Анатолий Иосифович и Анна Александровна Казак из Копыля почти 45 лет вместе

Сям'я

Вельмі абрадавалася капылянка Ганна Аляксандраўна Казак, калі даведалася, што народны інструментальны ансамбль «Нясвіжскія лыжкары», у якім займаецца ўнук Аляксандр, амаль напярэдадні яе асабістага 65-гадовага юбілею, атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Беларусі. Вось такі падарунак для бабулі!

■ Ганна Аляксандраўна і Анатоль Іосіфавіч: з цеплынёю адзін да аднаго
■ Ганна Аляксандраўна і Анатоль Іосіфавіч: з цеплынёю адзін да аднаго

Разам з ёю радасную падзею шчыра перажываў і муж Анатоль Іосіфавіч, які і зараз, пражыўшы амаль 45 гадоў разам, вельмі цёпла ставіцца да сваёй адзінай. А ў адказ атрымоўвае клопат, вясёлую ўсмешку і прасякнутыя шчырасцю жарты ды вясёлы смех. Што дапамагае быць разам на працягу столькіх гадоў?

— Толькі каханне, — упэўнена Ганна Аляксандраўна, — ніякія жаль або спачуванне не змогуць вытрымаць жыццёвыя выпрабаванні. — І ў нас у жыцці ўсяго было: і добрага, і не вельмі, але мы справіліся.

■ Шчаслівы момант шлюбу 22 чэрвеня 1974 года
■ Шчаслівы момант шлюбу 22 чэрвеня 1974 года

Пераадолець шматлікія перашкоды Ганне Аляксандраўне Казак дапамагла вера, якая займае ў жыцці асобнае месца. Яшчэ ў дзяцінстве яе хрысцілі ў нясвіжскім касцёле. Шчырае стаўленне да ўсяго, што звязана з імем Пана, яна пранясла праз усё жыццё. На працягу многіх гадоў ва ўтульнай цёплай хаце Ганны Аляксандраўны і Анатоля Іосіфавіча жывуць святары, якія прыязджаюць на службу ў касцёл святых Пятра і Паўла ў Капылі. А сама жанчына дапамагае ім весці неабходную фінансавую дакументацыю.

Тры гады таму Ганна Аляксандраўна і Анатоль Іосіфавіч павянчаліся ў касцёле.

■ Саша Казак (справа) у складзе «Нясвіжскіх лыжкароў»
■ Саша Казак (справа) у складзе «Нясвіжскіх лыжкароў»

— Я за ўсіх малюся, — сціпла гаворыць жанчына.але разумееш, што за гэтымі словамі стаіць вялікая духоўная праца, якая вялася на працягу ўсяго жыцця і дапамагла прайсці праз розныя выпрабаванні.

А іх у кожнага нямала. Ганна Бушук нарадзілася і вырасла ў Якубавічах у шматдзетнай сям’і, дзе акрамя яе гадавалася пяцёра дзетак. Бацькі — звычайныя працаўнікі. У 1958 годзе, калі дзяўчынцы споўнілася чатыры гадкі, сям’я пераехала ў Кацельнікі. Там Ганна і пайшла ў пачатковую школу, дзе не толькі грамаце і лічбам, але і правільнаму стаўленню да жыцця вучыла Маісеева Ганна Адамаўна. У знак вялікай падзякі за ўрокі дабрыні Ганна Аляксандраўна ўсё жыццё шчыра ўзносіць малітвы за любімую настаўніцу.

■ На вясковай вуліцы - вяселле Казакоў. Уперадзе - музыканты з Душава
■ На вясковай вуліцы — вяселле Казакоў. Уперадзе — музыканты з Душава

Потым былі вучоба ў СШ № 1 г. Капыля і курсы прадаўцоў, пасля заканчэння якіх пэўны час працавала ў магазіне. У жыцці нічога не бывае выпадковага, сёння ўпэўнена Ганна Аляксандраўна. Менавіта работа ў магазіне дапамагла сустрэць свайго адзінага. Анатоль Іосіфавіч Казак — добры будаўнік — працаваў у родным калгасе «Прагрэс». Сюды ж, у Кудзінавічы, направілі замяніць прадаўца на час працоўнага водпуску Ганну Аляксандраўну. Знаёмства адбылося на новы год, а праз шэсць месяцаў, 22 чэрвеня 1974 года, ажаніліся. Распісаліся ў Пацейкаўскім сельвыканкаме, а вось вяселле гулялі не адзін дзень… Спачатку ў Кацельніках у бацькоў дзяўчыны, потым у Кудзінавічах у маладога. Больш за 100 чалавек гасцей з боку нявесты прыйшлі ў суботу ў яе бацькоўскую хату, дзе былі накрыты святочныя сталы. Сабраліся ўсе сваякі. З Душава запрасілі музыкантаў — духавы аркестр. З сумкай смачнай ежы і напояў, якімі потым частавалі гасцей, прыехалі хросныя і сваты з боку Анатоля. Гэта называлася прывезці бацькоўскі хлеб. Таты і мамы маладога там не было. На другі дзень, у нядзелю, вяселле «пераехала» ў Кудзінавічы, але ўжо без бацькоў Ганны на гэтай частцы свята. Вось такі быў звычай. 

Увесь наступны пасля вяселля тыдзень маладая жонка не магла наведаць сваіх маму і тату: па традыцыі ў гэты час яна павінна была жыць у свёкра і свекрыві. Толькі ў наступныя выхадныя ўсе сваякі Анатоля паехалі ў Кацельнікі да бацькоў Ганны — «на пірагі». Яшчэ праз тыдзень тата і мама маладога мужа сустракалі сваякоў Ганны.

Першы час жылі ў бацькоў мужа. Свой дом пачалі будаваць у 75-м годзе ў Капылі. Амаль усю работу выконвалі сам Анатоль і яго тата — таксама выдатны будаўнік. Хутка сям’я пераехала ў новую хату. Гаспадар пайшоў працаваць у раённы будаўнічы ўчастак. Нарадзіўся сынок Толік. Муж, які гадаваўся ў шматдзетнай сям’і (дзявяцера малых па лаўках), вырашыў: хопіць аднаго, няхай яму лягчэй будзе.

І зноў у лёс жанчыны ўмяшаўся Яго Вялікасць Выпадак. Аднойчы Ганна Аляксандраўна ішла па вуліцы. Насустрач ёй рухаўся тагачасны дырэктар «сберкассы» Прыміч Уладзімір Іосіфавіч, з дачкой якога на кватэры ў Пацейках жыла Ганна.

— Давай да нас, у «сберкассу», працаваць, — прапанаваў Уладзімір Іосіфавіч.

— Не, — адказала жанчына, — адукацыі ў мяне мала.

— Лічыльнікі ведаеш? А лічбы? Ну то і добра. Астатняму навучым.

Праз тыдзень прыехала бухгалтар Марыя Паўлаўна Кубрак і ўгаварыла-такі змяніць месца працы. З тае пары лёс Ганны Аляксандраўны быў звязаны з Беларусбанкам — менавіта так пазней стала называцца «сберкасса». Каб атрымаць неабходную адукацыю, скончыла Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум. Любімай працы Ганна Казак аддавала амаль усе сілы. Стараннасць і неабыякавасць дапамаглі заняць пасаду галоўнага бухгалтара, з якой і пайшла на заслужаны адпачынак у 2009 годзе.

Але без працы сядзець — гэта не ў характары Ганны Аляксандраўны. Яе няўрымслівасць і актыўная жыццёвая пазіцыя спатрэбіліся ў раённым Савеце ветэранаў, дзе жанчына працуе адказным сакратаром. Разам з яго старшынёй Казімірай Мікалаеўнай Ганчар дапамагае арганізоўваць мерапрыемствы, афармляе дакументацыю. 

Калі гаворыш з Ганнай Казак, нібы атрымоўваеш зарад добрай жыццёвай энергіі. А позірк Анатоля Іосіфавіча, якім ён адорвае жонку, пацвярджае: каханне існуе. Але яго трэба ўмець захаваць і пранесці праз усё жыццё, нягледзячы ні на якія выпрабаванні.

Дзіяна ТКАЧЭНКА

Фота аўтара і з сямейнага архіва Казакоў



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *