Филиал «Великая Раевка» ОАО «Криница»: корма должны быть только высокого качества

Актуально Экономика

У філіяле «Вялікая Раёўка» ААТ «Крыніца» даўно засвоілі ісціну: кармы павінны быць толькі высокай якасці. І некалькі апошніх гадоў нарыхтаваныя там сена, сянаж і сілас утрымліваюць максімум пажыўных рэчываў, перш за ўсё бялку.

■ Механізатары Віктар Арэхва і Сяргей Гаргун
■ Механізатары Віктар Арэхва і Сяргей Гаргун

У асноўным гэта забяспечваецца за кошт бабова-злакавых траў, якія займаюць вядучае месца ў структуры кармавога кліну. Напрыклад, толькі пад люцэрну там занята звыш 200 гектараў. Яшчэ больш чым на трох сотнях гектараў размяшчаюцца іншыя травы.  У  2017–2018  гадах значная  работа праве-дзена па перазалужэнні і падсеве траў, што таксама дало свае вынікі.

Але ў значна большай ступені на якасці корму адбіваюцца тэрміны ўборкі траў. Дырэктар сельгас-прадпрыемства Іван Дамашэвіч тлумачыць, чаму з касавіцай лепш не зацягваць, і прыводзіць канкрэтныя лічбы. Выгадней за ўсё касіць злакавыя расліны да іх каласавання, калі ўтрыманне пратэіну, які пераварваецца, у сухім рэчыве складае 17,5%, бабовыя — 28–29%. Спазніўся ўсяго на некалькі дзён — і паказчык ужо больш чым у два разы ніжэйшы. Нядаўна зробленыя ў абласной лабараторыі аналізы паказалі, што ў цімафееўцы, узятай на пробу з гаспадаркі, змяшчаецца 17% пратэіну, у люцэрне — 28%. Сырая клятчатка знаходзіцца на аптымальным узроўні — каля 10%. На дадзены момант баланс клятчаткі і пратэіну ідэальны, таму трэба актыўна весці корманарыхтоўку.

■ Праверку якасці закладкі траншэі праводзяць фуражыр Юлія Ярашэвіч і начальнік участка Алена Фалько
■ Праверку якасці закладкі траншэі праводзяць фуражыр Юлія Ярашэвіч і начальнік участка Алена Фалько

Як адзначыў Іван Дамашэвіч, летась нарыхтавалі каля 29 ц к. адз. на ўмоўную галаву жывёлы, чым забяспечылі паўтарагадовы запас кармоў. На сёння яшчэ засталося каля 3 тысяч тон сіласу, якога павінна хапіць да верасня. Сёлета ў філіяле плануюць аб’ёмы не зніжаць: трэба нарыхтаваць 6 тысяч тон сенажу і 8 тысяч тон сіласу. З траў першага ўкосу будзе закладзена 3,5 тысячы тон у сянажна-сіласныя траншэі і 500 кг у плёнку.

Трэба адзначыць, што за некалькі апошніх гадоў у гаспадарцы пабудавана дзевяць сучасных, умяшчальных, зручных сянажна-сіласных траншэй. Для ўкрыцця сянажнай масы прымяняецца сучасная вакуумная плёнка, потым чорна-белае палатно, якое прыкладваецца мяшкамі з пяском. Гэта дазваляе не пашкодзіць герметычнасць кургана.

Каля 500 тон у «Вялікай Раёўцы» плануюць сёлета нарыхтаваць сена. Звыш 50 тон ужо маецца. Яно закладваецца толькі ў плёнку. Асноўная стаўка робіцца на другі і трэці ўкосы. Для нарыхтоўкі выкарыстоўваюцца добрыя культуры: фестулоліум і цімафееўка.

На палетках штодзень з самага ранку задзейнічаны дзве касілкі, на якіх працуюць Сяргей Новік і Мікалай Лук’янчык, камбайн КВК на падборцы правяленай масы (на ім шчыруе Сяргей Гаргун), некалькі самазвалаў і прычэпаў на адвозцы (для эфектыўнасці перавозкі давялося нарасціць барты), на якіх заняты Віктар Арэхва, Міхаіл Кашкан, Мікалай Жук, Мікалай Мышалаў, Мікалай Ксяневіч, цяжкая тэхніка на трамбоўцы (Сяргей Шкода і Сяргей Гаўрыкаў). Удзельнікам зялёнага канвеера ўстаноўлены надбаўкі за якасную працу, яны забяспечаны гарачым харчаваннем. Нарыхтоўчая кампанія вядзецца пад кантролем ветэрынарнай і агранамічнай службаў.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *