Роман Волков из Семежева — один из призеров XXII Республиканской выставки-конкурса «Калядная зорка»

Актуально Культура

Цудоўная работа з саломы «Калядны павук», якую выканаў пяцікласнік Семежаўскага ВПК д/с – СШ імя М.С. Высоцкага Раман Волкаў, узнагароджана Дыпломам  I ступені ў намінацыі «Арт-аб’ект» XXII Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў «Калядная зорка».

■ Таццяна Мікалаеўна Волкава і Раман
■ Таццяна Мікалаеўна Волкава і Раман

— Мне вельмі прыемна, што мы разам з педагогам дадатковай адукацыі Таццянай Мікалаеўнай Волкавай атрымалі такую высокую ўзнагароду, — дзеліцца ўражаннямі Раман. — Я наведваю аб’яднанне па інтарэсах «Самі майстры», і там мы робім розныя прыгожыя рэчы. Ідэю стварэння менавіта народнага абярэга, якім і з’яўляецца «Калядны павук», мне падказала Таццяна Мікалаеўна. Каб зрабіць яго, мы пачалі нарыхтоўваць салому яшчэ летам. Потым пакрыху збіралі саламяны каркас, анёлаў, іншыя элементы. Сам павук выкананы ў форме зоркі ў тэхніцы саломапляцення.

— Так, сам працэс стварэння «Каляднага павука» заняў крыху больш за месяц, — працягвае размову Таццяна Мікалаеўна. — Дарэчы, мы ўжо былі  прызёрамі «Каляднай зоркі» ў 2017 годзе. На гэтым конкурсе ўсе творы аб’яднаны адной — каляднай — тэмай. А зараз мы рыхтуемся да ўдзелу ў конкурсе «Калыска талентаў», які пройдзе ў чэрвені. І там тэматыка работ шырэйшая.

Традыцыйная рэспубліканская выстава-конкурс «Калядная зорка» аб’ядноўвае таленавітых навучэнцаў і педагогаў з усіх рэгіёнаў краіны, знаёміць з дзейнасцю лепшых творчых калектываў. У праекце штогод прымае ўдзел вялікая колькасць дзяцей і моладзі. Толькі ў гэтым годзе на рэспубліканскі этап выставы-конкурсу «Калядная зорка» было прадстаўлена больш за 500 работ. Урачыстая цырымонія ўзнагароджвання адбылася ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *