В Копыльском районе проходит обследование пожарной безопасности пожилых людей

Актуально Закон. Безопасность

На кантролі бяспека кожнага з нас, і асабліва тых людзей, якія самі не заўсёды належным чынам могуць надаць ёй увагу. Таму супрацоўнікі зацікаўленых службаў дапамагаюць састарэлым, адзінокім і адзінока пражываючым людзям, шматдзетным сем’ям знайсці і паправіць магчымыя недарэчнасці ў сістэме пажарнай бяспекі, каб захаваць жыццё.

■ Ніне Васільеўне Лабазевіч пра пажарную бяспеку расказваюць Андрэй Мацейка і Марыя Матарас
■ Ніне Васільеўне Лабазевіч пра пажарную бяспеку расказваюць Андрэй Мацейка і Марыя Матарас

На вуліцы зіма, надвор’е вымушае нас рабіць сваё жыллё цёплым і ўтульным. А для гэтага неабходна печка або якая-небудзь іншая сістэма ацяплення. Толькі патрэбна сачыць за яе станам.

Вёска Мацкевічы. Сюды, каб дапамагчы жыхарам вызначыць недахопы, прыехалі супрацоўнікі Капыльскіх ТЦСАН і РАНС. У доме Ніны Васільеўны Лабазевіч цёпла ад добра напаленай печкі. Жанчына, нягледзячы на свой паважаны ўзрост (ёй ні многа ні мала, а ўсе 85), сочыць за парадкам у хаце. Сыны жывуць далёка: адзін у Самары, другі ў Мінску. Таму жанчына сама павінна надаваць больш увагі сваёй бяспецы. І гэта ёй удаецца: аўтаномны пажарны апавяшчальнік спраўны, у добрым стане і печка. Галоўны спецыяліст  інспекцыі нагляду і прафілактыкі Капыльскага РАНС Андрэй Мацейка яшчэ раз нагадвае асноўныя правілы пажарнай бяспекі, дае бабулі рознакаляровыя лістоўкі на гэтую ж тэматыку.  

Да дома Соф’і Іванаўны і Сямёна Сільвестравіча Сямашкаў вядзе расчышчаная дарожка. У хаце ўсё таксама ў належным стане. За парадкам дапамагае глядзець дачка падчас сваіх візітаў. Спецыялісты Капыльскага ТЦСАН Таццяна Раковіч і Марыя Матарас цікавяцца, ці назапасілі бабуля з дзядулем паліва, ці дапамагае ім сацыяльны работнік. На ўсялякі выпадак на стале ў сям’і Сямашкаў застаюцца тэматычныя памяткі.

■ Марыя Сцяпанаўна Лапотка з вёскі Мацкевічы прыветліва сустракае супрацоўнікаў Капыльскага ТЦСАН і РАНС: у яе хаце ўсё ў парадку
■ Марыя Сцяпанаўна Лапотка з вёскі Мацкевічы прыветліва сустракае супрацоўнікаў Капыльскага ТЦСАН і РАНС: у яе хаце ўсё ў парадку

Таксама ўсё добра ў хатах Марыі Сцяпанаўны Лапоткі і Раісы Васільеўны Касцялей. Абедзвюм жанчынам ужо за 80, таму сачыць за станам пячнога і супрацьпажарнага абсталявання ім дапамагаюць дзеці.

Соф’я Іванаўна Міхалковіч — маці воіна-інтэрнацыяналіста, які загінуў у Афганістане. За шклом сярод іншых — і чорна-белы здымак Гена-дзя, якому назаўсёды так і засталося 20… Але за жанчынай даглядаюць астатнія трое сыноў, дарэчы, будаўнікі, таму і печка, і электрычная праводка, і АПА — усё ў належным стане.

Наведвальнікаў дома Малеяў сустракае вясёлы сабачы брэх: гэта хатні гадаванец Муха радуецца гасцям. На сценах — шмат фотаздымкаў сваякоў, амаль уся гісторыя сям’і. Тамара Аляксандраўна і Уладзімір Уладзіміравіч ахвотна паказваюць печку, АПА, якія знаходзяцца ў кожным пакоі. Словам, за сваёй бяспекай гаспадары сочаць старанна.  

Хата Веры Андрэеўны Сямашкі, 1939 года нараджэння, — сапраўдны музей. Тут шмат рознакаляровых вышыванак і чырвона-белых семежаўскіх «тканак». І не дзіва — жанчына нарадзілася ў названай вёсцы, а рукадзеллю яе даўным-даўно навучыла матуля. На стале — выпускі «Слава працы», якую Вера Андрэеўна выпісвае на працягу ўсяго жыцця і зараз чытае з ахвотай.

— У газеце мне ўсё падабаецца, шмат цікавых допісаў змешчана на яе старонках, — дзеліцца ўражаннямі бабуля.

Зноў-такі Андрэй Мацейка і сацыяльныя работнікі нагадваюць пра асноўныя правілы пажарнай бяспекі, а каб падчас розных надзвычайных здарэнняў пенсіянерка  не разгубілася, даюць ёй памяткі-кніжачкі.

І толькі так, наведаўшы кожную хату, дзе жывуць людзі, якія патрабуюць да сябе ўвагі, можна прадухіліць магчымасць розных здарэнняў. Агонь бесклапотнасці не даруе.

 

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *