Литературный музей Кузьмы Чорного: между прошлым и будущим

Актуально Культура

18 мая — Міжнародны дзень музеяў

Навошта патрэбны музеі? Пытанне, магчыма, рытарычнае, паколькі мы добра ведаем, што музей — гэта не проста аб’ект культуры, а своеасаблівая нітка, якая звязвае паміж сабой мінулае, сучаснае і будучыню. Магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй роднага краю, больш даведацца пра славутых землякоў выкарыстоўваюць многія, хто неабыякавы да культурнага жыцця сваёй краіны.

■ Экскурсію праводзіць Вольга Марціновіч (у цэнтры), трэцяя справа — Людміла Камінская (Ніжэвіч). 1980 г.
■ Экскурсію праводзіць Вольга Марціновіч (у цэнтры), трэцяя справа — Людміла Камінская (Ніжэвіч). 1980 г.

 

Цалкам адпавядае такім крытэрыям і Літаратурны музей Кузьмы Чорнага, што працуе ў аграгарадку Цімкавічы. І хоць даводзілася там бываць не адзін раз, пераступаючы парог, заўсёды адчуваеш хваляванне. Паколькі зноў атрымліваеш магчымасць дакрануцца да гісторыі, суперажываць тым нягодам, якія выпалі на долю адной з самых велічных постацей у беларускай літаратуры, падсілкавацца той энергіяй, якую выпраменьваюць лісты паперы, спісаныя рукой Кузьмы Чорнага.

■ Людміла Ніжэвіч
■ Людміла Ніжэвіч

Асабліва ўражваюць экспанаты, якія адлюстроўваюць перыяд творчасці пісьменніка ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У гэты час публіцыстычнае слова К. Чорнага набыло новую вастрыню і напал. Ра-зумеючы, як патрэбны людзям неадкладныя гарачыя водгукі на падзеі, ігнаруючы забароны дактароў на напружаную працу, пісьменнік-патрыёт пісаў палымяныя артыкулы, гарачыя звароты, адозвы, у якіх клікаў на свяшчэнную барацьбу з захопнікамі, палітычныя фельетоны, памфлеты, дзе выкрываў фашызм і яго злачынную філасофію.

Мікалай Карлавіч супрацоўнічаў з газетамі «Правда», «Известия», працаваў у газеце «Савецкая Беларусь», быў адказны за выпуск да яе дадатку «Раздавим фашистскую гадину», друкаваўся ў падпольных і партызанскіх выданнях, выступаў па радыё. Працуючы на дзіва многа і плённа, К. Чорны адначасова стварае шэраг апавяданняў і навел, пазней сабраных і выдадзеных у зборніку «Вялікае сэрца». У час вайны ім былі напісаны такія творы, як «Пошукі будучыні», «Млечны шлях», «Вялікі дзень», «Скіп’ёўскі лес» і інш. Рукапісы яшчэ трох яго раманаў згарэлі ў часы Вялікай Айчыннай вайны, а яшчэ некалькі твораў так і не былі завершаны.

Для таго, каб раскрыць перад сучаснікамі ў поўнай меры асобу гэтага сапраўднага майстра слова, у Цімкавічах і быў створаны мемарыяльны музей Кузьмы Чорнага. Адкрыўся ён у 1964 годзе і ўзнік дзякуючы энтузіязму тагачаснага дырэктара Цімкавіцкай сярэдняй школы заслужанай настаўніцы БССР Зінаіды Іосіфаўны Раманенкі. На гэту справу яе натхніў гонар за славутага земляка, пісьменніка, якога сучаснікі называлі «беларускім Дастаеўскім», Мікалая Карлавіча Раманоўскага (Кузьму Чорнага), які жыў, вучыўся і некаторы час працаваў у Цімкавічах.

■ Кузьма Чорны. 1925 г.
■ Кузьма Чорны. 1925 г.

Будаваўся музей, можна сказаць, талакой: настаўнікі, бацькі, вучні старэйшых класаў у вольны час працавалі на чыгунцы, цагельным заводзе, каб зарабіць грошы, на якія потым купілі фінскі домік, абклалі яго цэглай. 24 чэрвеня 1964 года адбылося ўрачыстае адкрыццё музея. У ім былі створаны тры экспазіцыйныя залы: адна з іх расказвала пра славутага земляка Кузьму Чорнага, другая распавядала пра гісторыю Цімкавіч, наступная — прысвячалася Цімкавіцкаму народнаму тэатру.

Людміла Іосіфаўна Ніжэвіч, якая з 1994 года ўзначальвае дадзеную ўстанову культуры, з лёгкім сумам успамінае пра гэтыя цікавыя часіны. Натхнёная энтузіязмам свайго класнага кіраўніка настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Вольгі Ільінічны Марціновіч, якая была адказнай за стварэнне экспазіцый і рыхтавала экскурсаводаў з ліку вучняў школы, яна  праводзіла экскурсіі, расказвала пра велічнасць асобы Кузьмы Чорнага.

«Многія экспанаты ў музеі з’явіліся дзякуючы жонцы Кузьмы Чорнага Рэвецы Ізраілеўне, яго сёстрам Марыі і Ганне, — расказвае Людміла Ніжэвіч. — Я асабіста доўгі час сябравала з дачкой пісьменніка Рагнедай Мікалаеўнай. Дарэчы, яна выказала пажаданне, каб пасля смерці яе пахавалі ў Цімкавічах, на вясковых могілках побач з родзічамі, і яе воля была выканана. Добрым сябрам музея з’яўляецца і адзіны ўнук пісьменніка Мікалай, у якога захоўваецца архіў яго славутага дзядулі. Успамінамі пра Кузьму Чорнага дзяліліся вяскоўцы, якія яго ведалі і помнілі, сябры-пісьменнікі, шмат матэрыялаў з’явілася дзякуючы супрацоўнікам Літаратурнага музея Янкі Купалы, Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі».

■ Малюнак Кузьмы Чорнага да рамана «Пошукі будучыні»
■ Малюнак Кузьмы Чорнага да рамана «Пошукі будучыні»

У музеі праводзілася шмат мерапрыемстваў, у розныя гады аддаць даніну павагі выдатнаму майстру слова прыязджалі вядомыя беларускія пісьменнікі. Сюды наведваліся шматлікія дэлегацыі, у тым ліку і замежныя.

Новы этап у гісторыі музея пачаўся 15 студзеня 1993 года, калі ён перайшоў на баланс Міністэрства культуры і стаў філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. 24 кастрычніка 1994 года адбылося ўрачыстае адкрыццё новай экспазіцыі. Яна размешчана ў пяці залах і ўсебакова раскрывае творчую асобу Кузьмы Чорнага: празаіка, публіцыста, драматурга і памфлеціста.

■ Падчас адкрыцця музея. Першая справа — Зінаіда Раманенка, чацвёртая справа — сястра Кузьмы Чорнага Марыя Карлаўна. 1964 г.
■ Падчас адкрыцця музея. Першая справа — Зінаіда Раманенка, чацвёртая справа — сястра Кузьмы Чорнага Марыя Карлаўна. 1964 г.

Для таго, каб зацікавіць наведвальнікаў, асабліва юных, Людміла Ніжэвіч уключае ў сваю экскурсію інтэрактыўныя элементы. Напрыклад, з захапленнем яны б’юць у невялікі звон, які вісіць у дзвярным праёме, і загадваюць жаданні. З такой жа цікавасцю садзяцца за ткацкі станок альбо вывучаюць гісторыю Цімкавіч на рэтравыставе «Забытыя рэчы», якая зараз працуе ў музеі. Тут можна ўбачыць прадметы, якія ўжывалі ў паўсядзённым жыцці мясцовыя жыхары на працягу мінулага стагоддзя. Напрыклад: фунтовы бязмен, сетку-авоську, бабінны магнітафон, радыёлу з вінілавымі пласцінкамі і многае іншае. Усе гэтыя рэчы Людміле Іосіфаўне прынеслі вяскоўцы.

У наступным годзе мы будзем адзначаць 120-ю гадавіну з дня нараджэння Кузьмы Чорнага, што, безумоўна, павялічыць цікавасць да асобы гэтага надзвычай адоранага чалавека, які пражыў толькі 44 гады, але пакінуў нам такую багатую спадчыну.

Маргарыта САКОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *