В Слобода-Кучинской СШ учились восемь будущих воинов-интернационалистов. Среди них — Владимир Серый

Актуально Память

У Слабада-Кучынскай СШ вучыліся восем будучых воінаў-інтэрнацыяналістаў. Сярод іх — Уладзімір Серы (сябры празвалі яго Кабулам).

■ Здымак на памяць. Афганістан
■ Здымак на памяць. Афганістан

Дзяцінства Уладзіміра Сяргеевіча прайшло ў вёсцы Слабада-Кучынка. Сам з мнагадзетнай сям’і (яшчэ тры браты), бацькі працавалі ў саўгасе «Крыніца». У 1982 годзе скончыў восем класаў, затым атрымаў спецыяльнасць газаэлектразваршчыка ў Уздзенскім СПТВ № 210.

Значны ўплыў у падрыхтоўцы да арміі аказаў настаўнік фізічнага выхавання Аляксандр Канавальчык. Моцны юнак пастаянна выступаў за каманду школы па лёгкай атлетыцы, лыжных гонках і футболе. 7 лістапада 1985 года Уладзімір Серы прызваны Капыльскім РВК у рады Савецкай Арміі. Спачатку трапіў у вучэбку ўрадавай сувязі (г. Варонеж). З мая 1986 года служба прадоўжылася ў ДРА. 15 навабранцаў толькі ў самалёце Ташкент – Кабул даведаліся, у якой краіне прыйдзецца служыць. А перад гэтым была размова ў асабовым аддзеле.  Адказнікаў несці абавязак за межамі СССР не было.

■ Уладзімір Серы
■ Уладзімір Серы

…Зрабіўшы першы крок на зямлю Афганістана, маладыя салдаты адразу былі ўражаны гарамі з белымі шапкамі снегу. Хутка праехалі па вуліцах экзатычнай сталіцы і апынуліся ў прыгарадзе, дзе размяшчалася абкружаная калючым дротам в/ч 26153. У казарме стаяла гарачая ад высокай тэмпературы паветра вада ў бачках (з вярблюджымі калючкамі).  Ва ўмывальніках — вада з хлёркай. Асабістую біклагу з вадой меў кожны. Да ўсяго прыходзілася прывыкаць. Улетку — страшэнная спёка, што не дакрануцца да жалеза, пыл ад пясчаных бур забіваў усе складкі адзення і вочы. Былі і выпадкі дызентэрыі. Калі атрымоўвалі новае абмундзіраванне, вымочвалі ў вадзе з хлёркай, каб надаць белы колер (менш прыцягвала сонечныя промні).

■ Уладзімір падчас службы ў Кабуле
■ Уладзімір падчас службы ў Кабуле

У падраздзяленні займаліся рамонтам ваеннай тэхнікі (у асноўным КамАЗаў), якую дастаўлялі пасля абстрэлаў, падрываў і баёў. Радавы Серы зварваў дзверы, кузавы, днішчы. Узмацнялі бамперы: абады з-пад колаў абцягвалі гумай з пакрышак і замацоўвалі спераду на аўтамашынах для змякчэння ўдараў.

Служба ў далёкай краіне трымала бацькоўскія сэрцы ў трывозе. У сваіх лістах да родных Уладзімір прасіў не хвалявацца, бо выконвае інтэрнацыянальны абавязак як і ўсе аднагодкі. Побач з ім землякі: аднакласнік Ігар Лазоўскі з Падгорцаў, Сяргей Салаўёў са Слуцка.  Яго бабуля Браніслава Канстанцінаўна Серая з вёскі Лоцвіны, даведаўшыся, дзе знаходзіцца ўнук, звярнулася да камандавання з просьбай пераслаць абраз Божай Маці маладому воіну. Гэты амулет стаў для савецкага воіна непараўнальна нечым большым, чым усе атрыманыя знакі, падзякі і ўзнагароды. Святы лік ён трымаў у ваенным білеце побач з сэрцам 18 месяцаў і перадаў яго маладому салдату, які заняў яго месца на службе.

Запомнілася сустрэча новага 1987 года. Як па заказе выпаў снег. Хоць і растаў праз 20 хвілін, усе радаваліся як дзеці. У снежні таго ж года Уладзімір Серы звольніўся ў запас. Вяртаўся праз Ташкент і Маскву. Дамоў прыйшлося ехаць на таксі, таму што цягнік прыбыў позна ноччу ў Мінск. Папрасіў вадзіцеля правезці па вуліцах роднай вёскі, якая яму часта прыходзіла ў снах. Вось і сустрэча з маці. Пастукаў у дзверы.

— Хто там? — папытала маці Соф’я Міхайлаўна і не хацела пускаць начнога госця.

— Гэта Валодзя, Ваш сын.

— Мой сын у арміі! — знянацку не паверыла жанчына.

Затым з’явіліся слёзы радасці.

Праз 30 гадоў пасля службы ў Афганістане Уладзімір прыйшоў да высновы:

— Не шкадую, што служыў у арміі. Там яшчэ больш умацавалася любоў да Радзімы, якая цябе выхавала, навучыла паважаць людзей і цаніць простае мужчынскае сяброўства. Але гэта вайна не патрэбна была нашай краіне.

За выкананне свайго воінскага абавязку Уладзімір Серы адзначаны граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, медалём «Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа», юбілейнымі ўзнагародамі.

Барыс Дзенісюк,

член ГА «Беларускі саюз журналістаў»



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *