Выпускники 1989-го года снова встретились в стенах средней школы №2 г. Копыля

Пошта "СП"

Першая субота лютага. Школа адчыняе свае дзверы для гасцей. І госці гэтыя – яе былыя выпускнікі, якія «на крылах памяці і сэрца» зляцеліся ў роднае гняздо, каб  зноўку сустрэцца са сваім дзяцінствам. Вось і цяпер сярэдняя школа № 2 сустракала сваіх былых выпускнікоў, а я – тых, для каго 30 гадоў таму, у 1989 годзе, прагучаў апошні званок.

kolokol

«Вы снова тут!» — словамі майго вучня Сяргея Квіткевіча вітаю сваіх юбілейных дзяцей, якіх я з рук першай настаўніцы Веры Фёдараўны Шабусавай узяла ў свой чацвёрты клас у 1979 годзе. Амаль 40 чалавек гэтай драбязы атрымалі першае выпрабаванне — двухдзённы турысцкі паход у бліжэйшы лясок, на возера. Усе цяжкасці былі пераадолены. Дзеці не здагадваліся, а я зразумела, што мне пашанцавала: у мяне будзе добры клас (так яно і атрымалася). За гэтым маленькім паходам потым былі Лавы, Нясвіж, Мінск, Мікалаеўшчына, Свіцязь… Загартоўвалася воля, вытрымка, выкарыстоўвалася пачуццё ўзаемадапамогі. Усё гэта праявілася і ў працы.

А як яны ўмелі працаваць! Толькі ў 9 класе сабралі 336 тон бульбы (па 840 кг на чалавека)! А калі класу спатрэбіліся грошы, то вырашылі іх зарабіць: апрацавалі 1,25 га цукровых буракоў, атрымалі 19 тон. Акрамя заробку, калгас яшчэ і прэміяй узнагародзіў. Гэта было ў 6 класе.

Была ў нас і культурная праграма. Не было таго прадстаўлення ў тэатрах Мінска, каб мы яго не паглядзелі. А колькі самі правялі літаратурных, музычных і іншых вечароў! Адзін вечар «Романса свежее дыханье…» чаго варты!

А вучыліся як! У выніку восем залатых і сярэбраных медалёў, амаль усе сталі студэнтамі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Гаворачы аб усім гэтым, я з удзячнасцю адзначаю вялікую ролю бацькоў у выхаванні нашых дзяцей. Без Сямёнава Паўла Васільевіча не было б тэатра, без Аляксандра Андрэевіча Сомава і Зоі Аляксандраўны Барысавай — паходаў. А тыя самыя 19 тон буракоў убіралі дзеці разам з бацькамі.  

  Для альбома «Судьба семьи в судьбе страны» дзеці, зразумела ж, разам з бацькамі сабралі цікавы матэрыял аб сваіх родных. І вось цяпер яны — самі ўжо бацькі, таты і мамы, а хто нават дзядулі і бабулі. Іх 17 чалавек, якія прымчаліся на сустрэчу з дзяцінствам.

Вось той, хто звязаў свой лёс з медыцынай. Алег Аляксандравіч Корзун — яго яшчэ ў школе называлі «наш доктар». А сёння гэта галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі траўматалогіі дарослага ўзросту, кандыдат медыцынскіх навук, доктар траўматолаг-артапед, які прафесію бацькі абраў сваёй. Мы ганарымся кандыдатам медыцынскіх навук Ігарам Паўлавічам Сямёнавым. З медыцынай звязалі свой лёс Таццяна Гаргун, Таццяна Анціпава, Ірына Холад.

Сталі настаўнікамі Ала Була (Ігнатчык), Алена Красуцкая, у дзіцячым садку выхавацелем працуе Наталля Рудніцкая.        

А наша Алёна Шкадарэвіч  —  гэта Алена Мікалаеўна Васілеўская — намеснік старшыні райвыканкама. Наталля Рымашэўская сёння галоўны спецыяліст інспекцыі па падатках, інжынер-праграміст. Прафесію ваеннага выбралі Андрэй  Сомаў, падпалкоўнік  запасу, Сяргей Малашчанка — інжынер, Алег Дземянкоў — адказны за рамонт ваеннага ўзбраення. Прадпрымальніцтвам зай-маюцца: Святлана Траццяк (Було), Таццяна Пацейка, Надзея Аніськова, Людміла Монцік, Наталля Понтус (Радкевіч), эканаміст, банкаўскі работнік Ніна Лобан (Нядзелька). У салоне прыгажосці працуе Вікторыя Варановіч (Барысава), а ў дзіцячым садзе — Зоя Ясючэня. Добрасумленна працуюць Сняжана Бурак, Генадзь Сінюк, Ніна Карэка, Надзея Карповіч, юрыст Саша Ждановіч, шафёр Слава Татарынчык, Георгій Шмірэйчык, Дзяніс Кучынскі. Недзе на прасторах Расіі стварае і выпрабоўвае свае дроны Віктар Сапешка — выпускнік МДУ імя Ламаносава. Адным словам, кожны знайшоў сябе ў гэтым жыцці.

Вельмі прыемна было пабачыцца з вамі, мае дарагія выпускнікі, убачыць, што «ты все такая же стройная, Танечка, ты стал серьезным, Андрей», па-слухаць ваш шчыры аповед пра асабістае жыццё, упэўніцца ў вашай чалавечай годнасці.

Валянціна САЎЧАНКА,

былы класны кіраўнік 10 «А» класа 1989 г.в.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *