Самопожертвование и стремление помочь ближнему: эти качества присущи членам семьи Лущицких из поселка Коловка их наследникам

2018-2020 - год малой Родины 75-летие освобождения Беларуси

Працавітасць, імкненне дапамагчы тым, каму гэта неабходна, нават рызыкуючы ўласным жыццём і дабрабытам сваіх блізкіх, — якасці характару, якія былі заўсёды ўласцівы сям’і Лушчыцкіх з пасёлка Калоўка і іх   нашчадкам.

Прыкладам самаахвярнасці і чалавекалюбства для сваіх родных заўсёды быў Аляксей Васільевіч Лушчыцкі. Паводле ўспамінаў яго сваяка пісьменніка Аляксандра Муравіцкага, Аляксей Васільевіч у гады Вялікай Айчыннай вайны быў падпольшчыкам, дапамагаў народным мсціўцам. Цікавымі падаюцца такія факты: у 1941 годзе Аляксей Васільевіч выратаваў ад знішчэння цыганскую сям’ю, у 1942-м — дапамог пазбегнуць гібелі яўрэям, якія збеглі з Капыльскага гета, праз год — выратаваў лётчыка лейтэнанта Лук’янава, які быў збіты ў раёне станцыі Цімкавічы. Чым не прыклады самаахвярнасці, улічваючы рызыку не толькі для сябе, але і для сваёй сям’і?

■ Аляксей Васільевіч Лушчыцкі на парозе роднай хаты ў п. Калоўка,80-я гады ХХ ст.
■ Аляксей Васільевіч Лушчыцкі на парозе роднай хаты ў п. Калоўка,80-я гады ХХ ст.

Увогуле біяграфія Аляксея Лушчыцкага была насычана падзеямі. Ён удзельнік Першай сусветнай вайны, пасля заканчэння ў Пскове артылерыйскіх курсаў быў старшым феерверкерам, памочнікам камандзіра ўзвода артылерыйскай разведкі на Заходнім фронце. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года вярнуўся дамоў, і яго аднавяскоўцы абралі старшынёй Раёўскага сельскага Савета.

Прыродная добразычлівасць, нават інтэлігентнасць перадаліся і яго сыну Міхаілу Аляксеевічу, якога па праве можна аднесці да ліку знакамітасцей нашага краю. Міхаіл Лушчыцкі — прафесар, доктар медыцынскіх навук, арганізатар ваенна-марской адукацыі, былы галоўны хірург Ваенна-марскога флоту СССР (1969-1973). Сёлета яму споўнілася б 100 гадоў.

■ Міхаіл Лушчыцкі
■ Міхаіл Лушчыцкі

Жыццё Міхаіла Аляксеевіча было напоўнена мноствам падзей. Яго мара стаць не проста ўрачом, а хірургам здзейснілася пасля заканчэння ваенна-марскога факультэта пры Першым Ленінградскім медыцынскім інстытуце, які пазней быў пераўтвораны ў Ваенна-марскую медыцынскую акадэмію.

Першае месца службы наваспечанага спецыяліста — Ціхаакіянскі ваенны флот, дзе яго ў жніўні 1941 года прызначылі начальнікам санітарнай службы асобнага артдывізіёна Суганскага сектара берагавой аховы, а затым ардынатарам і начальнікам хірургічнага аддзялення ваенна-марскога шпіталя № 16. Праз яго лёс прайшла і Другая сусветная  вайна, у заключнай фазе якой — вайне з Японіяй — у 1945 го-дзе ён прымаў удзел. Быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Пазней атрымаў яшчэ адну такую ж урадавую ўзнагароду, мноства медалёў.

З 1951 па 1953 год Лушчыцкі ўзначальваў 1-е хірургічнае аддзяленне Кранштацкага ваенна-марскога шпіталя. Міхаіл Аляксеевіч быў не толькі выдатным хірургам, але і не менш таленавітым педагогам. Ён працаваў выкладчыкам, старшым выкладчыкам, намеснікам начальніка ваенна-марской і шпітальнай кафедры Ваенна-медыцынскай акадэміі імя С.М. Кірава.

У гэты час айчынныя ваенна-марскія хірургі працягвалі развіваць і ўдасканальваць арганізацыю аказання хірургічнай дапамогі на флоце. У 1966 г. выходзіць у свет дапаможнік «Ваенна-марская хірургія», адным з аўтараў якога быў Міхаіл Аляксеевіч. Асаблівая ўвага ў ім была нададзена аказанню хірургічнай дапамогі на падводных лодках. Лушчыцкі па праве лічыцца заснавальнікам вучэння аб камбінаваных пашкоджаннях у ваенна-марской хірургіі.

У 1969 годзе М.А. Лушчыцкага прызначылі галоўным хірургам Ваенна-марскога флоту Савецкага Саюза. Наступныя пяць гадоў ён правёў у камандзіроўках на флатах, на вучэннях, у акіянскіх паходах. У 1972 г. атрымаў званне генерал-маёра медыцынскай службы. Праз год прызначаны начальнікам кафедры ваенна-марской і шпітальнай хірургіі, якой кіраваў да выхаду ў адстаўку ў 1986 годзе.

Лушчыцкі з’яўляецца адным з арганізатараў Гарадскога цэнтра гепатахірургіі ў бальніцы № 26 г. Ленінграда, узначальваў гэты цэнтр. Пры непасрэдным удзеле М. Лушчыцкага быў адкрыты вучэбны пункт у бальніцы № 14 (цэнтр гнойнай хірургіі горада), дзейнічалі вучэбныя базы кафедры ваенна-марской хірургіі ў бальніцы № 17 «У памяць 25 кастрычніка» і 1-м Ваенна-марскім клінічным шпіталі.

Наш зямляк унёс вялікі ўклад у тэорыю і практыку ваеннай медыцынскай навукі, развіццё ваенна-марской і неадкладнай хірургіі. Стаў аўтарам 140 навуковых і вучэбна-метадычных прац.

Але, нягледзячы на сваю вялікую занятасць, Міхаіл Аляксеевіч заўсёды знаходзіў час, каб прыехаць у Беларусь. І імкнуўся разам з жонкай Галінай Пятроўнай, дзецьмі Аляксандрам і Ірынай пабываць на Капыльшчыне кожны год. І тут, у родным доме, яго ахутвалі ўспаміны пра гады дзяцінства і юнацтва. З захапленнем ён займаўся простай сялянскай працай, якая прыносіла яму сапраўдную асалоду.

■ Галіна Пятроўна Лушчыцкая разам з дачкой Ірынай (злева), сынам Сашам  і пляменніцай Аляксандрай, 1954 год
■ Галіна Пятроўна Лушчыцкая разам з дачкой Ірынай (злева), сынам Сашам і пляменніцай Аляксандрай, 1954 год

Аднавяскоўцы заўсёды чакалі прыезду знакамітага ўрача, каб звярнуцца да яго па параду, атрымаць хірургічную кансультацыю і нават дапамогу. Не раз да яго прыязджалі землякі і ў Ленінград, і ён заўсёды рабіў усё, што мог.

Яго сын Аляксандр таксама абраў прафесію хірурга — зараз жыве і працуе ў Польшчы.

Памёр Міхаіл Аляксеевіч у 1999 годзе і пакінуў пасля сябе толькі добрую памяць.

Маргарыта САКОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *