў вобласці, але нават і ў рэспубліцы. Тут працуе шмат моладзі пад кіраўніцтвам маладога дырэктара — чалавека, зацікаўленага сваёй справай. Прыемна адзначыць, што жаданне асвойваць ткацкае рамяство выказваюць як дзяўчынкі, так і хлопцы. Першапачаткова ткацтва ў старажытныя часы было мужчынскім заняткам, але паступова ў сялянскім асяродку яно стала жаночым. Як адзначылі шматлікія ўдзельнікі семінара, не дзіва, што ў Семежаве шмат навучэнцаў вышэйшых навучальных устаноў, і ўсё таму, што кожны з дзяцей, вывучаючы мясцовае ткацтва, як бы асвойвае вышэйшую матэматыку. Гэта вельмі прыгожы і захапляльны занятак, але Семежава мае свае адметнасці, як і ўся Капыльшчына ўвогуле.

Дырэктар Ракаўскага Цэнтра народнай творчасці Хрысціна ЛЯМБОВІЧ:

— Сама я займаюся ткацтвам валожынскіх паясоў, якія таксама маюць статус нематэрыяльна-культурнай спадчыны. Прыйшлося праводзіць экспедыцыйныя даследаванні па вёсках раёна з мэтай вывучэння мясцовых традыцый непасрэдна ад іх носьбітаў. Я вельмі ўражана сённяшнім мерапрыемствам ад пачатку і да канца. Праграма семінара гарманічная, падчас яго мы знаёміліся з рознымі людзьмі, і стварылася такое ўражанне, што ў вас сапраўды нейкая такая зямля дабрадушных людзей. Шмат майстроў і пераемнікаў сярэдняга і меншага звяна, што вельмі важна. Захоўваючы сваё, рэгіянальнае, мы будзем цікавыя і замежным гасцям, якія едуць пагля-дзець сапраўднае традыцыйнае мастацтва, чым вельмі багатая Беларусь.

Таццяна БОХАН



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *