Праздник Победы на Копыльщине. Как отметили 9 Мая в районе

75-летие освобождения Беларуси Актуально Память

Бучацінскі сельсавет

Асноўныя святочныя мерапрыемствы на тэрыторыі Бучацінскага сельсавета адбыліся ў в. Бучаціна і аграгарадку Жыліхава.

IMG_20190509_105047_1

Вядома ж, прайшлі яны пры актыўным удзеле навучэнцаў сярэдніх школ і мясцовых жыхароў. Падчас мітынгаў ускладзены вянкі і кветкі да помнікаў загінулым землякам (на здымку). Таксама адбыліся святочныя канцэрты і дыскатэкі. У Бучаціне было арганізавана экспромт-віншаванне, а ў Жыліхаўскай СШ у гэты дзень адбылося традыцыйнае прыняцце ў члены Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Напярэдадні на брацкай магіле ў в. Гулевічы, у якой пахаваны невядомыя танкісты, устаноўлена шыльда з іх імёнамі.

 

Слабада-Кучынскі сельсавет

Насычанай разнастайнымі мерапрыемствамі была святочная праграма на тэрыторыі гэтага сельсавета.

56

У аграгарадку Старыца дзень 9 мая распачаўся з канцэрта інсцэніраванай патрыятычнай песні, падрыхтаванага навучэнцамі мясцовай школы. Затым адбыўся ўрачысты мітынг «Паклонімся вялікім тым гадам» на мемарыяльным комплексе воінам-землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (на здымку). Мемарыял называюць унікальным, таму што ствараў яго Сяргей Селіханаў — адзін з суаўтараў кампазіцыі «Няскораны чалавек» у комплексе «Хатынь». Тут жа чацвёртакласнікі былі прыняты ў піянеры. Пад песню «Жураўлі» дзеці запусцілі ў неба белыя шарыкі як сімвал свабоды.

А напярэдадні быў наведаны на даму адзіны ветэран вайны, які пражывае на тэрыторыі сельсавета, — Вячаслаў Пятровіч Гапонаў з в. Астрэйкі. Ганаровага грамадзяніна павіншавалі са святам і ўручылі матэрыяльную дапамогу ад ААТ «Старыца-Агра».

Вахта памяці і турнір па міні-футболе адбыліся ў Слабадакучынскай СШ.

 

Семежаўскі сельсавет

9 Мая цэнтрам святочных урачыстасцей стаў і Семежаўскі сельсавет.

9

Урачыстыя мітынгі і ўшанаванні ветэранаў прайшлі ў аграгарадку Семежава і вёсцы Чырвоная Дубрава. Адкрыла святкаванне Дня Перамогі традыцыйнае ўскладанне вянкоў і кветак да абеліскаў загінуўшым воінам і да брацкіх магіл. Аддаць даніну павагі ўсім, хто служыў Айчыне ў імя свабоды і жыцця будучых пакаленняў, у гэты дзень прыйшлі кіраўніцтва ААТ «Семежава», сельвыканкама, навучэнцы Семежаўскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа (на здымку) і вяскоўцы.

На тэрыторыі сельсавета пражывае былы вязень Ніна Калеснік, якую сёлета запрасілі на мітынг. Звяртаючыся да маладога пакалення, жанчына адзначыла, што памяць пра подзвіг ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны будзе жыць у стагоддзях. Напярэдадні свята супрацоўнікі мясцовага сельгаспрадпрыемства і сельвыканкама, піянеры кветкамі, паштоўкамі і матэрыяльнай дапамогай на даму павіншавалі Ніну Андрэеўну, а таксама дзяцей працаўніка тылу Анатоля Саўчука са святам. Падзякаваўшы за мужнасць і стойкасць, яны пажадалі сведкам той вайны яшчэ на доўгія гады заставацца прыкладам для маладых пакаленняў.

Мерапрыемствы прадоўжыліся святочнымі канцэртамі мастацкай самадзейнасці Семежаўскага цэнтра культуры і вольнага часу.

 

Блеўчыцкі сельсавет

Адным з самых запамінальных мерапрыемстваў з нагоды 74-й гадавіны з Дня Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі для мясцовых жыхароў стаў мітынг ля брацкай магілы ў в. Блеўчыцы.

IMG_1660

Тут сабраліся прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскасці, школьнікі. З віншаваннямі да вяскоўцаў звярнуліся старшыня Блеўчыцкага сельвыканкама Леанід Чарніковіч, спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ «Ціміразеўскі» Кацярына Панцэвіч, дырэктар Быстрыцкай СШ Мікалай Трус.

Гэты дзень стаў адметным і для 12 чацвёртакласнікаў мясцовай навучальнай установы — 9 мая яны сталі членамі Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі і на іх грудзях запунсавелі чырвона-зялёныя гальштукі (на здымку). Да падножжа помніка землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, былі ўскладзены кветкі, а агароджу ўпрыгожылі рознакаляровыя паветраныя шары.

Прайшлі святочныя мерапрыемствы і ў іншых буйных населеных пунктах Блеўчыцкага сельсавета: канцэрты мастацкай самадзейнасці, выставы малюнкаў, танцавальныя праграмы.

 

Пацейкаўскі сельсавет

Святочныя мерапрыемствы на тэрыторыі Пацейкаўскага сельсавета адбыліся каля помніка ў цэнтры аграгарадка (на здымку).

Потейки митинг-2

Навучэнцы мясцовай школы падрыхтавалі змястоўную літаратурна-музычную кампазіцыю. З цікавасцю жыхары населенага пункта, работнікі ААТ «Прагрэс 2010», прадстаўнікі мясцовай улады слухалі выступленне старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі Раісы Лянько. Былі ўскладзены вянкі і кветкі да брацкай магілы воінаў і партызан, якія загінулі ў гады вайны. Члены піянерскай арганізацыі і БРСМ разам з педагогам-арганізатарам наведалі ветэрана вайны і былых вязняў, якія пражываюць у Пацейках.

А вось за некалькі дзён да ўрачыстасці школьнікі «высадзіліся» працоўным дэсантам у в. Жавулкі, дзе навялі парадак ля помніка спаленым  жыхарам.

 

Цімкавіцкі сельсавет

9 мая ў аграгарадку Цімкавічы прайшоў мітынг (на здымку), прысвечаны Дню Перамогі, куды былі запрошаны былыя працаўнікі тылу, жыхары аграгарадка, настаўнікі, школьнікі, прадстаўнікі і кіраўнікі арганізацый.

i (2)

Да вялікага свята віншаванні і матэрыяльную дапамогу атрымалі ахвяра фашызму, былы малалетні вязень Кацярына Яфімаўна Дзятловіч і ветэран вайны Кузьма Савельевіч Місевіч.

З самай раніцы ля манумента загінулым землякам у Цімкавічах гучаў радыёканцэрт песень ваенных гадоў.

Як паведаміла загадчыца Цімкавіцкага філіяла Вольга Радкевіч, асаблівасцю свята стала акцыя «Беларусь памятае». У шэрагах шэсця поплеч ішлі дарослыя і дзеці, якія захоўваюць памяць пра подзвіг сваіх продкаў. Па традыцыі да абеліска загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг. воінам былі ўскладзены вянкі, кветкі, гірлянды. Протаіерэй Міхаіл Мардвінаў, настаяцель прыхода святога Мікалая, здзейсніў малебен на брацкай магіле.

Пасля мітынгу ўсе былі запрошаны на ўрачысты канцэрт, прысвечаны Дню Перамогі, арганізаваны Цімкавіцкім СДК, які ўразіў усіх прысутных.

 

Бабаўнянскі сельсавет

Старт урачыстым мерапрыемствам у Бабаўнянскім сельсавеце быў дадзены 8 мая ў аграгарадку Пясочнае — напярэдадні знамянальнай даты вучні Песачанскага ВПК д/с-БШ атрымалі членскія білеты БРСМ ля брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан.  

Рисунок3

Раніцай 9 мая песнямі ваеннай тэматыкі, што ліліся з дынамікаў на радыёканцэрце ля помніка землякам, загінуўшым падчас вайны, распачалася святочная праграма ў вёсцы Бабоўня (на здымку). Тут жа адбыўся мітынг, на якім прагучалі віншаванні ад старшыні Бабаўнянскага сельвыканкама Ірыны Запольскай і дэпутата Бабаўнянскага сельскага Савета  Галіны  Дрожжы. Святочны настрой стварыў падрыхтаваны супрацоўнікамі Лоцвінскага цэнтра аматарскай творчасці міні-канцэрт, на якім, дарэчы, песні па традыцыі выконвалі ўсе прысутныя, а не толькі артысты. Афіцыйная частка завяршылася ўскладаннем кветак і вянкоў да помніка землякам і брацкай магілы. У гэты ж дзень старшыня сельвыканкама Ірына Запольская і бібліятэкар Бабаўнянскай сельскай бібліятэкі Святлана Грушэвіч завіталі да інваліда Вялікай Айчыннай вайны Эдуарда Сцяпанавіча Мікуліча, а таксама да ўдзельніка вайны Міхаіла Мартынавіча Слабкевіча і павіншавалі іх са святам Вялікай Перамогі.

Урачыстую эстафету ад бабаўнянцаў перанялі жыхары аг. Лясное. Тут таксама былі падрыхтаваны радыёканцэрт, творчыя нумары, прайшоў мітынг. На мерапрыемстве прысутнічаў і ганаровы госць — непасрэдны сведка падзей ваеннага ліхалецця, былы вязень канцлагера Іван Дзмітрыевіч Канавалаў.

 

Грозаўскі сельсавет

Свята ў Грозаўскім сельсавеце пачалося з радыёканцэрта «Песні вайны». Затым, каб аддаць даніну памяці, жыхары Грозава, Канюхоў (на здымку), Каменя і Камсамольскай сабраліся ля помнікаў салдатам-вызваліцелям на мітынгі.

1

 

Як адзначыла старшыня сельвыканкама Жанна Скрыган, віншаванні і матэрыяльную дапамогу атрымаў Іван Васільевіч Захарык — адзіны ветэран Вялікай Айчыннай вайны, які застаўся на тэрыторыі сельсавета.

Канюхоўская бібліятэка-клуб сумесна з Грозаўскім домам культуры падрыхтавала і правяла тэматычныя канцэрты да Дня Перамогі: у 9.00 прайшло мерапрыемства «Вялікая Перамога» ў вёсцы Канюхі, у 11.00 «Пераможны май» — у аграгарадку Грозава і ў 18.00 канцэрт адбыўся ў аграгарадку Камень. Напрыклад, цікавай была канцэртная праграма ў вёсцы Канюхі, на якую завіталі не толькі мясцовыя жыхары, але і адміністрацыя ААТ «Праснакі». Сваімі выступленнямі парадавалі школьнікі Аляксей Уласевіч, Настасся  Уласевіч, Настасся Мяцельская, Марыя Кучынская, а таксама ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Ксенія Ганчарык, мастацкі кіраўнік Грозаўскага дома культуры Яўгенія Леус і загадчыца Канюхоўскай бібліятэкі-клуба Валянціна Берасневіч.

У аграгарадку Грозава адбыўся мітынг-шэсце «Беларусь памятае», а ўвечары самадзейныя артысты павіншавалі жыхароў аграгарадка Камень з Днём Перамогі святочным канцэртам. Завершыліся мерапрыемствы танцавальнай праграмай.

 

Доктаравіцкі сельсавет

Цікавую праграму распрацавалі арганізатары святочных мерапрыемстваў у Доктаравіцкім сельсавеце.

IMG-85ba8a3e5b34e07799c1e7bb3a950ecd-V

Асноўныя дзействы разгарнуліся ў аграгарадках Ванелевічы і Новыя Доктаравічы. Ускладанне вянкоў да помнікаў, а таксама мітынгі з удзелам старшыні Доктаравіцкага сельвыканкама Міхаіла Валуевіча і прадстаўнікоў адміністрацыі мясцовых школ адбыліся тут напярэдадні 9 Мая. Сам жа Дзень Перамогі выдаўся па-сапраўднаму святочным і радасным і прайшоў пад гукі музыкі.У Ванелевіцкім цэнтры культуры і вольнага часу святочную раніцу адкрылі песні ваеннай тэматыкі, што прагучалі падчас радыёканцэрта. Вечарам жыхароў і гасцей аграгарадка чакалі на творчую праграму «Песня пераможнага мая». У Навадоктаравіцкім доме культуры таксама былі падрыхтаваны радыёканцэрт і канцэртная праграма.

Насычанымі выдаліся перадсвяточны перыяд і сам дзень 9 Мая ў школьнікаў — яны прынялі ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах, прысвечаных 74-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне (на здымку). Да гэтай даты была прымеркавана і цырымонія прыёму ў акцябраты і піянеры.

 

Капыльскі сельсавет

Святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня Вялікай Перамогі адбыліся і на тэрыторыі Капыльскага сельсавета.

IMG-c5f9a16df126254389704943a2fcef1f-V

Напярэдадні свята і непасрэдна ў Дзень Перамогі ў аграгарадках Мажа, Скабін, вёсцы Дусаеўшчына прайшлі ўрачыстыя мітынгі, былі ўшанаваны ветэраны, да падножжа помнікаў загінуўшым землякам усклалі вянкі і кветкі. Былі арганізаваны конкурсы і выставы малюнкаў, святочныя канцэрты, кніжныя выставы, пра подзвіг савецкіх салдат, партызан і падпольшчыкаў гаварылі падчас класных гадзін ва ўстановах адукацыі.

Як паведаміла наш няштатны аўтар — загадчыца Дзяржынскай сельскай бібліятэкі-клуба Галіна Сінюк, вельмі цікавае мерапрыемства прайшло 5 мая ў Дусаеўшчыне. Жыхары вёскі і шаноўныя госці ра-зам з удзельнікамі тэатралізаванага канцэрта «Памятае сэрца, не забудзе ніколі» перанесліся ў апошні мірны дзень 21 чэрвеня 1941 года, а затым акунуліся ў ваенныя дзеянні той страшнай пары (на здымку). Са слязьмі на вачах яны слухалі выступленні Віктара Ермакова і Антаніны Бурак, Вікторыі Кулікоўскай і Аліны Пінчук, Аляксандра і Дар’і Болбасаў, Кацярыны і Настассі Сінюк і іншых удзельнікаў свята. Хвілінай маўчання ўшанавалі   памяць усіх,  хто  загінуў на той страшнай вайне.

Рэпартажы вялі Маргарыта САКОВІЧ, Дзіяна ТКАЧЭНКА, Сяргей КОЗЕЛ, Таццяна БОХАН, Аксана МІХАЙЛОЎСКАЯ, Марына ЛАДЫГА, Валянціна БЕРАСНЕВІЧ, Вольга РАДКЕВІЧ, Галіна СІНЮК, Святлана ГРУШЭВІЧ, Вікторыя КУНАШ-ЛІТВІНА, Ала БАБКО, Настасся БУЛДЫСКА, Любоў КУРАЧАВА, Ганна КІЛЬЧЭЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *