«Славу себе не искали они»

Пошта "СП"

Званок старшыні ветэранскай арганізацыі Чаславы Грыгаровіч не здзівіў мяне. Я ведала, з якой нагоды ён адбыўся. І пазней усе, хто сабраўся ў Дзяржынскай сельскай бібліятэцы, горача і сур’ёзна абмяркоўвалі афганскую тэму.

afg-e1499069883134

Я расказала пра воінаў-афганцаў маёй вёскі Дусаеўшчына, якія нарадзіліся і жылі тут. Юнакі рознага ўзросту. Трое з пяці свядома выбралі сабе ваенную прафесію.

Вайцяховіч Валянцін Паўлавіч. Невысокага росту, заўсёды прыветлівы, з усмешкай. Памятаю, захварэў на ангіну, была высокая тэмпература. Маці Ліна Паўлаўна звярнулася за медыцынскай дапамогай. Як ён баяўся ін’екцыі! А вось вывучыцца на ваеннага лётчыка не пабаяўся! Два гады ён, камандзір верталёта МІ-3, выконвае свае баявыя заданні ў гарах Афганістана. Душманы збіваюць самалёт, у якім быў капітан Вайцяховіч… Я не забуду той дзень, калі прывезлі труну. На ўсё сяло чуліся крык і плач матулі і бацькі. Плакалі родныя, плакала ўся вёска. У 26 гадоў кавалер ордэна Чырвонай Зоркі… пасмяротна.

Палкоўнік запасу Баранчык Аляксандр Уладзіміравіч з дзяцінства ганарыўся сваім бацькам, які ваяваў у час Вялікай Айчыннай вайны на фронце, папаў у плен, уцёк — і зноў на фронт. Аляксандр закончыў з добрымі адзнакамі Дзяржынскую васьмігодку, пасля сярэднюю школу № 2 г. Капыля. У 1971 годзе паступіў у Ленінградскае вышэйшае каманднае вучылішча. З кастрычніка 1980-га па кастрычнік 1982-га праходзіў службу ў Афганістане на пасадзе камандзіра роты ў г. Шынданце. 12 медалёў ацанілі гераізм палкоўніка.

Зяневіч Анатоль Уладзіміравіч. Яго бацька таксама ваяваў на фронце, атрымаў раненне ў галаву. Анатоль закончыў тыя ж школы і ваеннае вучылішча, што і яго сусед Аляксандр Баранчык. Прайшоў праз пекла Афганістана. Жыў у Маскве. Пра цяперашні лёс невядома.

Зарэцкі Сяргей Анатольевіч увесь армейскі перыяд прысылаў пісьмы, у якіх паведамляў аб роўных днях, без трывогі. А праслужыўшы з чэрвеня 1985-га па лістапад 1986-га на пагранічнай заставе ў мотаманеўранай групе ў Афганістане, вярнуўся з пасівелымі скронямі. Бацька, калі даведаўся аб сапраўдным становішчы, абняў і сказаў: «Галоўнае, ты вярнуўся, сынок. Галоўнае, ты жывы». Зараз Сяргей Анатольевіч жыве з сям’ёй у вёсцы Аножкі. І часта наведвае ўжо аўдавелую маму, якая знаходзіцца ў старэйшай сястры ў Дусаеўшчыне.

Няма ўжо ў жывых Бердніка Анатоля Аляксандравіча. У бацькоў іх было чатыры сыны і дачушка. Працавалі як пчолы: і дзеці, і бацькі. Страшны кацёл Афгана «абліў» і яго агнём. Роўна год, з мая 1981-га па май 1982-га, намеснік камандзіра разведгрупы, старшы сяржант выконвае свой воінскі абавязак у Афганістане.

Кажуць, што ў мужчын больш трывалыя нервы. Не, яны перагараюць, тлеючы ў маўчанні, а правільней — у маўклівым перажыванні. І хто,  як не бацька, разумее ўсю армейскую кашу, якую пакаштаваў сам. Хапіла і іншых прычын для разважання ўсім прысутным.

Старшыня Капыльскага сельвыканкама Вольга Купрыенка:

—  Слова «афганец» у нашай краіне набыло асаблівы сэнс. Нашы хлопцы ў той час, выконваючы воінскі абавязак, дэманстравалі бяспрыкладную мужнасць і сілу духу.  Мы памятаем загінуўшых і выказваем пачуццё глыбокай павагі і ўдзячнасці іх бацькам. Усім, хто вярнуўся дадому, жадаем здароўя, асабістага шчасця, мірнага неба на доўгія гады.

Старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі аддзялення «Дусаеўшчына» ААТ «Скабін» Часлава Грыгаровіч:

— Усяго ў Афганістане ваявалі 16 жыхароў Капыльскага сельсавета, загінулі — двое, памерлі — шасцёра чалавек.

Ужо вырасла новае пакаленне беларусаў, якое, на шчасце, не ведае, што такое вайна. Хочацца сказаць нашаму маладому пакаленню: «У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу, нават у мірны час, бярыце прыклад з годных мужчын».

Загадчык бібліятэкі-клуба Галіна Сінюк пазнаёміла прысутных з краязнаўчымі матэрыяламі аб воінах-афганцах.

Ядвіга МАЛЕВІЧ, в. Дусаеўшчына



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *