Последние обозначенные в весеннем сельскохозяйственном календаре работы ведут в филиале «Лакнея» УП «ПриортрансАгро»

Актуально Посевная-2019 Экономика

Апошнія пазначаныя ў веснавым сельскагаспадарчым календары работы вядуць у філіяле «Лакнея» УП «ПрыортрансАгра». Ідзе хімпраполка яравых культур. Адзін з найважнейшых сельскагаспадарчых прыёмаў — апрацоўка культур ад шкоднікаў і пустазелля.  Завяршаецца сяўба кукурузы. Яшчэ колькі дзён — і выйдуць на палеткі корманарыхтоўчыя агрэгаты.

■ Галоўны аграном філіяла «Лакнея» Дар’я Рудзеня з механізатарамі Міхаілам Матусам (у цэнтры) і Аляксандрам Давідоўскім
■ Галоўны аграном філіяла «Лакнея» Дар’я Рудзеня з механізатарамі Міхаілам Матусам (у цэнтры) і Аляксандрам Давідоўскім

Напрыканцы мінулага тыдня мы наведаліся ў філіял «Лакнея», дзе сустрэліся з галоўным аграномам Дар’яй Рудзеняй. Яна назірала за работай новенькага сучаснага самаходнага апырсквальніка італьянскай вытворчасці MAZZOTTI. Для яго гэта толькі першы сезон у гаспадарцы, а кіруе сучаснай машынай Міхаіл Матус. Паводле слоў механізатара, за адзін заход ён апрацоўвае пасевы на шырыні 24 метры.

Дарэчы, як выявілі беларускія вучоныя з РУП «Інстытут аховы раслін», асноўную праблему для яравых збожжавых стварае каля 40 відаў пустазелля, менавіта з-за іх страты ўраджаю складаюць каля 40%. Таму гэтаму віду работ надаецца такое вялікае значэнне.

Усяго на той суботні дзень было апрацавана 200 га яравых культур, наперадзе чакалі яшчэ 700 га. Дар’я Рудзеня адзначыла, што гэтыя работы неабходна закончыць хутчэй чым за тыдзень, паколькі з павышэннем тэмпературы паветра аператыўнасць можа знізіцца. Калі слупок тэрмометра падымаецца вышэй за адзнаку ў 23 градусы, апрацоўваць палеткі можна будзе толькі раніцай або ўвечары.

IMG_2375

Побач з Міхаілам Матусам працуе Аляксандр Давідоўскі. Яго задача — заправіць агрэгат. Увогуле мужчыны часта дзейнічаюць адным звяном, нават быў час, калі яны былі членамі аднаго экіпажа збожжаўборачнага камбайна. Таму разумеюць адзін аднаго з паўслова і імкнуцца старанна працаваць на агульны рэзультат. Іх заслужана можна назваць вопытнымі механізатарамі. У Міхаіла працоўны стаж у гаспадарцы больш за 20 гадоў, апошнія шэсць займаецца менавіта ахоўнымі работамі. Аляксандр уладкаваўся на працу ў сельгаспрадпрыемства ў 2007 годзе, адразу пасля заканчэння школы. Пасведчанне трактарыста ён атрымаў у Камсамольскім вучэбна-вытворчым камбінаце, якія ў той час паспяхова рыхтавалі механізатараў, вадзіцеляў, прадстаўнікоў іншых прафесій. Як прызнаецца сам Аляксандр, у яго былі спробы змяніць вясковае жыццё на гарадское, але зразумеў, што яго месца тут, на роднай зямлі, і ніколькі не пашкадаваў аб прынятым рашэнні.

Дарэчы, падчас гутарак з работнікамі філіяла не адзін раз гучалі словы задаволенасці сваім становішчам: «Нам падабаецца працаваць у нашай гаспадарцы! Нам падабаецца наш кіраўнік! Нам падабаецца жыць у вёсцы!»

Такі ж настрой і ў прадстаўніка больш старэйшага пакалення Уладзіміра Місючэнкі (на другім здымку). Яго задача на трактары МТЗ-1221 з сеялкай кропкавага высеву «Ферабокс» завяршыць сяўбу кукурузы. Засталося ўсяго 100 га. З ім мы сустрэліся ў вёсцы Камсамольская, на ўскрайку палетка непадалёку ад мех-двара.

Механізатар патлумачыў, што трэба крышку пачакаць, пакуль прасохне пасля дажджу поле: «Калі на горцы ўжо можна пускаць трактар, то ў нізіне даволі гразка». Як адзначыла Дар’я Рудзеня, на палетку будзе пасеяна кукуруза насеннем айчыннай вытворчасці «Палескі». Яно ўжо папярэдне апрацавана ад хвароб і драцяніка. Увосень з гэтай кукурузы атрымаецца цудоўны сілас.

Маргарыта САКОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *