«Районка как зеркало жизни»

Актуально Пошта "СП"

Газету «Слава працы» амаль не трымаў у руках да выпадкова купленага ў капыльскім кіёску «Белсаюздруку» святочнага нумара 27 кастрычніка 2018 года.

135

Былому сакратару камітэта камсамола ў «абаронцы» (прамысловасць па выпуску ваеннай абарончай тэхнікі) кінулася ў вочы: «Да 100-годдзя ВЛКСМ». На першай паласе перадрукаванага нумара за 29 кастрычніка 1963 года пад здымкам сярод прозвішчаў дзесяцікласнікаў Цімкавіцкай школы ўбачыў:

А. Семяновіч. Шурык! Цудоўны сябар-першакласнік з вёскі Доўгае, з якім лёс разлучыў пасля заканчэння трэцяга класа.

Завітаў да галоўнага рэдактара Марыі Уладзіміраўны Шэінай. Станоўча ўразілі адносіны кіраўніка і ўсіх супрацоўнікаў газеты. Выпісаў раёнку на два месяцы ў сталіцу. Якая яна паўсядзённая? Цікава чалавеку, які  ў  дзяцінстве жыў на Капыльшчыне. Дзякуй Маргарыце Саковіч за падарунак — пашыраныя інфармацыі: «Пакінуў свой след на Капыльшчыне», «Самаахвярнасць сям’і Лушчыцкіх». Жадаю поспехаў вучню 11 класа з Салігорскага раёна Данілу Міхаленю. Проба «пяра» ў замалёўцы «Дом з чырвонай зорачкай» спадабалася. За разнажанравыя літаратурныя матэрыялы: «Каменные дети, или Несколько картин из жизни Нины Калесник», «праз усё жыццё любоў пранеслі», «Жыццё, прысвечанае людзям», «Заззялі факелы Цароў — факелы жыцця», «Вайна і мір Кацярыны Дзятловіч» — дзякуй, даражэнькая Дзіяна Ткачэнка, за асалоду, якую Вы падарылі падпісчыку, чалавеку сталага ўзросту. Кранальны аповед пра чалавека, якога помню з ранняга дзяцінства, — Кацярыну Яфімаўну Дзятловіч —нагадаў пра асабістае дзяцінства…  

…Вяртаючыся зімою позна вечарам з працы ў кароўніку ў невялікую хату, удава-салдатка з вялікаю пяшчотаю расказвала нам, чатыром падрастаючым дзеткам, пра дзвюх худзенькіх, амаль дзяўчынак, былых вязняў нямецкага канцлагера Кацярыну Дзятловіч і яе сяброўку. Выпускніцы тэхнікума жылі на кватэры, іншым разам прыходзілі ў Агароднікі на ферму. Праз пэўны час Каця сваё дзявочае прозвішча змяніла на мужава ды стала жыць у Агародніках. У кастрычніку 1964 года разам з яе мужам Сяргеем Іванавічам у мацярынскай хаце, дарэчы, якая ў якасці лецішча захоўваецца мною, малодшым, як памяць пра ўсю сялянскую сям’ю, праводзілі мяне ў Савецкую Армію. Прыязджаючы ў вёску, партыйнаму сакратару ў «абаронцы» было прыемна чуць пра поспехі партыйнага сакратара саўгаса «Цімкавіцкі» Кацярыны  Дзятловіч. 

Так, святы сяляне добра арганізоўвалі. Аднойчы разам з блізкім сябрам маёрам абласной міліцыі Анатолем Макаравічам Лапоткам удзельнічалі ў «Дажынках». Зараз, бываючы на рыбалцы на Мажскай запрудзе каля вёскі Доўгае, прыемна ўспамінаю былое кустоўе ды настольнікі-самабранкі з рознымі сялянскімі прысмакамі…

Знаёмства з газетай прынесла хвіліны задавальнення. Жаданне быць падпісчыкам надалей захавалася.

Уладзімір МАРОЗ,

 г. Мінск



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *