Директор районного центра ткачества Татьяна Волкова получила почетное звание «Народный мастер Беларуси»

Актуально Чалавек і яго справа

Дырэктар раённага цэнтра ткацтва Таццяна Волкава (на здымку) стала восьмым майстрам у раёне, які атрымаў ганаровае званне «Народны майстар Беларусі».

IMG_2207 1

Рэдка бывае, што захапленні чалавека супадаюць з яго працоўнай дзейнасцю. Але сустракаюцца выпадкі, калі ўсё гэта — адзінае цэлае. І тады можна канстатаваць: чалавек знайшоў сваё месца ў жыцці. Так склалася і на жыццёвым шляху дырэктара раённага цэнтра ткацтва Таццяны Волкавай.

З самага ранняга дзяцінства дзяўчынка стала праяўляць цікавасць да творчасці. Ад матулі вучылася вязаць на прутках, потым сама асвоіла вязанне шыдэлкам. Цікава было сачыць і за заняткам бабулі, як тая прала ніткі, таму Таццяна спрабавала і сама. Ад бабулі атрымала і першыя навыкі па вышыўцы: гэта дэкаратыўныя швы і вышыўка гладдзю. А яшчэ шыла і вязала цацкі, розныя прадметы гардэроба. Таму яе творчыя работы неаднаразова экспанаваліся на школьных і раённых выставах, а таксама на выставах да дня вёскі Цімкавічы.

Працоўная дзейнасць пасля заканчэння Салігорскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа па класе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пачалася ў раённым цэнтры ткацтва аграгарадка Семежава Капыльскага раёна. Спачатку была майстрам-метадыстам, а з верасня 2012 года ўзначаліла гэту ўстанову культуры. Паколькі ткацтва — візітная картка нашага раёна, то ўся працоўная дзейнасць Таццяны Волкавай накіравана на паглыбленне цікавасці да яго адраджэння, захавання і развіцця. Спектр яе дзейнасці даволі шырокі: пошукавая, культурна-асветніцкая і прапагандысцкая работа па народным мастацкім ткацтве і вышыўцы, арганізацыя работы гурткоў па навучанні моладзі старажытнаму рамяству, выпуск сувенірнай прадукцыі, удзел у святах і конкурсах рознага кшталту.

— Як беларуска, ганаруся званнем «Народны майстар Беларусі», — кажа Таццяна Мікалаеўна. — Гэта вельмі вялікая ўзнагарода для мяне, вынік маёй самаадданай працы. За тры гады асвоіла майстэрства ткацтва на кроснах: ад пачатковага этапа снавання да запраўкі асновы і непасрэдна ткання вырабу. Сваімі настаўнікамі лічу народных майстроў Валянціну Міхайлаўну Кіеню і Валянціну Кузьмінічну Гладкую. Менавіта яны вучылі сакрэтам і тонкасцям ткацкага рамяства на кроснах. 

Што тычыцца вырабу паясоў, то пэўныя веды былі атрыманы ў 2013 годзе падчас правядзення семінараў-практыкумаў па ткацтве паясоў «на бердзечку», «на ніту» і «на дошчачках», якія праводзіла выкладчык установы адукацыі «Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў». Асартымент тканых вырабаў даволі шырокі: посцілкі, ручнікі, дарожкі, сурвэткі, дываны, паясы, закладкі для кніг, сумкі, лялькі. У сваім рамястве Таццяна абапіраецца на мясцовыя традыцыі, творча іх развівае, многія ўзоры стварае сама. У час працы за кроснамі стараецца сумяшчаць традыцыі і сучасныя тэндэнцыі. На дыванах, вытканых «у матрушкі», плывуць лебедзі, імчаць коні, каля сваіх гнёздаў стаяць буслы, ідуць ільвы, буяюць кветкі. На ручніках — традыцыйная беларуская сімволіка, рассыпаныя па тканіне зоркі і кветкі, геаметрычныя матывы, палосы.

— Пэўную частку творчасці займае ткацтва традыцыйных чырвона-белых закладных ручнікоў, якія ў 2010 годзе былі занесены ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, — дзеліцца народны майстар. — Гэта вельмі ганарова для Капыльшчыны і разам з тым накладвае вялікія абавязкі па захаванні яго для нашчадкаў.

Каб майстэрства, якое бярэ пачатак з глыбінь стагоддзяў, не перарвалася, а цягнулася ў будучае, пад кіраўніцтвам Таццяны Волкавай навыкі майстэрства ткацтва перадаюцца майстрам цэнтра і юным прыхільнікам народнага мастацтва — навучэнцам «Школы ткачоў». Для дзяцей, якія наведваюць заняткі, выкладаецца гісторыя ткацкага рамяства рэгіёну, яго адметнасці, асновы працы на станку. Са снежня 2016 года на базе цэнтра ткацтва пачала працаваць школьная бізнес-кампанія «Семежаўскія ўзоры», якая была створана і працуе для выхавання эканамічна адукаваных, падрыхтаваных да паспяховай працы ў розных галінах і сферах дзейнасці, ініцыятыўных, адказных, прадпрымальных, упэўненых у сабе і ў будучыні сваёй краіны маладых грамадзян.

А яшчэ Таццяна Волкава — актыўная ўдзельніца народнага клуба майстроў «Скарбонка», а таксама рэспубліканскіх, абласных і раённых свят, фестываляў, кірмашоў народнай творчасці.  Каб пералічыць нават пераможныя вехі шляху, які народны майстар прайшла за гэтыя гады, спатрэбілася б не адна газетная паласа. Сярод іх — гран-пры абласнога свята-конкурсу «Матчыны кросны» ў г. Старыя Дарогі і свята-конкурсу дзіцячай творчасці «Калыска талентаў» у г. Клецку, шматлікія дыпломы і ганаровыя граматы.

Хочацца спадзявацца, што менавіта дзякуючы такім апантаным людзям, якія любяць сваю справу, па парывах душы самастойна займаюцца тымі відамі народнай творчасці, што перайшлі ім у спадчыну ад старэйшых пакаленняў, будучыня застанецца за традыцыйнай культурай. Так захоўваецца і перадаецца нашчадкам родная культура, спрыт працавітых залатых рук, якія шчыра паважае наш народ.

Таццяна БОХАН



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *