Состоялся выездной семинар-совещание на базе ОАО «Преснаки»

Актуально Экономика

Вынікі работы за першы квартал бягучага года і навядзенне парадку на жывёлагадоўчых аб’ектах сталі галоўнымі тэмамі абмеркавання падчас выязнога семінара-нарады, які быў арганізаваны на базе ААТ «Праснакі».

■ Віталь Ракевіч з удзельнікамі семінара падчас наведвання МТФ «Камень»
■ Віталь Ракевіч з удзельнікамі семінара падчас наведвання МТФ «Камень»

Семінар прайшоў пад кіраўніцтвам першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Віталя Ракевіча з удзелам кіраўнікоў і галоўных зоаветспецыялістаў раёна. Былі наведаны дзве малочнатаварныя фермы гаспадаркі — «Камень» і «Асавец». Дырэктар сельгаспрадпрыемства Віталь Платун расказаў пра арганізацыю працэсу па вытворчасці малака і вырошчванне маладняку, падыходы да навядзення парадку на жывёлагадоўчых аб’ектах.

Адметна, што названыя фермы раней уваходзілі ў склад ААТ «Суворава-Агра», якое нейкі час таму было далучана да ААТ «Праснакі». Гэта аб’яднанне станоўча паўплывала на выніковасць працы малочнатаварных ферм. Да прыкладу, калі раней на МТФ «Камень» даілі па 2,5 кг ад каровы, то цяпер — не менш за 11. Як кажуць, каментарыі не патрэбны.

Паколькі тут доўгі час працавалі асобы, што дастаўляліся з ЛПП, гэта вельмі негатыўна адбілася на здароўі кароў. Цяпер, калі на ферму вярнуўся былы калектыў, карціна значна змянілася.

■ На МТФ «Асавец»
■ На МТФ «Асавец»

На ферме працуе 34 чалавекі. Жывёлаводы тут выконваюць адразу некалькі функцый: яны начныя вартаўнікі, прыбіральшчыкі, качагары і непасрэдна жывёлаводы. Працаваць даводзіцца суткі праз суткі, але за гэта маюць вельмі добрыя грошы.

Наведзены парадак і з раздзяленнем статка. Напрыклад, запускных кароў перавялі ў асобны кароўнік і падзялілі на перыяды. Там жа ўтрымліваюцца і навацельныя каровы, якія дояцца ў бачкі, што дазволіла значна знізіць працэнт іх выбыцця.

Як расказаў Віталь Віктаравіч, апошнія дні вялікая ўвага надавалася навядзенню парадку на фермах. Лішняя прыфермская тэрыторыя была заарана, выгульныя двары пачышчаны, туды завезена салома, агароджа пафарбавана, заднія двары ачышчаны ад арганікі, дзе трэба — падсыпаны гравіем.

Даволі прывабная карціна адкрылася і на наступным наведаным аб’екце — МТФ «Асавец». Адметна, што на абедзвюх фермах увесь маладняк знаходзіцца ў індывідуальных доміках на вуліцы, і стаяць яны на самым відным месцы, нібы нагадваючы, што кожная карова пачынаецца з цяляці, таму ім патрэбна такая пільная ўвага.

Пленарнае пасяджэнне праходзіла ў малой зале райвыканкама, дзе да прысутных далучыўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатоль Ліневіч.

У даступнай форме, з выкарыстаннем табліц, што адлюстроўваліся на вялікіх экранах, былі прааналізаваны вынікі работы жывёлаводаў раёна за першыя тры месяцы года. Кіраўнікам і галоўным зоаветспецыялістам гаспадарак, якія дапусцілі нізкія тэмпы работ па тых ці іншых пазіцыях, давялося трымаць адказ. Кіраўнік раёна строга пытаў за кожную недапрацоўку. Вялікая ўвага звярталася на шчыльнасць статкаў у гаспадарках, асабліва на выбыццё цялушак. Галоўным заатэхнікам гаспадарак, дзе гэта было дапушчана, аб’яўлены вымовы.

«Усё пачынаецца з парадку, — канстатаваў Анатоль Канстанцінавіч. — Калі ён будзе на фермах і прыфермскіх тэрыторыях, то ён будзе і ў тэхналогіі».

Маргарыта САКОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *