Копыльская РОС ДОСААФ организовала экскурсию по памятным местам района

75-летие освобождения Беларуси Актуально Память

У Капыльскім раёне каля 20 вёсак падзялілі лёс Хатыні. Многія з іх не аднавіліся.

У рамках месячніка ваенна-патрыятычнай і спартыўна-масавай работы і да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў раённая арганізацыйная структура ДТСААФ арганізавала экскурсію па памятных мясцінах Капыльшчыны для шасцікласнікаў СШ № 2 г. Капыля. Яе мэта — папоўніць веды навучэнцаў па гісторыі роднага краю. У якасці экскурсавода выступіў старшыня РАС ДТСААФ Аляксандр Касінскі.

■ На брацкай магіле
■ На брацкай магіле ў в. В. Прусы

Спіс спаленых паселішчаў Капыльшчыны адкрываюць Вялікія Прусы. За два дні — 26 і 27 верасня 1942 года — гітлераўцы знішчылі ў агні 258 чалавек. На ўскрайку вёскі знаходзіцца брацкая магіла, дзе ў 1975 годзе ўстаноўлена стэла.

Асабліва трагічным для жыхароў Капыльшчыны быў люты 1943-га. У прыватнасці, 2 лютага фашысты спалілі вёску Масявічы разам са 130 жыхарамі. Сярод іх 11 дзяцей да двух і 47 — да дванаццаці гадоў. Выжыў толькі адзін чалавек, далейшы лёс якога невядомы. Пасля вайны вёска так і не паўстала з попелу. У 1998 годзе на гэтым месцы ўстаноўлена скульптурная кампазіцыя. На пачатку лютага згарэлі разам з жыхарамі вёскі Прагрэс, Рулёва, Калодзезнае. 5 лютага спалены Жавулкі, у агні загінулі 512 чалавек: дзеці, жанчыны, старыя. На заходняй ускраіне вёскі знаходзіцца магіла ахвяр фашызму, на якой у 1967 годзе ўстаноўлены помнік.

■ Ускладанне кветак да помніка ў в. Жавулкі
■ Ускладанне кветак да помніка ў в. Жавулкі

Пабывалі школьнікі і на тым месцы, дзе 3 снежня 1942-га адбыўся Лаўскі бой. Там размяшчаўся партызанскі шпіталь, які імкнуліся захапіць фашысты. Атрад імя Катоўскага пад камандаваннем ураджэнца Капыльшчыны старшыны міліцыі Вікенція Драздовіча атрымаў загад затрымаць ворага на 2-3 гадзіны, пакуль эвакуіруюць раненых. Партызаны наладзілі засаду на могілках. Усе 18 чалавек загінулі, малодшаму, Валодзю Качаноўскаму, было 15, а самаму старэйшаму — 32 гады.

*****

Святлана Пятроўна ШАКУН, класны кіраўнік:

— Вельмі добра, што ў Год малой радзімы арганізавалі такое мерапрыемства. Яно прайшло пазнавальна і карысна. Напярэдадні мы правялі тэматычную гутарку, але пабываць на тых памятных месцах больш цікава. Адзначу, што дзеці з цікавасцю рэагавалі на кожны аповед.

Ілья МАЛІНОЎСКІ:

— Падчас экскурсіі мы яшчэ раз упэўніліся ў тым, што кожны кавалак роднай зямлі паліты крывёй нашага народа. Ці то гэта спаленая вёска, ці то гэта месца бою. Наш абавязак — памятаць гісторыю роднага краю.

Васіліса ЛАСТАЧКІНА:

— Вяртаючыся дамоў, мы думалі аб тым, як дорага заплацілі нашы прадзеды за Перамогу. І мы, маладое пакаленне, якое ведае пра вайну толькі па кніжках, кінастужках і аповедах продкаў, ніколі не забудзем, якой цаной заваявана наша мірнае неба.

Сяргей АСТРЭЙКА:

— Падчас паездкі мы пабывалі на тых мясцінах, якія гістарычна важныя для нашага раёна. Бо амаль у кожнай сям’і ёсць родныя, якія загінулі ў гады вайны, у кожным горадзе ці вёсцы ёсць абеліскі памяці. І мы павінны іх захоўваць.

Ульяна МАЛІНОЎСКАЯ:

— Як даніну памяці і павагі да кожнага гераічнага месца мы ўсклалі кветкі. Экскурсія пакінула незабыўныя ўражанні. Імі мы падзелімся з іншымі аднакласнікамі. Хачу падзякаваць за цікавае і змястоўнае мерапрыемства.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *