Сотрудники отделения ГАИ Копыльского РОВД всегда стоят на страже соблюдения закона

Актуально Міліцэйскі веснік Навіны

Сярод тых, хто і ў будні, і ў святочныя дні пры любым надвор’і стаіць на варце выканання закона — супрацоўнікі аддзялення ДАІ Капыльскага РАУС. На іх плячах — не толькі кіцелі з пагонамі, а адказнасць за забеспячэнне бяспекі на дорогах; у руках — не проста жэзлы, а сродак, які пры пэўных абставінах здольны захаваць здароўе людзей, а часам — і іх жыццё.

▪ Міхаіл Мельнічэнка, Наталля Пратасевіч, Вадзім Мароцкі, Яўген Місючэнка, Арцём Лазоўскі
▪ Міхаіл Мельнічэнка, Наталля Пратасевіч, Вадзім Мароцкі, Яўген Місючэнка, Арцём Лазоўскі

Адной з галоўных задач супрацоўнікаў капыльскай дарожна-патрульнай службы было і застаецца павышэнне ўзроўню дарожнай бяспекі, у тым ліку і для зніжэння статыстычных паказчыкаў аварыйнасці. Бо за сухімі лічбамі — у лепшым выпадку пашкоджанне каштоўнай маёмасці, у горшым — чалавечыя жыцці і лёсы. Так, за мінулы год на тэрыторыі Капыльскага раёна зарэгістравана 10 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх 1 чалавек загінуў і 9 (у тым ліку адно дзіця) атрымалі раненні рознай ступені цяжару. Варта адзначыць, што ў 2017 годзе на Капыльшчыне лік ДТЗ і колькасць загінуўшых у іх людзей былі значна большымі. Памяншэнне «нядобрых» лічбаў — вынік рэалізацыі супрацоўнікамі аддзялення ДАІ Капыльскага РАУС цэлага шэрагу практычных мер, а таксама правядзення шматлікіх агітацыйных і прафілактычных мерапрыемстваў.

Немалы фронт работы па падтрымцы належнага ўзроўню дарожнай бяспекі выконваюць усяго 9 супрацоўнікаў. Большасць з іх, у тым ліку і начальнік аддзялення ДАІ Капыльскага РАУС маёр міліцыі Міхаіл Мельнічэнка, а таксама адзіная дзяўчына ў падраздзяленні Наталля Пратасевіч, далёка не першы год служаць у складзе органаў унутраных спраў, таму назапасілі вялікі практычны вопыт. Усе яны, нягледзячы на пасады ды званні, і днём, і ноччу нясуць службу, стараюцца забяспечыць парадак на дарогах Капыльшчыны. Як і ў любой іншай сферы, сярод супрацоўнікаў ДАІ знаходзяцца тыя, хто сваімі дысцыплінаванасцю і адказнасцю дасягаюць значных працоўных поспехаў. Так, па выніках 2018 года найлепшыя паказчыкі ў розных напрамках службовай дзейнасці ў старшага інспектара ДПС старшага лейтэнанта міліцыі Арцёма Лазоўскага і інспектара ДПС капітана міліцыі Ігара Вашэсціка.

На рахунку капыльскіх супрацоўнікаў ДАІ дзясяткі штомесячна выяўляемых парушэнняў. Аднак, убачыўшы чалавека з ярка-салатавымі ўстаўкамі на форме, не варта ўспрымаць яго як таго, чыя мэта — пакараць. Бо пробліскавыя маячкі на аўтамабілі ДПС і ўзмах паласатага жазла могуць мець наступствы толькі для тых, хто не «сябруе» з законам і чые дзеянні па розных прычынах могуць быць небяспечнымі як для самога несвядомага ўдзельніка дарожнага руху, так і для тых, хто апынецца побач.

Аксана МІХАЙЛОЎСКАЯ

Фота Паўла ШЭІНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *