Молодой специалист Копыльского опытного лесхоза Алеся Казак продолжает семейную династию лесоводов

Актуально Чалавек і яго справа

Малады спецыяліст выпускніца Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Алеся Казак у гэтым годзе вярнулася на сваю малую радзіму, каб у Капыльскім вопытным лясгасе прадоўжыць сямейную дынастыю лесаводаў. Зараз дзяўчына працуе памочнікам ляснічага ў Бабаўнянскім лясніцтве.

6439-1

Дзяўчына пайшла па слядах свайго бацькі Дзмітрыя Георгіевіча, які ўжо 12 гадоў працуе лесніком у Орлікаўскім лясніцтве. Дзмітрый Георгіевіч адзначаны нагрудным знакам «10 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь».

З працай лесніка Алеся знаёма яшчэ з ранняга дзяцінства, калі з татам здзяйсняла абыход лесу, а вясной уся сям’я брала ўдзел у пасадцы дрэў.

У час выбару прафесіі яна, можна сказаць, не стаяла на раздарожжы. Ураджэнка вёскі Бучаціна, акружанай лясамі, кожнае лета ў дзяцінстве хадзіла з сябрамі па ягады і грыбы і ўжо тады дапускала, што ў будучым яе прафесія бу-дзе звязана з лесам. Дзеля гэтага настойліва, крок за крокам, набывала адпаведную адукацыю. Пасля заканчэння школы па мэтавым накіраванні ад Капыльскага лясгаса паступіла на факультэт лясной гаспадаркі тэхналагічнага ўніверсітэта. Па раз-меркаванні была накіравана ў Бабаўнянскае лясніцтва.

Калектыў, які ўзначальвае ляснічы Сяргей Мікалаеўскі, на думку Алесі Дзмітрыеўны, малады, але вельмі зладжаны і прафесійны, з якім працаваць лёгка і цікава. Асаблівую ўвагу работнікі лясніцтва ўдзяляюць галоўнаму пытанню — лесааднаўленню, ахове лясных багаццяў, клапоцяцца аб эфектыўнасці вытворчасці, выкананні паказчыкаў эканоміі і якасці.

— Алеся за той непрацяглы час працы ў нашым калектыве праявіла сябе як узор адказнасці і старання, — адзначае намеснік дырэктара Капыльскага вопытнага лясгаса Таццяна Канаплянік. — Хочацца верыць, што той пазітыў, які дорыць маладому лесаводу праца, будзе суправаджаць яе на працягу ўсёй прафесійнай дзейнасці.

Дабіраецца дзяўчына на працу і назад на маршрутным аўтобусе, білеты на які аплочваюцца лясгасам. Як маладому спецыялісту штомесяц выдзяляецца матэрыяльная дапамога на аплату жылля, іншыя даплаты.

Вольны час работнікі лесагаспадарчай установы таксама імкнуцца бавіць разам. Таму арганізоўваюцца спартыўныя мерапрыемствы, паездкі на прыроду, экскурсіі. А яшчэ Алесі падабаецца вольныя хвіліны праводзіць з кнігай. Перавагу яна аддае замежнай класіцы.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *