В Копыле в минувшее воскресенье на центральной площади отгуляли Масленицу

Актуально Культура Праздник

У апошні дзень масленічнага тыдня — Даравальную нядзелю — на цэнтральнай плошчы райцэнтра па старажытных і сучасных беларускіх традыцыях развітваліся з зімой і запрашалі доўгачаканую вясну.

■ Блінамі частавалі прама на тэатралізаваным прадстаўленні
■ Блінамі частавалі прама на тэатралізаваным прадстаўленні

Надвор’е хоць і ўнесла свае карэктывы,  аднак  не   стала  перашкодай для правядзення свята. Дарэчы, згодна з народнымі прыкметамі, калі на гэты час прыходзіцца непагадзь ды холад, то вясна абавязкова парадуе добрым надвор’ем. Калі ж верыць яшчэ адной прыкмеце аб тым, што выпечы шмат бліноў падчас Масленіцы — да багацця ды вялікага ўраджаю, то наогул атрымліваецца выдатная замалёўка бліжэйшай будучыні. Бо хіт свята — бліны — у незлічонай колькасці былі нарыхтаваны, а таксама выпякаліся прама на месцы. Пачаставацца імі, ды яшчэ і з рознымі дабаўкамі на любы густ, можна было бясплатна — гасцінныя прадстаўніцы Лоцвінскага цэнтра аматарскай творчасці, Песачанскага і Семежаўскага цэнтраў культуры і вольнага часу, Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя А. Астрэйкі  з задавальненнем частавалі ўсіх жадаючых. «Смачны» настрой стваралі і работнікі райспажыўтаварыства. Традыцыйным попытам карысталася прадукцыя іх выставы-продажу, асноўны асартымент якой спецыяльна да мерапрыемства быў дапоўнены сюжэтамі «бліннай гісторыі». Акрамя прысмакаў можна было набыць і вырабы сувенірнай прадукцыі, прадстаўленыя Капыльскім ТЦСАН і клубам «Скарбонка». 

■ Прадстаўніцы Семежаўскага цэнтра культуры і вольнага часу - з ліку гаспадынь, якія з задавальненнем частавалі блінамі ўсіх жадаючых
■ Прадстаўніцы Семежаўскага цэнтра культуры і вольнага часу — з ліку гаспадынь, якія з задавальненнем частавалі блінамі ўсіх жадаючых

Вясёлым, цікавым і да таго ж пазнавальным выдалася тэатралізаванае прадстаўленне, дзе можна было не толькі пад іскрамётныя песні патанцаваць, але і паўдзельнічаць у шматлікіх гульнях, а таксама даведацца пра масленічныя традыцыі і звычаі беларусаў. Святочны настрой падчас відовішча стваралі юныя акцёры — навучэнцы Капыльскага дзяржаўнага каледжа, а таксама ўдзельнікі калектываў мастацкай самадзейнасці Капыльскага РЦК, Цімкавіцкага і Грозаўскага сельскіх дамоў культуры, Ванелевіцкага цэнтра культуры і вольнага часу, Ляшнянскага, Руднянскага і Скабінскага клубаў-бібліятэк і Лоцвінскага ЦАТ. Куратарамі мерапрыемства выступілі супрацоўнікі раённага цэнтра традыцыйнай культуры — менавіта яны займаліся рэжысурай і тэатралізацыяй Масленіцы.

Кульмінацыяй свята стала спальванне пудзіла. Падчас гэтага старажытнага абраду, які сімвалізуе развітанне з зімой і сустрэчу вясны, кожны мог загадаць жаданне, прывязаўшы да лялькі перад тым, як яе падпаліць, каляровую стужку.

Аксана МІХАЙЛОЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *